Перайсьці да зьместу

Паша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Каровы на выпасе ў Шумілінскім раёне Беларусі

Па́ша, вы́пас, або вы́ган, часам па́сьвішча (па-старабеларуску: паствиско) — зямельныя ўгодзьдзі, травастой якіх выкарыстоўваецца для выпасу жывёлаў; адна з асноўных крыніцаў высокапрадукцыйнага і таннага корму для сельскагаспадарчых жывёл.

Адрозьніваюць пашу прыродную (натуральную) і сеяную (палепшаную, ці штучную). У расьлінным покрыве натуральнай пашы пераважаюць дзікарослыя травы: злакавыя, асокі, разнатраўе. Палепшаную пашу ствараюць шляхам адмысловайай сяўбы бабова-злакавых ці злакавых пашавых сумесей траў. Звычайна паша займае сухадольныя ці нізінныя месцы, участкі поймавых лугоў і неасвоеных нізінных балот з натуральным травастоем. Прадукцыйнасьць прыроднай пашы нізкая (у 3—5 разоў ніжэй за сеяную), павышаюць яе асушэньнем, культуртэхнічнымі работамі і іншымі аграмэліярацыйнымі работамі; вапнаваньнем, выкарыстаньнем угнаеньняў, падкошваньнем, падсевам траў, арашэньнем, аховай ад перавыпасу.