Перайсці да зместу

УАЗ-469

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з УАЗ-469Б)
УАЗ-469
Вытворца Сцяг СССР Сцяг Расіі УАЗ
Гады выпуску УАЗ-469/469Б : 19721985
УАЗ-3151/31512 : 19852003
Храналогія
ГАЗ-69 / ГАЗ-69А УАЗ Хантэр
Фотагалерэя на Wikimedia Commons УАЗ-469 на Вікісховішчы

УАЗ-469, УАЗ-469Б (пасля 1985 года — УАЗ-3151 і 31512 адпаведна) — аўтамабіль падвышанай праходнасці. Пачынаючы з сярэдзіны 1970-х — асноўны лёгкі шматмэтавы аўтамабіль у Савецкай Арміі[1].

З 1972 па 2003 год было выпушчана 1,8 млн аўтамабіляў УАЗ-469/469Б/3151/31512/31514[2]. Выпуск мадэрнізаванай версіі — УАЗ Хантэр — працягваецца дагэтуль.

УАЗ-469 / УАЗ-469Б

[правіць | правіць зыходнік]

Праектаванне новага сямейства легкавых пазадарожнікаў пачалося ў 1958 годзе. Было вырашана прапрацоўваць два варыянты аўтамабіля: цывільны УАЗ-460Б з залежнай рысорнай падвескай і ваенны УАЗ-469 з незалежнай падвескай на падвойных папярочных рычагах і падоўжных тарсіёнах. УАЗ-469 камплектаваўся аднаступеневымі колавымі рэдуктарамі, на яго ўсталявалі больш магутны верхняклапанны рухавік ГАЗ-21 (75 к.с.) і чатырохступеньчатую каробку перадач. УАЗ-460Б быў прасцей і базаваўся на агрэгатах, уніфікаваных з ГАЗ-69. Ад ваеннай мадыфікацыі ён адрозніваўся менш магутным рухавіком (70 к.с.), рысорнай падвескай і адсутнасцю колавых рэдуктараў ў мастах[3].

Хадавыя доследныя ўзоры УАЗ-469 і УАЗ-460Б пабудавалі ў 1960 годзе. Параўнальныя выпрабаванні паказалі станоўчы ўплыў колавых рэдуктараў УАЗ-469 на праходнасць, але ад незалежнай тарсіённай падвескі адмовіліся — яна атрымалася складанай і ненадзейнай у эксплуатацыі.

У 1961 годзе з’явіўся ўдасканалены варыянт аўтамабіля УАЗ-469, з рэдуктарнымі мастамі на рысорнай падвесцы. Дзяржаўныя выпрабаванні УАЗ-469 паспяхова прайшоў ў 1964 годзе і ўжо разглядалася пытанне аб хуткім запуску машыны ў серыйную вытворчасць. А замест УАЗ-460Б з’явіўся УАЗ-469Б, які адрозніваўся ад УАЗ-469 толькі адсутнасцю колавых рэдуктараў на мастах.

УАЗ-469Б з абноўленай (злева) і старой (справа) святлатэхнікай

Запуск у серыйную вытворчасць новых аўтамабіляў доўга адкладаўся, то з-за адсутнасці неабходнай колькасці 75-моцных матораў (іх вытворчасць у дастатковай колькасці на Ўльянаўскім маторным заводзе наладзілі толькі ў канцы 1969), то з-за затрымак з вылучэннем грошай з боку Міністэрства аўтамабільнай прамысловасці. Толькі 15 снежня 1972 года[4] з галоўнага канвеера сышла першая партыя аўтамабіляў УАЗ-469Б — гэтая мадыфікацыя мела масты ўніфікаваныя з мастамі УАЗ-452, што спрасціла яе пастаноўку ў вытворчасць. У наступным годзе пайшоў ў вытворчасць і «ваенны» УАЗ-469 з мастамі з колавымі рэдуктарамі.

У жніўні 1974 года тры стандартныя УАЗ-469Б здзейснілі ўзыходжанне на Эльбрус на вышыню 4000 метраў над узроўнем мора. Аўтамабілі выйшлі на Эльбрускі ледавік па маршруце «пасёлак Цярскол — пік Цярскол — пікет №105 — Лядовая база», які пераадолелі за 38 хвілін[5].

У 1980 годзе аўтамабіль перажыў мадэрнізацыю. Памянялася святлатэхніка — з’явіліся новыя паказальнікі паваротаў спераду і новыя заднія ліхтары, дадатковыя бакавыя паказальнікі паваротаў, ліхтар асвятлення нумарнога знака і ліхтар задняга ходу.[6] Рычажныя амартызатары замененыя тэлескапічнымі. Больш мяккімі сталі заднія рысоры аўтамабіляў УАЗ-469Б і УАЗ-469БГ. У рулявым кіраванні з’явіліся разрэзная калонка. У салоне — люстэрка задняга віду з супрацьасляпляльнай прыладай.

УАЗ-3151 / УАЗ-31512 / УАЗ-31514

[правіць | правіць зыходнік]
{{{box_caption}}}
{{{box_caption}}}
УАЗ-3151

У 1985 годзе аўтамабіль быў мадэрнізаваны — быў усталяваны больш магутны рухавік (спачатку 77 к.с., а са студзеня 1986 года — 80 к.с.); каробка перадач, з сінхранізатарамі на ўсіх перадачах пярэдняга ходу; узмацняльнік тормазаў; ужыты шэраг іншых новаўвядзенняў. Змяніліся і пазначэнні аўтамабіляў: УАЗ-469 (з колавымі рэдуктарамі, экранаваным электраабсталяваннем і перадпускавым падагравальнікам рухавіка) атрымаў індэкс УАЗ-3151[7], мадыфікацыя УАЗ-469Б (без рэдуктараў, з неэкранаваным электраабсталяваннем і без перадпускавога падагравальніка) — УАЗ-31512[7].

Статыстыка вытворчасці УАЗ-3151 і мадыфікацый у 1986—1994 гады
1986[8] 1987[9] 1988[10] 1989[11] 1990[12] 1991[13] 1992[14] 1993[15] 1994[16]
52 911 53 471 54 259 52 715 53 450 52 491 51 500 57 604 53 178
УАЗ-31514

У 1993 годзе быў пачаты выпуск мадыфікацыі з металічным дахам — УАЗ-31514[4]. Пашырэнне шэрагу мадыфікацый прадугледжвала камплектацыю аўтамабіля новымі рухавікамі і спружыннай пярэдняй падвескай (УАЗ-3151*-10)[17]. Усяго ў сямейства УАЗ-31514 уваходзіла пятнаццаць варыянтаў аўтамабіляў з мастамі тыпу УАЗ-469Б і шэсць варыянтаў з рэдуктарнымі мастамі УАЗ-469. Мадыфікацыя, аснашчаная рухавіком аб’ёмам 2,89 л (а таксама і сядзеннямі палепшанай камфортнасці з абіўкай з тканіны), атрымала індэкс 31519.

20 лістапада 2003 года з канвеера сышоў апошні аўтамабіль УАЗ-31512[2][4], на змену якому прыйшоў УАЗ Хантэр.

Кузаў аўтамабіля — адкрыты, чатырохдзвярны, з заднім адкідным бортам і са здымным тэнтам (УАЗ-31514, УАЗ-31519 — з металічным дахам). На мадыфікацыях УАЗ-31514-020 (цывільныя масты) і УАЗ-31514-030 (масты з бартавымі редуктарамі) усталёўваўся дах не з метала, а пластыку.

Ніжнія паловы дзвярэй уніфікаваны: пярэднія з заднімі, а здымныя верхнія паловы — правая пярэдняя з левай задняй і наадварот. За савецкім часам, калі аўтамабілі не прадаваліся індывідуальным уладальнікам, дзверы аўтамабіля не камплектаваліся замыканымі на ключ замкамі і ўнутраным замком капота[3].

Адкідны задні борт мог выкарыстоўвацца як працяг падлогі кузава пры перавозцы доўгамерных грузаў. Для гэтага ён меў трывалыя абмежавальнікі, а запасное кола разам з кранштэйнам лёгка дэмантавалася і ўкладвалася ў аўтамабілі.

УАЗ-31514 атрымаў замкі дзвярэй і капота. У салоне ўсталявалі новыя рэгуляваныя сядзенні з падгалоўнікамі, з’явілася абіўка столі, дзвярэй і падлогі. Дыван на падлозе выраблены суцэльным і для таго, каб вынуць яго, трэба дэматаваць сядзенні. Машыны 1990-х гадоў выпуска яшчэ мелі лабавую шыбу з дзвюх паловаў і верхняе размяшчэнне шклоачышчальніка як на УАЗ-31512. Пазней ветравая шыба стала суцэльнай, а шклоачышчальнік стаў мацавацца знізу.

Рама аўтамабіля — штампаваная, з ліставой сталі, зварная. Складаецца з двух ланжэронаў злучаных пяццю папярочкамі. Адрозненне рамы ваеннай і цывільнай версіі заключалася ў розных тыпах буксірнага прыбора. У вайсковай версіі ён быў абсталяваны пругкім элементам для кампенсацыі ўдараў пры буксіроўцы прычэпа і здольны круціцца вакол сваёй восі, а ў цывільнага аўтамабіля прыбор суцэльны і не мае ні свабоды перамяшчэння, ні пругкага элемента.

На аўтамабілі ўсталёўваўся шэраг чатырохцыліндравых, ніжнявальных, верхняклапанавых бензінавых рухавікоў аб’ёмам 2445 см³ магутнасцю 74–92 к.с. (у залежнасці ад мадыфікацыі), вырабленых Ульянаўскім і Заволжскім маторнымі заводамі. Усе гэтыя рухавікі канструктыўна вынікаюць з ЗМЗ-451, а ён, у сваю чаргу, прадстаўляе сабой матор ГАЗ-21, адаптаваны для ўстаноўкі на УАЗ-452[18]. Ад рухавіка ГАЗ-21 агрэгат мадэлі ЗМЗ-451 адрозніваўся канструкцыяй накрыўкі каромыслаў, паддона картара, кранштэйнаў мацавання падушак пярэдняй апоры рухавіка і тэрмастата. З восені 1969 года вытворчасць гэтага рухавіка пачалася на Ўльянаўскім маторным заводзе і рухавік атрымаў пазначэнне УМЗ-451. У 1971 годзе пачалася вытворчасць мадэрнізаванага рухавіка УМЗ-451М магутнасцю 75 к.с.[19] Гэты рухавік быў выкарыстаны і для УАЗ-469 і 469Б.

З 1983 года на аўтамабіль стаў усталёўвацца рухавік УМЗ-414 магутнасцю спачатку 77 к.с., а пасля студзеня 1986 года — 80 к.с. У 1989 годзе з’явіўся рухавік УМЗ-417 магутнасцю 90 к.с.[20]

У 19961997 гады з’явіліся рухавікі УМЗ-421 і ЗМЗ-410 аб’ёмам 2,89 л (усталёўваліся на УАЗ-31519 і на мадыфікацыі з падоўжанай колавай базай).

У сямействе таксама была мадыфікацыя УАЗ-31516 з рухавіком УМЗ-420 (аб’ём 2445 см³, 89 к.с.), абсталяваным упырскам паліва.

Усталёўваліся і дызельныя рухавікі — польскі WSW Andoria  (польск.) 4С90 і расійскі ЗМЗ-514.

Рухавік УМЗ-451МИ УМЗ-451М УМЗ-41416 УМЗ-414 УМЗ-4179 УМЗ-4178 УМЗ-4218 ЗМЗ-4021.10 ЗМЗ-4104.10
Аўтамабіль УАЗ-469 УАЗ-469Б УАЗ-469, УАЗ-3151 УАЗ-469Б, УАЗ-31512 УАЗ-3151 УАЗ-31512, УАЗ-31514 УАЗ-31519 УАЗ-315122, УАЗ-315142 УАЗ-315192
Тып Бензінавы, карбюратарны, чатырохтактавы
Колькасць цыліндраў 4
Аб’ём 2445 см³ 2445 см³ 2445 см³ 2890 см³ 2445 см³ 2890 см³
Дыяметр цыліндра 92 мм 92 мм 92 мм 100 мм 92 мм 100 мм
Ход поршня 92 мм 92 мм 92 мм 92 мм 92 мм 92 мм
Магутнасць 75 к.с.
пры 4000 аб/хв
77 к.с.
пры 4000 аб/хв
90 к.с.
пры 4000 аб/хв
98 к.с.
пры 4000 аб/хв
90 к.с.
пры 4000 аб/хв
96 к.с.
пры 4000 аб/хв
Ступень сціску 6,7 6,7 7,0 7,0 6,7 6,8

Трансмісія і хадавая частка

[правіць | правіць зыходнік]

Вузел манаблока каробкі перадач і раздаткавай каробкі не быў новым, бо дагэтуль яго ўкаранілі на УАЗ-452, а новая чатырохступеньчатая каробка перадач з’явілася яшчэ раней на заднепрываднай мадэлі УАЗ-451. Пры гэтым каробкі перадач усталёўваліся двух тыпаў — каробка з сінхранізаванымі трэцяй і чацвёртай перадачамі і цалкам сінхранізаваная каробка (з’явілася ў 1989 годзе[20]). Раздаткавая каробка дзвюхступеньчатая. Прывад пярэдняга моста — падлучальны.

На аўтамабілях УАЗ-469Б / 31512 пярэдні і задні масты ўніфікаваныя з вузламі мадэляў сямейства УАЗ-452.

{{{box_caption}}}
{{{box_caption}}}
Рэдуктарныя масты

УАЗ-469 / 3151 мае масты спраектаваныя нанава, і не ўніфікаваныя з мастамі УАЗ-452 і УАЗ-469Б. Гэтыя масты аснашчаны рэдуктарамі, усталяванымі пры ступіцах колаў. Масты, стаўшы складаней, маюць большую вагу — з-за больш цяжкіх мастоў УАЗ-469 адрозніваецца снараджанай масай (1600 замест 1540 кг). Дарожны прасвет УАЗ-469 павялічыўся ў параўнанні з УАЗ-469Б на 80 мм (300 мм супраць 220), пры гэтым агульная вышыня аўтамабіля павялічылася толькі на 35 мм.

Падвеска колаў залежная, на падоўжных паўэліптычных рэсорах. На машынах выпуску да чэрвеня 1980 года гідраўлічныя амартызатары — рычажныя, пазней — тэлескапічныя[6]. У жніўні 1993 года пачаўся выпуск мадыфікацыі УАЗ-31514-10 са спружыннай пярэдняй падвескай.

Задняя падвеска ваеннай і цывільнай мадыфікацый першапачаткова не адрознівалася. Пазней цывільныя версіі сталі абсталёўваць заднімі рысорамі з меншай колькасцю лістоў, у той час як вайсковая версія працягвала стаяць на 9-і ліставых рысорах, разлічаных на максімальную грузападымальнасць.

Дадатковае абсталяванне

[правіць | правіць зыходнік]

Пад дадатковае абсталяванне на кузавах аўтамабіляў мелася шмат кранштэйнаў і месцаў мацавання[21]. Так, на сярэдняй правай стойцы знутры мацавалася ўніверсальная аўтамабільная медыцынская аптэчка ў квадратным металічным корпусе; у кішэні задніх левых дзвярэй быў бачок для пітной вады. У нішах за заднімі колавымі аркамі знаходзіліся буксірны трос, супрацьадкатныя ўпоры, бачок для масла. На правай арцы ўнутры салона мацавалася сапёрная рыдлёўка, а астатні шанцавы інструмент (сякера і піла) знаходзіўся на заднім борце, за запасным колам. Таксама на заднім адкідным борце мацаваўся шпрыц для змазкі вузлоў аўтамабіля.

Спецыфіка армейскага аўтамабіля прадугледжвала і месцы мацавання асабістай зброі. Аўтамат кіроўцы мацаваўся на кранштэйнах сярэдняй левай стойкі кузава, «пасажыры» трымалі сваю зброю пры сабе.

Характарыстыкі

[правіць | правіць зыходнік]
УАЗ-469[22] УАЗ-3151[17] УАЗ-469Б[22] УАЗ-31512[17] УАЗ-31514[17]
Тып Павышанай праходнасці, дзвюхвосевы, колавай формулай 4х4
Даўжыня, мм 4025
Шырыня, мм 1785
База, мм 2380
Каляіна, мм
спераду / ззаду
1453 / 1453 1445 / 1445
Дарожны прасвет, мм 300 220
Вугал уз’езду 52° 48°
Вугал з’езду 42° 37°
Максімальная глыбіня броду, м 0,7
Падрыхтаваная маса, кг 1650 1680 1540 1600 1750
Поўная маса, кг 2450 2480 2290 2350 2500

У 1969 годзе Навукова-даследчым аўтамабільным і аўтаматорным інстытутам  (руск.) (руск.: НАМИ) быў праведзены краш-тэст УАЗ-469 з ударам аб цвёрдую бетонную сцяну. Хуткасць перад сутыкненнем склала 44,65 км/г. Паколькі аўтамабіль мае рамную канструкцыю, а змінаных элементаў не прадугледжана, дэфармацыя пярэдняй часткі кузава аўтамабіля была адносна невялікай, аднак гэта стала прычынай узнікнення вялікіх перагрузак падчас сутыкнення. Максімальная велічыня перагрузкі ў салоне склала 110g, што амаль у тры разы перавышае гранічна дапушчальную для чалавека. Элементы здымнага каркаса даху выпалі з месцаў мацавання і ссунуліся ў "жылую" прастору салона, стварыўшы небяспеку траўмавання пасажыраў[23][24].

Краш-тэст з частковым перакрыццём ніколі не праводзіўся[25].

У Групе савецкіх войскаў у Германіі, 1991

УАЗ стаў асноўным лёгкім шматмэтавым аўтамабілем Савецкай Арміі — 10% гадавога выпуску паступала ў войска. Пры гэтым астатнія аўтамабілі, што ішлі ў народную гаспадарку, падлягалі абавязковай рэгістрацыі ў ваенкаматах на выпадак мабілізацыі[20].

У войску гэтыя машыны з’яўляліся штабнымі, параднымі, машынамі старэйшага камандуючага звяна ад маёра да палкоўніка, а таксама шырока ўжываліся ў каменданцкай службе і ваеннай аўтаінспекцыі (ВАІ). На іх мантавалі палявыя радыёстанцыі, усталёўвалі лёгкае ўзбраенне і мінашукальнікі, выкарыстоўвалі як артылерыйскія цягачы і носьбіты спецыяльнага абсталявання. У замежных войсках на гэтыя аўтамабілі мантавалі буйнакаліберныя кулямёты, радыёлакатары, гранатамёты і нават счацвяроныя зенітныя сістэмы. У сацыялістычных краінах уласнымі сіламі ажыццяўлялі істотныя дапрацоўкі кузаваў стандартных УАЗ-469, для мантажу розных надбудоў і сістэм узбраення мясцовай вытворчасці.

УАЗ-469-АП літоўскай паліцыі

УАЗы шырока ўжываліся ў органах аховы правапарадку ў якасці аператыўна-службовых аўтамабіляў: для патрулявання нарадамі патрульна-паставой службы, падраздзяленнямі ведамаснай міліцыі і пазаведамаснай аховы, дзяржаўтаінспекцыі, а таксама для выезду аператыўных груп на месцы здарэнняў. Выраб такіх мадыфікацый ажыццяўляўся на базе цывільнай версіі УАЗ-469Б / 31512 — аўтамабіль атрымліваў металічны дах, за спінкамі задніх сядзенняў абсталёўваўся адсек для затрыманых, уваход у гэты адсек ажыццяўляўся праз распашныя дзверы ззаду аўтамабіля. Міліцэйскія УАЗы вырабляліся ў трох мадыфікацыях — УАЗ-469-АДЧ / УАЗ-31512-01-УМ-АДЧ (аўтамабіль для выезда аператыўных груп), УАЗ-469-АП / УАЗ-31512-01-УМ-АП (патрульны аўтамабіль) і УАЗ-469-АП-ГАИ / УАЗ-31512-01-УМ-АП-ГАИ (аўтамабіль патрульнай службы ДАІ)[26][27]. Вытворчасць такіх патрульных машын ажыццяўлялася на аўтарамонтных заводах. У Мінску гэтым займаўся Аўтарамонтны завод №124 Міністэрства абароны[28].

Для перавозкі хворых і медыцынскага персанала ў сельскай мясцовасці на базе аўтамабіля УАЗ-469Б / 31512 выпускалася санітарная мадыфікацыя УАЗ-469БГ (пасля 1985 года — УАЗ-3152[7]). У кузаве аўтамабіля замест задняга трохмясцовага сядзення ўсталявана аднамеснае сядзенне суправаджаючага, скрыня з наборам для хуткай медыцынскай дапамогі і прадугледжаны месцы для мацавання санітарнага абсталявання.

Вонкавыя выявы
Музей М. А. Шолахава, асабістая машына пісьменніка.

УАЗ-469Б быў ва ўладанні савецкага пісьменніка Міхаіла Шолахава, які быў вялікім аматарам палявання і рыбалкі[29]. Аўтамабіль з’явіўся ў пісьменніка ў 1973 годзе. У 1975 па прапанове працоўных Ульянаўскага аўтазавода ён быў пераабсталяваны: тэнт быў заменены металічным дахам доследнага ўзору, ветравая шыба стала рассоўнай, былі замененыя сядзенні.

Пасля распаду СССР адбылося скарачэнне паставак машын на дзяржзаказ і ўсюдыходы УАЗ паступілі ў вольны продаж.

  • УАЗ-31514-031 — мадыфікацыя УАЗ-31514 з мастамі з колавымі рэдуктарамі.
  • УАЗ-31517 — экспартная мадыфікацыя з рухавіком VM Motori (рухавік: VM-HR 492 HT — дызельны, рабочы аб’ём — 2393 см³, магутнасць — 100 к.с./73,5 кВт, максімальная хуткасць — 120 км/г).
  • УАЗ-31518 — экспартная мадыфікацыя з рухавіком Peugeot.
  • УАЗ-31519-031 — мадыфікацыя УАЗ-31519 з мастамі з колавымі рэдуктарамі.
  • УАЗ-3153 — мадыфікацыя з рухавіком аб’ёмам 2,89 л і падоўжанай колавай базай (габарыты: 4405×1785×2020 мм, колавая база: 2760 мм).
  • УАЗ-3159 «Барс» — варыянт мадэлі 3153 з палепшанай камплектацыяй і пашыранай каляінай (1600 мм). Меў таксама масты з колавымі рэдуктарамі, гідраўзмацняльнік рулявога кіравання, ссоўнымі форткамі і заднімі дзвярыма, якія адкрываліся ўбок.
  • УАЗ-2966 — вайсковы варыянт УАЗ-3159 са спрошчанай камплектацыяй, рухавіком УМЗ-421.10 (98 к.с./72,1 кВт) і чатырохступеньчатай каробкай перадач.
  • УАЗ-2315 — пікап грузападымальнасцю 800 кг. Прататып.
  • УАЗ-3150 — мадыфікацыя са скарочанай колавай базай (2000 мм). Пазіцыянаваўся як пляжна-забаўляльны аўтамабіль. Прататып быў паказаны ў 1999 годзе.

Далейшае развіццё

[правіць | правіць зыходнік]

UAZ Hunter (УАЗ-315195)

[правіць | правіць зыходнік]
UAZ Hunter

У 2003 годзе пачаўся выпуск грунтоўна мадэрнізаванай мадыфікацыі аўтамабіля — УАЗ-315195, якая з маркетынгавых меркаванняў атрымала назву UAZ Hunter[2]. Галоўнае адрозненне мадэлі ад папярэднікаў — новае шасі.[30][31] Абноўлены аўтамабіль атрымаў масты тыпу «Спайсер», новую пяціступеньчатую каробку перадач і раздаткавую каробку. Спераду ўстаноўлены дыскавыя тармазы і спружынная падвеска. Пад капотам — 16-клапанны рухавік ЗМЗ-409.10 з размеркаваным упырскам (працоўны аб’ём — 2,7 літра, магутнасць — 136,7 к.с.).

UAZ Hunter Classic

Але змены закранулі не толькі трансмісію і сілавы агрэгат. Суцэльнаметалічны кузаў запазычаны ў мадэлі УАЗ-31519, але мацуецца да рамы не цвёрда, а праз гумавыя падушкі, што дазволіла знізіць узровень шумоў і вібрацый. З’явіліся пластыкавыя бамперы і аздабленне пярэдняй панэлі. Змянілася форма даху, паваротныя фортачкі ў дзвярах саступілі месца ссоўным шклам, а дзвярныя праёмы цяпер — з падвойным ушчыльненнем. Ззаду замест адкіднога борта — распашныя дзверы. Абнавіўся салон: мяккія сядзенні, пластмасавая панэль прыбораў, абіўка дзвярэй тканінай і ворсавыя дыванкі на падлозе.

Увесну 2007 года з’явіўся UAZ Hunter Classic — з рухавіком УМЗ-4213 і чатырохступеністай каробкай перадач[32]. UAZ Hunter Classic таксама адрозніваецца ад базавай мадыфікацыі металічнымі бамперамі, заднім бортам замест распашных дзвярэй і адсутнасцю знешняга пластыкавага абліцоўвання. У студзені 2008 года вытворчасць была перапынена ў сувязі з увядзеннем экалагічных нормаў Еўра-3, але вясной 2008 года «Класік» вярнуўся на рынак — ужо з новым сілавым агрэгатам[33].

У 2011 годзе дзеля спрашчэння адмовіліся ад пластыкавай абліцоўкі на перадку і на замену пластыкавым бамперам вярнуліся металічныя з пластыкавымі накладкамі на вуглах.

УАЗ-315108

У 2009 годзе па заказу Міністэрства абароны Расіі быў распрацаваны пазадарожнік УАЗ-315108 на базе UAZ Hunter[34]. У параўнанні з УАЗ-3151, ад «Хантэра» аўтамабілю дасталіся масты тыпу «Спайсер», каробка перадач DYMOS, гідраўзмацняльнік руля і пярэдняя спружынная падвеска. Аўтамабіль абсталёўваецца дызельным рухавіком ЗМЗ — з турбанаддзіманнем аб’ёмам 2,2 літра магутнасцю 106 к.с. Гэты армейскі аўтамабіль вырабляецца па дзяржзамове міністэрства абароны Расіі і не прызначаны для продажу, бо не адпавядае нормам шумнасці і пасіўнай бяспекі[35].

УАЗ 469 (УАЗ-315196-110)

У лютым 2010 года Ульянаўскі аўтамабільны завод абвясціў[36][37] пра аднаўленне вытворчасці аўтамабіля з пазначэннем УАЗ 469 (індэкс — УАЗ-315196). На аўтамабіль, створаны на базе UAZ Hunter, вярнуліся разрэзныя масты тыпу «Timken» (але з паваротнымі кулакамі і дыскавымі тормазамі ад «Спайсераў»), 4-ступеньчатая каробка перадач, металічныя бамперы, адкідны борт багажніка. Рухавік застаўся той жа, што і ў Хантэра — ЗМЗ-409, але яго пераналадзілі: магутнасць знізілася да 112 к.с., змяніліся яго цягавыя характарыстыкі, за кошт пераносу максімальнага круцільнага моманту ў зону больш нізкіх абаротаў. Аўтамабіль выпускаўся ў двух варыянтах: як з тэнтам (УАЗ-315196-110), так і з металічным дахам (УАЗ-315196-10)[38].

  1. Кочнев, Евгений (2011). Автомобили советской армии 1946-1991(руск.). М.: «Яуза, Эксмо». p. 640. ISBN 978-5-699-46736-5.
  2. а б в Здравствуй и прощай(руск.) // За рулём : часопіс. — 2004. — № 1. — С. 8.
  3. а б "УАЗ-469/469Б". Автолегенды СССР(руск.). No. 8. «DeAgostini». 2009. ISSN 2071-095X.
  4. а б в История Ульяновского автомобильного завода (руск.). uaz.ru. Праверана 23 мая 2021.
  5. УАЗы на высоте четыре тысячи метров(руск.) // За рулём : часопіс. — 1975. — № 05. — С. 23.
  6. а б УАЗ-469 Сегодня(руск.) // За рулём : часопіс. — 1981. — № 05-06. — С. 16-17.
  7. а б в УАЗ: По ступеням модернизации(руск.) // За рулём : часопіс. — 1986. — № 9. — С. 10.
  8. Немного статистики(руск.) // За рулём : часопіс. — 1987. — № 06. — С. 2.
  9. Немного статистики(руск.) // За рулём : часопіс. — 1988. — № 07. — С. 4.
  10. Немного статистики: производство легковых автомобилей в СССР за 1988 год(руск.) // За рулём : часопіс. — 1989. — № 08. — С. 22.
  11. Немного статистики: производство легковых автомобилей в СССР за 1989 год(руск.) // За рулём : часопіс. — 1990. — № 07. — С. 7.
  12. Немного статистики: производство легковых автомобилей в СССР за 1990 год(руск.) // За рулём : часопіс. — 1991. — № 05. — С. 6.
  13. Немного статистики(руск.) // За рулём : часопіс. — 1992. — № 10. — С. 16.
  14. Немного статистики: Производство автомобилей в России(руск.) // За рулём : часопіс. — 1993. — № 07. — С. 18.
  15. Немного статистики: Производство легковых автомобилей в России и на Украине(руск.) // За рулём : часопіс. — 1994. — № 07. — С. 17.
  16. Немного статистики: Производство легковых автомобилей и автобусов в России(руск.) // За рулём : часопіс. — 1995. — № 07. — С. 19.
  17. а б в г Автомобили УАЗ-3151, 31512, 31514, 31519. Руководство по эксплуатации(руск.). 2002.
  18. Ульяновская платформа(руск.) // Off-Road Drive : часопіс. — 2007. — № 5.
  19. "УАЗ-452Д/УАЗ-3303". Автолегенды СССР(руск.). No. 101. «DeAgostini». 2012. p. с. 6–7, 10. ISSN 2071-095X.
  20. а б в УАЗ-469: Что было и что будет(руск.) // За рулём : часопіс. — 1997. — № 12. — С. 57–59.
  21. Честный проходимец(руск.) // УАЗИМУТ : часопіс. — 2011. — № 01. — С. 3-5. Архівавана з першакрыніцы 26 снежня 2011.
  22. а б Автомобили семейства УАЗ-469. Руководство по эксплуатации. Издание шестое (руск.). — 1977. — С. 11-20.
  23. Перегрузка 110g: уже не больно… УАЗ-469 и «Буханка» — это безопасные автомобили? (руск.). drom.ru (11 верасня 2021). Праверана 14 верасня 2021.
  24. Краш-тест УАЗ-469: что ждет непристегнутых пассажиров внедорожника (руск.). zen.yandex.ru (18 студзеня 2020). Праверана 14 верасня 2021.
  25. Реквием(руск.) // Авторевю : газета. — 2003. — № 22 (300). — С. 63.
  26. "УАЗ-469 ППС". Автомобиль на службе(руск.). No. 48. «DeAgostini». 2013. ISSN 2223-0440.
  27. Автомобиль оперативно-служебный УАЗ-31512-01-УМ. Техническое описание и инструкция по эксплуатации(руск.). 1989.
  28. Volkswagen Passat и Ford Scorpio. Фотоподборка: на чем ездила белорусская милиция 20 лет назад (руск.). onliner.by (24 сакавіка 2020). Праверана 24 сакавіка 2020.
  29. Гараж (руск.). Усадьба М.А. Шолохова. Праверана 23 мая 2021.
  30. Последний герой(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2002. — № 13–14. Архівавана з першакрыніцы 1 ліпеня 2014.
  31. Охотник за удачей(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2003. — № 23. Архівавана з першакрыніцы 10 жніўня 2014.
  32. UAZ Hunter Classic. Выпущена новая модификация легендарного автомобиля (руск.). www.uaz.ru (22 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2016. Праверана 23 мая 2021.
  33. Неоклассик (руск.). Авторевю (19 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 21 лютага 2010. Праверана 10 жніўня 2014.
  34. УАЗ разработал Hunter для армии (руск.). За рулём (28 верасня 2009). Праверана 23 мая 2021.
  35. Застой(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2010. — № 6. Архівавана з першакрыніцы 3 жніўня 2014.
  36. УАЗ возрождает легендарную модель УАЗ 469 (руск.). www.uaz.ru (15 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2016. Праверана 23 мая 2021.
  37. УАЗ возобновляет выпуск внедорожника УАЗ 469 (руск.). За рулём (15 лютага 2010). Праверана 23 мая 2021.
  38. Купи козу, продай козу(руск.) // За рулём — Регион : газета. — 2010. — № 07. — С. 14.
  • Орлов Э.Н., Варченко Е.Р. Автомобили УАЗ: Техническое обслуживание и ремонт. (руск.). — Транспорт, 2000. — 255 с. — ISBN 5-227-02206-6.
  • Автомобили семейства УАЗ-469. Руководство по эксплуатации. Издание шестое (руск.). — 1977.
  • Автомобили УАЗ-3151, 31512, 31514, 31519. Руководство по эксплуатации. (руск.). — 2002.
  • "УАЗ-469/469Б". Автолегенды СССР(руск.). No. 8. «DeAgostini». 2009. ISSN 2071-095X.
  • "УАЗ-31514". Автолегенды СССР. Специальный выпуск «УАЗ на службе»(руск.). No. 3. «DeAgostini». 2022. ISSN 2071-095X.
  • Канунников, С. В. УАЗ // Отечественные легковые автомобили. 1896–2000 гг. (руск.). — 3-е изд., перераб. и доп. — М.: ООО «Издательство «За рулeм», 2013. — С. 425-439. — 511 с. — ISBN 978-5-9698-0275-9.
  • УАЗ-469 на смену ГАЗ-69(руск.) // За рулём : часопіс. — 1972. — № 12. — С. 12.
  • УАЗ-469Б — автомобиль повышенной проходимости(руск.) // За рулём : часопіс. — 1973. — № 05. — С. 14-15.
  • УАЗ-469(руск.) // За рулём : часопіс. — 1974. — № 02. — С. 6-7.
  • УАЗ: По ступеням модернизации(руск.) // За рулём : часопіс. — 1986. — № 9. — С. 10.
  • Честный проходимец(руск.) // УАЗИМУТ : часопіс. — 2011. — № 01. — С. 3-5. Архівавана з першакрыніцы 26 снежня 2011.
  • Кочнев Е.Д. Автомобили советской армии 1946-1991 (руск.). — «Яуза, Эксмо», 2011. — 640 с. — ISBN 978-5-699-46736-5.