Ананімныя алькаголікі
Ананімныя алькаголікі | |
анг. Alcoholics Anonymous | |
Эмблема | |
Абрэвіятура | АА |
---|---|
Дэвіз | Ачуньваньне, адзінства і дапамога |
Папярэднік | Оксфардзкая група |
Дата ўтварэньня | 10 чэрвеня 1935 (89 гадоў таму) |
Тып | міжнароднае |
Юрыдычны статус | грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | Дапамога алькаголікам дасягнуць цьвярозасьці |
Штаб-кватэра | Нью-Ёрк, ЗША |
Месцазнаходжаньне | Менск, вул. Лібкнехта, д. 68 |
Дзейнічае ў рэгіёнах | 79 краінаў, у тым ліку Беларусь |
Сяброўства | 106 202 групы (2006) |
Кіроўны орган | Нарада |
Колькасьць валянтэраў | 3 мільёны (2011) |
Сайт | www.aabelarus.org |
«Ананімныя алькаголікі» — міжнароднае згуртаваньне ўзаемадапамогі, заснаванае ў 1935 годзе спэкулянтам Ўільямам Ўілсанам(en) і хірургам Робэртам Сьмітам(en) у горадзе Акрон(en) (штат Агаё, ЗША).
10 красавіка 1939 году Ўільям Ўілсан выдаў кнігу «Ананімныя алькаголікі: аповед аб тым, як многія тысячы мужчынаў і жанчынаў ачунялі ад алькагалізму»(en), што зьмяшчала 12 крокаў(en) пераадоленьня залежнасьці. У красавіцкім нумары 1946 году часопіса АА «Вінаградная лаза» (анг. Grapevine) Ўілсан зьмясьціў артыкул «12 пунктаў, каб забясьпечыць нашую будучыню», які Першая міжнародная нарада АА ўхваліла ў якасьці 12 звычаяў(en) згуртаваньня ў 1950 годзе. У красавіку 1953 году Ўілсан выдаў адпаведную кнігу «12 крокаў і 12 звычаяў»(en). З 1991 году згуртаваньне мае прадстаўніцтва ў Беларусі[1]. На люты 2012 г. гурткі «Ананімных алькаголікаў» дзейнічалі ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі[2].
На красавік 2014 году ў сьвеце існавала каля 125 000 суполак «Ананімных алькаголікаў», якія налічвалі звыш 2-х млн чалавек. У Беларусі сярод 70 суполак 24 працавалі ў Менску[3].
12 крокаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле кнігі «12 крокаў і 12 звычаяў», 12 крокаў у сьціслым выглядзе складаліся з 12 сказаў:
- «Мы прызналі, што бясьсільныя перад алькаголем і нашыя жыцьці сталіся некіраванымі».
- «Прыйшлі да перакананьня, што большая за нас Сіла можа вярнуць нам здаровы розум».
- «Прынялі рашэньне аддаць нашыя волю і жыцьці пад апеку Богу, бо мы зразумелі Бога».
- «Зрабілі праніклівы і бясстрашны вопіс сваіх нораваў».
- «Прызналі перад Богам, сабой і іншым чалавекам дакладную прыроду нашых памылак».
- «Цалкам гатовыя да таго, каб Бог прыбраў гэтыя хібы характару».
- «Пакорна папрасілі Яго прыбраць нашыя заганы».
- «Склалі сьпіс усіх людзей, якім пашкодзілі, і пажадалі пакрыць ім усім страты».
- «Беспасярэдне пакрылі страты такім людзям, дзе магчыма, акрамя выпадкаў, калі гэта магло пашкодзіць ім або іншым людзям».
- «Працягнулі весьці асабісты вопіс і, калі памыліліся, адразу прызналі гэта».
- «Пастараліся пры дапамозе малітвы і разважаньня палепшыць нашую адчуваную сувязь з Богам, бо мы зразумелі Яго, молячы толькі аб веданьні Ягонай волі для нас і сіле выканаць яе».
- «Займеўшы духоўнае абуджэньне ў выніку гэтых крокаў, мы пастараліся данесьці гэтае паведамленьне алькаголікам і трымацца гэтых правілаў ва ўсіх нашых справах».
12 звычаяў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьціслым выглядзе 12 звычаяў зьмяшчаліся ў 12 выказваньнях:
- «Наш агульны дабрабыт мае быць на першым месцы; асабістае ачуньваньне залежыць ад адзінства АА».
- «Для нашага групавога намеру ёсьць толькі адна найбольшая ўлада — любасны Бог, бо Ён можа выявіцца ў нашай групавой сьвядомасьці. Нашыя правадыры ёсьць толькі даверанымі слугамі; яны не ўладараць».
- «Адзіным патрабаваньнем для сяброўства ў АА ёсьць прага кінуць піць».
- «Кожная група мае быць самастойнай, акрамя справаў, што закранаюць іншыя групы або АА ў цэлым».
- «Кожная група мае толькі адзін пачатковы намер — данесьці сваё паведамленьне да алкаголіка, які ўсё яшчэ пакутуе».
- «Група АА ня мусіць ніколі даваць ухвалы і фінансаў або надаваць імя АА хоць-якому датычнаму прыстасаваньню або староньняму прадпрыемству, каб цяжкасьці з грашыма, уласнасьцю і прэстыжам не адцягвалі нашую ўвагу ад нашага пачатковага намеру».
- «Усялякая група АА мае знаходзіцца на поўным самаўтрыманьні, адхіляючы староньнія падарункі».
- «Ананімныя алькаголікі маюць заўсёды заставацца непрафэсійнымі, аднак нашыя службовыя асяродкі могуць наймаць адмысловых работнікаў».
- «АА, як такія, ня мусяць ніколі быць арганізаванымі; аднак мы можам ствараць службовыя ўправы або камітэты, беспасярэдне адказныя перад тымі, каго яны абслугоўваюць».
- «Ананімныя алькаголікі не трымаюцца ніякага меркаваньня па староньніх пытаньнях; таму імя АА ня мусіць ніколі ўцягвацца ў грамадзкую супярэчнасьць».
- «Нашае кіраваньне ў дачыненьнях з грамадзкасцю абапіраецца хутчэй на прывабнасьць, чымся на прасоўваньне; нам трэба заўжды падтрымваць безыменнасьць на ўзроўні друку, радыё і фільмаў».
- «Безыменнасьць ёсьць духоўным падмуркам усіх нашых звычаяў, што ўвесь час нагадвае нам ставіць правілы паперадзе асобаў».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ілона Іванова. Непітушчыя алькаголікі // Зьвязда : газэта. — 26 студзеня 2011. — № 15 (26879). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сьвятлана Барысенка. «Я сёньня цьвярозы» // Краіна здароўя. — 25 лютага 2012. — № 1 (295). — С. 4.
- ^ Валяр'ян Шкленьнік. Энтузіясты-цьвярозьнікі // Зьвязда. — 17 красавіка 2014. — № 71 (27681). — С. 2.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міжнародная бачына (анг.)
- Часопіс (анг.)