Вікіпедыя:Старонкі размоў

У кожнага артыкула ёсць старонка размоў, на яе можна перайсці па ўкладцы «размовы» угары. На гэтай старонцы ўдзельнікі каардынуюць працу па стварэнні, паляпшэнні зместу і якасці артыкула. Асабліва важна гэта пры магчымай вайне правак. Свае старонкі размоў таксама ёсць у іншых старонак Вікіпедыі, усе яны знаходзяцца ў прасторах з няцотным кодам. Размовы, якія не тычацца пэўнай старонкі, звычайна, вядуцца на старонках у прасторы «Вікіпедыя:» — напрыклад, на форуме.

Правілы размоў

правіць

Старонка размоў артыкула не павінна выкарыстоўвацца як форум для пабочных размоў пра прадмет артыкула або для выкладання асабістых поглядаў удзельнікаў, бо змест артыкула павінен грунтавацца на аўтарытэтных крыніцах.

У размовах не дапушчальны абразы, пагрозы і пераходы на асобу апанента. Калі ласка, выказвайцеся пра артыкулы, а не аўтараў.

Выкарыстанне ненарматыўнай і лаянкавай лексікі дапушчальна толькі на старонках размоў артыкулаў пра такую лексіку.

У Вікіпедыі, як і ўсюды, не варта ўдавацца ў бессэнсоўныя спрэчкі — памятайце пра мэту размовы пра артыкул: якасць і верагоднасць яго энцыклапедычнага зместу. Спрэчкі звычайна вырашаюцца дасягненнем кансэнсусу.

Не варта змяняць тэкст чужых паведамленняў. Для змены ўласных паведамленняў пажадана карыстацца <s>закрэсліваннем</s>.

Свае паведамленні на старонках размоў абавязкова падпісвайце.

Структура старонкі

правіць
== Тэма 1 ==
...
...

== Тэма 2 ==
...

Старонка размоў складаецца з асобных частак — «тэм размоў», таксама званых «галінамі». Тэмы ствараюцца аўтаматычна з дапамогай загалоўкаў, якія аформлены з дапамогай вікіразметкі сімваламі «=» (падрабязней).

Стварэнне тэмы

правіць

Звычайна новыя тэмы дадаюцца знізу з дапамогай укладкі «дадаць тэму» (або «+» у некаторых варыянтах афармлення), а для загалоўка тэмы ёсць асобнае поле «тэма/загаловак». Аднак на старонках форума і некаторых іншых новыя тэмы дадаюцца зверху, і ў акне правак даводзіцца ўручную дадаваць «== загаловак ==».

Загаловак павінен коратка адлюстроўваць сутнасць пачатай размовы. Не ўжывайце бессэнсоўных загалоўкаў — «пытанне», «каментар» і падобныя. Не ўжывайце ў загалоўках шаблоны.

Праўка тэмы

правіць

Для дадавання паведамлення ў існую тэму трэба націснуць спасылку [правіць] справа ад загалоўка. Пры гэтым тэкст загалоўка аўтаматычна дадаецца ў поле апісання праўкі паміж /* і */. Пасля запісу праўкі MediaWiki аўтаматычна пераўтворыць гэта ў спасылку на частку з такой назвай.

На некаторых старонках (напрыклад «Вікіпедыя:Запыты да адміністратараў») непажадана пачынаць праўку са службовага падраздзелу «Вынік», бо спасылка на частку ў апісанні праўкі робіцца бескарыснай.

Афармленне паведамленняў

правіць
Рэпліка [[user:Хтосьці|Хтосьці]] 18:40, 10 жніўня 2008 (UTC)
: Адказ. [[user:Хтосьці 2|Хтосьці 2]] 18:40, 10 жніўня 2008 (UTC)
:: Яшчэ адказ. ~~~~

Сваё паведамленне варта дадаваць з новага радка ў самым канцы існай тэмы. Пры гэтым варта з дапамогай двукроп’яў павялічыць водступ злева ў параўнанні з папярэднім паведамленнем. У тым выпадку, калі водступ папярэдняга паведамлення вельмі вялікі, можна зноў перайсці да левага краю без водступаў (для пазначэння такога пераходу можна ўжываць шаблон {{Адступленне}}, які стварае такую лінію: ┌──┘).

Калі вы хочаце дадаць паведамленне ў сярэдзіну тэмы, варта дадаткова павялічыць водступ, каб не было ўражання, што наступная (ужо напісаная) рэпліка з’яўляецца адказам на вашу. Альтэрнатыўным варыянтам з'яўляецца дадаванне паведамлення ў самым нізе, але з пазнакай, каму вы адказваеце.