Перайсці да зместу

Сіманія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сімані́я (грэч. σιμωνία, лац.: simonia) — продаж і купля царкоўных пасад, духоўнага сану, царкоўных таінстваў і свяшчэннадзействаў (прычасце, споведзь, адпяванне), свяшчэнных рэліквій і г.д. У шырокім сэнсе сіманія — продаж ласкі Святога Духу.

Паходжанне тэрміна

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін узнік ад імя самаранскага вешчуна Сымона, які спрабаваў выкупіць у апостала Пятра і апостала Яна дар (ласку) Святога Духу або, іншымі словамі, купіць за грошы святарства.

Сусветная царква і Візантыя

[правіць | правіць зыходнік]

Сіманія была забаронена яшчэ правіламі Усяленскіх сабораў: 29-м правілам святых апосталаў, 2-м правілам 4 Усяленскага сабору , 22-м і 23-м правіламі 6 Усяленскага сабору , 4-м і 5-м правіламі 7 Усяленскага сабору, 90-м правілам Васіля Вялікага. Паводле гэтых правіл тых, хто гандлюе боскай ласкай, трэба не толькі пазбаўляць святарства, але і адлучаць ад адносін і нават аддаваць анафеме.

У канон Царквы ўвайшлі два пасланні, у якіх выкрываецца грэх сіманіі: Акруговае пасланне Генадзя, патрыярха Канстанцінопальскага, і з ім Святога сабору, да ўсіх правялебных мітрапалітаў і да Папы Рымскага (459)[1] і Пасланне Тарасія, найсвяцейшага патрыярха Канстанцінопаля, да Адрыяна, Папы Рымскага (787)[2].

У Сярэднявеччнай Еўропе ў сувязі з барацьбой за інвестытуру сіманія разумелася як выдача царкоўнай пасады свецкай асобай, за грошы або бясплатна (напрыклад, прызначэнне біскупа каралём). Нягледзячы на тое, што ўжо на сінодзе 1059-60 гг. Папа Мікалай II пазначыў сіманію як «трайную ерась» (асобу, якая атрымала царкоўную пасаду шляхам сіманіі, трэба было пазбавіць сану), а затым забарона яе была пацверджана Другім Латэранскім (1139) і Трэцім Латэранскім (1179) саборамі, сіманія на Захадзе працягвала практыкавацца, дасягнуўшы апагею ў канцы XV — пачатку XVI стагоддзяў. Папа Інакенцій VIII, які ўзыйшоў на прастол дзякуючы сіманіі, праславіўся паляваннем на ведзьмаў і падтрымкай інквізіцыі, як і тым, што супраць яго (і ў прыватнасці, супраць сіманіі) выступаў харызматычны Джыралама Саванарола. Наступны Папа Аляксандр VI таксама атрымаў сваю высокую пасаду дзякуючы інтрыгам і сіманіі ў канклаве. Каталіцкая сіманія лічыцца найважнейшай і непасрэднай перадумовай узнікнення пратэстнага руху ў хрысціянстве XVI ст. — пратэстанцтва.

Канчаткова і рашуча сіманія была асуджана каталіцкай царквой на Трыдэнцкім саборы ў 1545-63 гг.

Зноскі