Перайсьці да зьместу

Слуцкае Эвангельле

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юры Юр’евіч Алелькавіч
Слуцкае Эвангельле, 1582
38,8×25,2 см
Дамавы храм ў гонар Сабора беларускіх сьвятых, Менск

Слу́цкае Эва́нгельле — уласнаручна перапісанае ў 1580—1582 гадах на царкоўнаславянскай мове слуцкім князем Юрыем Юр’евічам Алелькавічам Дабравесьце. Рукапіс зьмяшчаецца на 263 старонках у 2 калёнкі па 20 радкоў карычневым чарнілам з выкарыстаньнем цынобры(en) і золата. Застаўкі і многія літары ўпрыгожаныя геамэтрычным і расьлінным арнамэнтам. У 2009 г. выйшла факсімільнае выданьне рукапіса накладам 500 асобнікаў.

Месцазнаходжаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1582 годзе князь перадаў свой рукапіс разам з настаяцельскім посахам і срэбраным пацірам слуцкаму Сьвята-Троіцкаму манастыру, дзе той знаходзіўся ў рызьніцы да 1920-х гадоў. Калі манастыр зачынілі, рукапіс перадалі на захаваньне ў Слуцкі краязнаўчы музэй. Затым рукапіс перавезьлі дзяржаўны музэй у Менск, у 1929 г. яго перадалі ў Магілёўскі дзяржаўны музэй[1]. У пачатку Нямецка-савецкай вайны ён зьнік з браняванага пакоя музэю разам з Крыжам Эўфрасіньні Полацкай. 12 чэрвеня 2003 г. экзарх Беларусі Філарэт абвясьціў, што менская прыхаджанка перадала атрыманы ў спадчыну рукапіс сьвятару за адпяваньне сваяка[2]. Цяпер кніжны помнік захоўваецца ў дамавым храме ў гонар Сабора беларускіх сьвятых[3].

У 2008 годзе па выніках праведзенага на працягу некалькіх год навуковага дасьледаваньня Нацыянальная бібліятэка Беларусі выпусьціла электроннае выданьне, якое ўключала лічбавую копію і ўзноўлены тэкст рукапісу, а таксама матэрыялы гістарычнага, кодэка-палеаграфічнага і лінгвістычнага аналізу Слуцкага Эвангельля[3]. У 2009 годзе Беларускі экзархат пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі выдаў названыя матэрыялы ў выглядзе факсымільнага выданьня[3].