Перайсьці да зьместу

Глеб Усяславіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Глеб Усяславіч
лац. Hleb Usiasłavič
Глеб Менскі
Выява Глеба Менскага на манэце НББ
Князь менскі
1101 — 1119
Папярэднік Усяслаў Полацкі
Наступнік Расьціслаў Глебавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1070
Памёр 13 верасьня 1119, Кіеў
Нашчадкі
Дынастыя Рагвалодавічы
Жонка Анастасія Яраполкаўна, дачка ўладзімера-валынскага князя Яраполка Ізяславіча
Бацька Усяслаў Чарадзей

Глеб Усяславіч, Глеб Менскі (? — 13 верасьня 1119, Кіеў) — князь менскі (1101—1119). Сын Усяслава Полацкага, пачынальнік менскай галіны Рагвалодавічаў.

Глеб — усходнеславянская форма германскага (паўночнагерманскага) імя Gudleifr (Guðleifr)[5]. Іменная аснова -гуд- (-год-, -гут-) (імёны ліцьвінаў Готарт, Гудман, Саўгут; германскія імёны Gotard, Gutmann, Savegotus) паходзіць ад гоцкага guþs 'Бог', gôþs 'добры, старанны, пабожны' або *guts 'гот'[6], а аснова -леб- (-лейб-, -лейф-) (імя ліцьвінаў Улеб; германскае імя Uleifr) — ад гоцкага laiba 'заставацца'[7], стараісьляндзкага leifr 'нашчадак'[8][9]. Такім парадкам, імя Глеб азначае 'адданы пад Боскую абарону'[10] або 'нашчадак Бога'[11].

Варыянт імя князя ў гістарычных крыніцах: Глебъ (1119 рок)[12].

Пячаць Глеба

Сын Усяслава Брачыславіча Чарадзея, відаць, другі паводле старшынства пасьля Барыса Ўсяславіча. Паводле адной з вэрсіяў, у 1073 року Глеб, з усяго відаць, быў заручаны з дачкой уладзімера-валынска князя Яраполка Ізяславіча — Анастасіяй, за якой, магчыма, і атрымаў Менск[13], які па сьмерці бацькі (1101 рок) стаў яго ўдзелам. Паводле іншай жа, больш праўдападобнай вэрсіі, шлюб адбыўся ў 1090 року, пры гэтым Менск належаў полацкаму княству.

Перад сьмерцю Ўсяслаў Чарадзей падзяліў Полацкае княства на ўдзелы, Глеб атрымае Менскае княства. Глеб імкнуўся пашырыць свой удзел і амаль адразу па сьмерці бацькі пачаў вайну з братамі — выгнаў Давыда і, магчыма, Рамана. У 1104[a]/1105 року да Менску прыйшло аб’яднанае войска рускіх князёў — вялікі князь кіеўскі Сьвятаполк накіраваў супраць Глеба ваяводу Пуцяту, Уладзімер Усеваладавіч свайго сына Яраполка, чарнігаўскі князь Алег Сьвятаславіч хадзіў сам і прывёў з сабой глебавага брата Давыда Ўсяславіча. Мэтай, відаць, было вяртаньне Давыду ўдзела[14]. Аднак паход на Менск ня меў посьпеху, болей за тое Глеб далучыў да сваіх уладаньняў землі па берагах Дняпра, дзе пабудаваў крэпасьці ў Воршы і Копысі і іншых гарадах[15]. Таксама Глеб далучыў да Менску Друцк[16]. У 1106 року Глеб браў удзел у паходзе на балтыйскае племя зэмгалаў. Як сьведчаць легенды, у 1114 року Глеб зьдзейсьніў набег на Літву, Жывінбуд з Даўспрунгаў адбіў набег на Літву Глеба, па чым напаў на Менскае княства, разруйнаваў яго й спаліў горад Менск.

Па сьмерці Сьвятаполка (16 траўня 1113 року), вялікім князем кіеўскім быў абраны Ўладзімер Усеваладавіч — асноўны супраціўнік Сьвятаполка й Глеба, які разыходзіўся зь імі ў многіх пытаньнях рускай унутранай палітыкі, у тым ліку пра спадчыну стальцоў. Абвастрэньне канфлікту было непазьбежным. У 1116 року Глеб напаў на зямлю дрыгавічоў і спаліў горад Слуцак, які належаў беспасярэдне Ўладзімеру. Уладзімер, нібы угаворваў Глеба разьвязаць пытаньні мірам, але Глеб нібы не хацеў прызнаваць сябе вінаватым і зьвінавачваў ва ўсім самога Ўладзімера. На Менскае княства быў накіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў. Смаленскі князь Вячаслаў, сын Уладзімера, захапіў Воршу й Копысь. Аб’яднанае войска сыноў Уладзімера Давыда і Яраполка — князя пераяслаўскага, узяло прыступам Друцак. Сам Уладзімер накіраваўся да Менску і аблажыў горад. Двухмесячная аблога не дала посьпеху, але Ўладзімер хацеў працягваць аблогу, загадаў будаваць пад менскім дзядзінцам сабе хату на зіму.

Глеб Усяславіч убачыў падрыхтоўку да вельмі працяглай аблогі і накіраваў паслоў да Ўладзімера, які згадзіўся на мірныя перамовы. Менскі князь выйшаў з гораду зь дзецьмі і дружынай і паабяцаў ва ўсім слухацца. Уладзімер павучаў Глеба як ён павінен паводзіць сябе, даў яму, паводле летапісу, Менск, такім чынам, як лічаць некаторыя дасьледчыкі[17], забраў значную частку ўладаньняў, у тым ліку Друцак і Падняпроўе. Сын Уладзімера Яраполк вывеў у палон жыхароў захоплена Друцака й пасяліў іх у сваім Пераяслаўскім княстве пабудаваўшы горад Жэлні. Глеб нядоўга трымаўся павучаньняў Уладзімера, у 1117 року напаў на смаленскія й наўгародзкія воласьці. Гэтым разам Уладзімер паслаў свайго сына Мсьціслава зь вялікім войскам, ён аблажыў і ўзяў Менск, Глеб трапіў у палон і адвезены ў Кіеў, дзе ён памёр у 1119 року.

Папярэднік
Усяслаў Чарадзей
Князь менскі
1101—1119
Наступнік
Расьціслаў Глебавіч
  1. ^ а б в г Глеб Всеславич // Русский биографический словарь / пад рэд. A. PolovtsovСПб.: 1905. — Т. 14. — С. 400—401.
  2. ^ а б Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия (рас.)Киев: 1896. — С. 71. — 260 с.
  3. ^ а б Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия (рас.)Киев: 1896. — С. 75. — 260 с.
  4. ^ а б А. Э. Глеб Всеславич (рас.) // Энциклопедический словарьСПб: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. VIIIа. — С. 915.
  5. ^ Глеб // Фасмер М. Этимологический словарь русского языка: В 4 т.: Пер. с нем. = Russisches etymologisches Wörterbuch. Т. 1. — М., 2004.
  6. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 134.
  7. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 156.
  8. ^ Kruken K., Stemshaug O. Norsk Personnamnleksikon. — Det Norske Samlaget, 1995.
  9. ^ Leifr, Nordic Names
  10. ^ Суперанская А. В. Словарь русских личных имён: Сравнение. Происхождение. Написание. — М.: Айрис-пресс, 2005. С. 79.
  11. ^ Усціновіч А. Слоўнік асабовых уласных імён. — Менск, 2011. С. 73.
  12. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 133.
  13. ^ Заяц Ю. Л. Менская зямля // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 4. С. 10.
  14. ^ Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977.
  15. ^ Ляўко В. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // ГАЗ. № 12, 1997. С. 174—175.
  16. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 8.
  17. ^ Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ—ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — 240 с. — ISBN 985-09-0152-7
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ—ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — 240 с. — ISBN 985-09-0152-7
  • Заяц Ю. Менская зямля // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 4.
  • Ляўко В. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // ГАЗ. № 12. — Менск, 1997.
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.