Перайсьці да зьместу

Плютон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Плютон (карлікавая плянэта)»)
Плютон ⯓
Плютон
Гісторыя адкрыцьця
Адкрытая Клайдам Томба
Дата адкрыцьця 18 лютага 1930
Фізычныя характарыстыкі
Дыямэтар 2306 ± 20 км
Акружнасьць экватара км
Аб’ём 7,15×109 км³
Маса (1,305±0,007)×10²² кг (0,0021 масы Зямлі)
Шчыльнасьць 2,03±0,06 г/см³
Плошча паверхні 1,795×107 км²
Гравітацыя у зоне экватара 0,58 м/с², або 0,059 g
Другая касьмічная хуткасьць 1,2 км/с
Сыдэрычны пэрыяд кручэньня 6 сут. 9 г 22 мін
Экватарыяльны нахіл да арбіты 11,88°
Тэмпэратура паверхні
мін. сярэдн. макс.
33°K 44°K 55°K
Атмасфэрны ціск у паверхні 0,30 кПа
Арбітальныя характарыстыкі
Сярэдняя адлегласьць ад Сонца 5 906 376 272 км (39,481 686 77 а. а.)
Пэрыгелій 4 436 824 613 км
Афэлій 7 375 927 931 км
Сыдэрычны арбітальны пэрыяд 366,73 зямных дня
Сярэдняя арбітальная хуткасьць 4,666 км/с
Эксцэнтрысытэт арбіты 0,248 807 66
Нахіл арбіты да плоскасьці экліптыкі 17,141 75°
Акружнасьць арбіты км
Спадарожнікі 1. Гідра
2. Нікс
(Харон — другі кампанэнт сыстэмы, які не лічыцца спадарожнікам)
Зьяўляецца спадарожнікам Сонца
Склад атмасфэры Азот, мэтан

Плюто́н (134340 Pluto) — карлікавая плянэта. Раней лічыўся дзявятай плянэтай Сонечнай сыстэмы, але быў пазбаўлены гэтага статусу рашэньнем XXVI Генэральнай асамблеі МАЗ. Плютон упершыню назіраўся 18 лютага 1930 году амэрыканскім астраномам Клайдам Томба.

У Плютона ёсьць два спадарожнікі: Гідра й Нікс. Ёсьць яшчэ другі кампанэнт сыстэмы — Харон. Ён зьяўляецца малым кампанэнтам падвойнай карлікавай плянэтнай сыстэмы Плютон — Харон.

У 2006 годзе NASA адправіла да Плютона касьмічны апарат «New Horizons», прыбыцьцё якога да Плютона чакаецца ў 2015 годзе.

Сымбалі — ⯓[1] і ♇.[2]

Гісторыя адкрыцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ідэя аб існаваньні ў Сонечнай сыстэме дзявятай плянэты зьявілася ў выніку выяўленьня адхіленьняў у арбітальным руху Урана і Нэптуна, якія маглі быць растлумачаныя ўзьдзеяньнем больш выдаленай масіўнай плянэты. Пошукам гэтай плянэты актыўна займаўся Пэрсіваль Лоўэл (па-ангельску: Percival Lowell), заснавальнік Лоўэлаўскай абсэрваторыі ва Флагстафе (Арызона, ЗША). Пошукі не прынесьлі посьпеху, а ў 1916 годзе Лоўэл памёр. Іронія лёсу складаецца ў тым, што на фатаздымках, зробленых падчас пошуку, павінен быў быць Плютон — але яго выява патрапіла на дэфэкт фотапласьцінкі. Пошук быў адноўлены ў 1929 годзе і даручаны маладому астраному-аматару Клайду Томба, якога нанялі адмыслова для гэтага. Менш чым праз год, 18 лютага 1930 году Томба выявіў новую плянэту, якая выглядала як зорка 15-й велічыні у сузор’і Блізьнят. Плянэта была выяўленая пры параўнаньні фатаграфіяў, зробленых 23 ды 29 студзеня.

Неўзабаве пасьля адкрыцьця Плютона стала ясна, што яго маса занадта малая, каб аказаць які-небудзь уплыў на рух Нэптуна ці Ўрана. Зьявілася здагадка, што за ўзбурэньні ў іх руху нясе адказнасьць больш масіўная, яшчэ не выяўленая «плянэта Х». Былі прадпрынятыя яе пошукі, якія апынуліся беспасьпяховымі. Пазьней высьветлілася, што хібнасьці зьнікаюць, калі выкарыстаць у разьліках удакладненае значэньне масы Нэптуна.

Права абраць імя для новай плянэты меў дырэктар Лоўэлаўскай абсэрваторыі Вэста Мелвін Сьліфэр (па-ангельску: Vesto Melvin Slipher).

Першапачаткова ўдава П. Ловела прапанавала назваць плянэту Зэўс, потым Ловел, а потым і сваім імем — Констанс. (Як заўважыў з гэтай нагоды К. Томба, магло б здарыцца так, што замест плютонія мы мелі бы «канстанцый».) Ні адна з гэтых прапаноў не была ўхваленая.

Прапанаваная назва «Плютон», па-першае, працягвае традыцыю найменьня плянэт па імёнах богаў рымскай міталёгіі, а па-другое, увекавечвае памяць П. Лоўэла, паколькі пачынаецца зь яго ініцыялаў.

Было і шмат іншых прапаноў. Напрыклад, газэта «Нью-Ёрк Таймс» прапанавала назваць плянэту Мінэрва (ня ведаючы, што так ужо прапаноўвалі назваць плянэту Уран). Прапаноўваліся назвы: Артэміда, Атэна, Атлас, Вулькан, Гера, Гэркулес, Зымал, Ідана, Ікар, Космас, Кронас, Одын, Пакс, Пэрсэй, Пэрсэфона, Прамэтэй, Тантал і шматлікія іншыя. Адна шлюбная пара нават прапанавала назваць плянэту ў гонар іх нованароджанага дзіцяці.

Адна цяжкасьць складалася ў тым, што шматлікія імёны з грэцкай і рымскай міталёгіі былі ўжо выкарыстаныя для астэроідаў.

Назву Плютон прапанавала 11-гадовая дзяўчынка Вэнэцыя Бэрні (па-ангельску: Venetia Burney) з Оксфарду. За сьняданкам яе дзед, які працаваў бібліятэкарам у Оксфардзкім унівэрсытэце, прачытаў у газэце «Таймс» аб адкрыцьці новай плянэты й спытаў унучку, як, па яе меркаваньні, лепш назваць плянэту. Дзяўчынка адказала, што раз плянэта такая далёкая і халодная, яе варта назваць у гонар рымскага бога падземнага царства Плютона. Прафэсар Гэрбэрт Гол Тэрнэр (па-ангельску: Herbert Hall Turner) паслаў па тэлеграфе гэтую прапанову сваім калегам у ЗША, і пасьля кароткага абмеркаваньня яго прынялі практычна аднадушна.

Назва Плютон была афіцыйна зацьверджана 1 траўня 1930 году. Плютон быў богам падземнага царства ў рымскай міталёгіі, грэкі звалі яго Аід (або Гадэс).

Плютон і Харон, здымак тэлескопа «Габл»

Плютон быў афіцыйна прызнаны плянэтай Міжнародным астранамічным зьвязам у траўні 1930 году. У той момант меркавалі, што яго маса параўнальная з масай Зямлі, у рэчаіснасьці жа маса Плютона амаль у 500 разоў меншая за масу Зямлі, нават меншая за масу Месяца.

У апошні час стала відавочным, што Плютон — толькі адзін з самых буйных вядомых сёньня аб’ектаў пояса Койпэра, і прынамсі, адзін з аб’ектаў пояса (Эрыс ці 2003 UB313) большая за Плютон (яна на 27% цяжэйшая). У сувязі з гэтым узьнікла ідэя не разглядаць больш Плютон як плянэту, што выклікала бурныя дэбаты. Шмат хто прапаноўваў зваць аб’екты падобныя да Плютона плянэтоідамі, гэта значыць «плянэтамі-карлікамі». Іншыя лічылі, што званьне плянэты — гэта «феномен культуры» і не падлягае перагляду.

Канчаткова, 24 жніўня 2006 году на XXVI Генэральнай асамблеі Міжнароднага астранамічнага зьвязу было прынятае рашэньне надалей зваць Плютон не «плянэтай», а «карлікавай плянэтай».[3]

На канфэрэнцыі было выпрацавана новае азначэньне плянэты, паводле якога плянэтамі лічацца нябесныя целы, якія верцяцца вакол зоркі (і самі зоркай не зьяўляюцца), маюць гідрастатычна раўнаважкую форму і «расчысьцілі» вобласьць у раёне сваёй арбіты ад іншых, мяльчэйшых, аб’ектаў. Карлікавымі плянэтамі будуць лічыцца аб’екты, якія верцяцца вакол зоркі, якія маюць гідрастатычна раўнаважкую форму, але не «расчысьцілі» прастору ў раёне сваёй арбіты і не зьяўляюцца спадарожнікамі. Плянэты й карлікавыя плянэты — гэта два розныя клясы аб’ектаў Сонечнай сыстэмы. Усе іншыя аб’екты, якія верцяцца вакол Сонца і не зьяўляюцца спадарожнікамі, будуць звацца астэроідамі Сонечнай сыстэмы.

Амэрыканскае дыялекталагічнае грамадства прызнала дзеяслоў «to pluto» («аплютоніць») «новым словам 2006 году». Новы дзеяслоў азначае «паніжэньне ў званьні або каштоўнасьці кагосьці або чагосьці, як гэта адбылося зараз ужо былой плянэтай Плютон»[4].

Супастаўленьне арбіт Нэптуна і Плютона.

Сярэдняя адлегласьць Плютона ад Сонца складае 5,913 млрд км ці 39,53 а. а., але з-за вялікага эксцэнтрысытэта арбіты (які складае 0,249), гэтая адлегласьць зьмяняецца ад 4,425 да 7,375 млрд км (адпаведна 29,6 і 49,3 а. а.). Сонечнае сьвятло распаўсюджваецца да Плютона каля пяці гадзін, адпаведна, прыкладна столькі ж патрабуецца і радыёхвалям, каб даляцець ад Зямлі да касьмічнага апарата, які знаходзіцца каля Плютона. Арбіта Плютона характэрная тым, што частка яе знаходзіцца бліжэй да Сонца, чым арбіта Нэптуна. У выніку, зблізку пэрыгелія Плютон набліжаецца да Сонца бліжэй, чым восьмая плянэта (гэта было, напрыклад, ад 7 лютага 1979 да 10 лютага 1999 году). Пры гэтым, арбіты Плютона і Нэптуна не перасякаюцца, паколькі арбіта Плютона складае з плоскасьцю экліптыкі вугал 17,15°. Праходзячы пэрыгелій, Плютон знаходзіцца на 10 а. а. над плоскасьцю экліптыкі. Плютон праходзіць па арбіце за 247,69 гады, і робіць два абарачэньня за той час, пакуль Нэптун робіць тры. У выніку, Плютон і Нэптун ніколі не збліжаюцца больш чым на 17 а. а.

Фізычныя характарыстыкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плютон, які мае бачную зорную велічыню усяго 15,3, выглядае як слабая кропка сьвятла нават у самыя вялікія наземныя тэлескопы. У сярэдзіне 1990-х касьмічны тэлескоп імя Габла атрымаў першыя выявы паверхні Плютону, на якіх бачныя сьветлыя і цёмныя плямы. Першы касьмічны апарат, які пабываў у яго навакольлях, New Horizons. Вось кручэньня Плютону нахіленая да плоскасьці арбіты на 122,5°; такім чынам, Плютон, як і Ўран, круціцца, «лежучы на боку». Дыямэтар Плютону роўны 2274±16 км — прыкладна 2/3 дыямэтра Месяца.

Плянэта мае разрэджаную атмасфэру, шчыльнасьць і таўшчыня якой істотна розныя пры зьмяненьні адлегласьці ад Сонца. Атмасфэра была выяўленая ў 1988 годзе пры мінаньні Плютона на фоне зоркі. Хутчэй за ўсё, атмасфэра існуе толькі блізу пэрыгелія; па меры аддаленьня ад Сонца, атмасфэрныя газы вымярзаюць. Нядаўнія назіраньні паказваюць, што нягледзячы на тое, што Плютон мінуў пэрыгелій у 1989 годзе і аддаляецца ад Сонца, ціск атмасфэры працягвае нарастаць. Верагодна, працэс выпарэньня зьмёрзлых газаў мае пэўную інэрцыю. Відавочна, атмасфэру ўтварае азот, з прымешкамі монааксіда вугляроду і мэтана. Ціск атмасфэры ацэньваецца ад некалькіх дзясятых мікрабар да некалькіх мікрабар.

Паверхня Плютона на здымках выглядае зьлёгку чырванаватай, магчыма, у выніку прысутнасьці арганічных злучэньняў, якія ўтварыліся з азоту, мэтану і аксіду вугляроду. Яе адбівальная здольнасьць зьмяняецца ад 0,3 да 0,5. На здымках тэлескопа імя Хабла бачныя палярныя шапкі, якія складаюцца, верагодна, зь зьмёрзлага азоту. Больш цёмныя ўчасткі, хутчэй за ўсё, пакрытыя мэтанавай Шацьцю, пацямнелай пад узьдзеяньнем сонечнага выпраменьваньня. На плянэце таксама выяўлены этан. Чаргаваньне сьветлых і цёмных участкаў можа быць сэзонным разьмеркаваньнем шаці на паверхні Плютона, хоць частка зь іх можа быць зьвязаная з тапаграфічнымі рысамі, напрыклад, з басэйнамі й ударнымі кратэрамі. Ядро плянэты, верагодна, складаецца з сылікатаў, можа быць даволі вялікім — з радыюсам да 885 км. Гэта растлумачыла бы даволі высокую шчыльнасьць плянэты — 2,1 г/см³. Маса плянэты прыкладна роўная 1,27×1022 кг (0,002 масы Зямлі). Паскарэньне вольнага падзеньня на Плютоне — 0,66 м/с² (6,7% ад зямнога), другая касьмічная хуткасьць на паверхні плянэты роўная 1100 м/с.

Плютон атрымлівае ў 1600 разоў менш сонечнага сьвятла, чым Зямля. Асьветленасьць паверхні складае каля 60 люкс, што прыкладна адпавядае асьветлёнасьці ў пакоі сярэдніх памераў з уключанай 100-ватнай лямпай напальваньня. Тэмпэратура на паверхні Плютона складае ад 37 да 63 К (цяплейшымі зьяўляюцца больш цёмныя вобласьці).

Малыя спадарожнікі Плютона.

У Плютона ёсьць два спадарожнікі: Гідра й Нікс. Ёсьць яшчэ адзін кампанэнт сыстэмы — Харон.

Харон быў адкрыты ў 1978 годзе і традыцыйна лічыцца самым буйным і самым блізкім да карлікавай плянэты спадарожнікам. Дыямэтар Харону складае 1205 км — крыху больш за палову дыямэтра Плютону, а стасунак мас роўны прыкладна 1:8 (для параўнаньня: для Месяца й Зямлі гэты стасунак роўны 1:81).

Барыцэнтар сыстэмы Плютон—Харон знаходзіцца па-за паверхняй Плютона, таму некаторыя астраномы лічаць Плютон і Харон падвойнай карлікавай плянэтай.

Паводле праекту Рэзалюцыі 5 XXVI Ґенэральнай асамблеі Міжнароднага астранамічнага зьвязу (2006) Харону (нараўне з Цэрэрай і аб’ектам Эрыс) меркавалася прысвоіць статут плянэты. Паводле праекту рэзалюцыі, у такім разе Плютон-Харон будзе лічыцца падвойнай плянэтай.[5] Аднак, у канчатковым варыянце рэзалюцыі было іншае рашэньне: было ўведзена паняцьце карлікавая плянэта. Да гэтага новага класа аб’ектаў былі аднесеныя Плютон, Цэрэра ды аб’ект 2003 UB313. Харон ня быў уключаны ў лік карлікавых плянэт.[3]

Два вонкавыя спадарожнікі Плютона, Гідра (былы S/2005 P1) і Нікс (былы S/2005 P2) упершыню назіраліся ў траўні 2005 году касьмічным тэлескопам імя Габла. Яны значна менш за Харон па памерах, каля 100—150 км. Маса кожнага з спадарожнікаў прыкладна ў 300 раз меншая за масу Харона. Гідра разьмешчаная на адлегласьці каля 65 000 км ад Плютона, Нікс — прыкладна 50 000 км.

Дасьледаваньні Плютона

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каля Плютона яшчэ ні разу не пралятаў касьмічны апарат. У ноч з 19 на 20 студзеня 2006 году з касмадрома на мысе Канавэрал была запушчаная амэрыканская міжплянэтная станцыя New Horizons. Яна павінная ўпершыню праляцець каля Плютона 14 ліпеня 2015 году. У будучыні плянуецца выкарыстаць New Horizons для дасьледаваньня іншых аб’ектаў пояса Койпэра.

  1. ^ JPL/NASA (2015-04-22) What is a Dwarf Planet?
  2. ^ Physics and chemistry of the solar system. — 2. — Elsevier. — P. 64.
  3. ^ а б IAU 2006 General Assembly: Result of the IAU Resolution votes Word-of-the-Year 2006 5 студзеня 2007
  4. ^ «Plutoed» Voted 2006 Word of the Year by American Dialect Society 5 студзеня 2007
  5. ^ The IAU draft definition of «planet» and «plutons»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плютонсховішча мультымэдыйных матэрыялаў