Сьпіс вялікіх князёў літоўскіх
Вялі́кі князь літо́ўскі (гаспадар) — найвышэйшы княскі тытул у Вялікім Княстве Літоўскім. Быў гаспадаром (кіраўніком) дзяржавы. Яму падначальваліся князі, магнаты, якія кіравалі асобнымі княствамі, землямі або вотчынамі. Абіраўся фэўдаламі, звычайна з сыноў або блізкіх сваякоў папярэдняга вялікага князя. Меў шырокія паўнамоцтвы: весьці міжнародныя справы, уступаць у зьвязы, абвяшчаць вайну і складаць мір, распараджацца ўзброенымі сіламі дзяржавы, дзяржаўнай маёмасьцю, прыбыткамі і скарбамі, дараваць дзяржаўную маёмасьць, тытулы і годнасьці, ажыцьцяўляць найвышэйшы суд і памілаваньне засуджаных. Яму належала заканадаўчая ініцыятыва, усе асноўныя законы і праўныя акты выдаваліся за яго подпісам[1][2].
Прывілеі 1447 і 1492 гадоў юрыдычна абмежавалі ўладу вялікага князя літоўскага. Згодна зь імі, ня меў права самастойна вызначаць найбольш важныя пытаньні замежнай і ўнутранай палітыкі. Нягледзячы на тое, што заканадаўчыя акты, у тым ліку Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, падкрэсьлівалі, што ўлада вялікага князя ад Бога, яго становішча было тыповым для абмежаванага фэўдальнага манарха, правы яго грунтаваліся на выбарнай аснове. Калі ў XIV стагодзьдзі Рада Вялікага княства Літоўскага пры вялікім князю была толькі дарадчым органам, то пазьней яе значэньне вельмі ўзрасло, многія захады дзяржаўнага кіраваньня маглі зьдзяйсьняцца толькі зь яе згоды. У нябытнасьць вялікага князя рада фактычна была найвышэйшым дзяржаўным органам і дзеяла самастойна. Абмежаваньне ўлады вялікага князя літоўскага агадвалася законамі ВКЛ у форме клятвы і абяцаньня вялікім князем захоўваць пэўныя правы і прывілеі, а таксама ў форме беспасярэдняй забароны. Напрыклад, вялікаму князю забаранялася пачынаць вайну або вызначаць падаткі на ваенныя патрэбы без дазволу на тое сойму, выдаваць законы, якія б пярэчылі Статуту ВКЛ, раздаваць духоўныя і сьвецкія ўрады, тытулы і землі ВКЛ іншаземцам, у тым ліку польскай шляхце[2].
Па Люблінскай уніі 1569 году вялікі князь літоўскі адначасна быў каралём польскім, стаяў на чале канфэдэрацыйнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Апроч гэтага тытула, меў тытулы паводле назваў земляў, якімі валодаў. Напрыклад, Жыгімонт Ваза меў тытулы караля польскага, вялікага князя літоўскага, рускага, прускага, жамойцкага, мазавецкага, інфлянцкага, насьледнага гаспадара і караля швэдзкага, гоцкага, вандальскага, вялікага княжыча фінляндзкага ды іншых[2].
Вялікія князі літоўскія да Люблінскай уніі 1569 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гады кіраваньня | Ілюстрацыя | Імя |
---|---|---|
каля 1236 — 1263 | Міндоўг | |
1263—1264 | Транята | |
1264—1266 | Войшалк | |
1267—1270 | Шварн | |
1270—1282 | Трайдзень | |
1280-я гг.[a] | Даўмонт | |
1282—1292[b] | Будзівід | |
1292—1294[b] | Будзікід | |
1294—1316 | Віцень | |
1316—1341 | Гедзімін | |
1341—1345 | Яўнут | |
1345—1377[c] | Альгерд | |
1377—1381[c] | Ягайла | |
1381—1382 | Кейстут | |
1382—1392 | Ягайла | |
1392—1430 | Вітаўт | |
1430—1432 | Сьвідрыгайла | |
1432—1440 | Жыгімонт Кейстутавіч | |
1440—1492 | Казімер Ягелончык | |
1492—1506 | Аляксандар Ягелончык | |
1506—1548 | Жыгімонт Стары | |
1544—1569 | Жыгімонт Аўгуст |
Вялікія князі літоўскія па Люблінскай уніі 1569 году
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Генрык Валезы (1573) — адначасна кароль польскі Жыгімонт I
- Стэфан Баторы (1576—1586) — адначасна кароль польскі Жыгімонт II
- Максіміліян Габсбург (1575—1576) — імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі, абраны паводле падвойнай элекцыі 1575 году адначасна з Баторыем
- Жыгімонт Ваза (1587—1632) — адначасна кароль польскі Жыгімонт III
- Максіміліян III Габсбург (1587—1589) — эрцгерцаг, сын імпэратара Максіміліяна II, абраны паводле падвойнай элекцыі 1587 году адначасна з Жыгімонтам Вазам
- Уладзіслаў Ваза (1632 — 1648) — адначасна кароль польскі Ўладзіслаў IV
- Ян Казімер (1648 — 1668) — адначасна кароль польскі Ян II Казімер
- Карл Густаў — кароль Швэцыі, па складаньні Кейданскай уніі лічыўся сваімі прыхільнікамі за вялікага князя літоўскага ў 1655—1660 гадох
- Міхал Вішнявецкі (1669—1673) — адначасна кароль польскі
- Ян Сабескі (1674—1696) — адначасна кароль польскі Ян III.
- Аўгуст Моцны (1697—1706) — адначасна кароль польскі Аўгуст IІ і курфюрст саксонскі Фрыдрых Аўгуст І
- Франсуа Люі Бурбон (1697) — прынц дэ Конці, абраны паводле падвойнай элекцыі 1697 году адначасна з Аўгустам ІІ
- Станіслаў Ляшчынскі (13 ліпеня 1704—1706) — адначасна кароль польскі Станіслаў II, абраны канфэдэрацыяй; да абдыкацыі ў 1706 годзе Аўгуста Моцнага ўладарыў адначасна зь ім
- Аўгуст Моцны (1709—1733) — другі раз, адначасна кароль польскі пад імем Аўгуст II
- Аўгуст Сас (1733 — 1763) — адначасна кароль польскі Аўгуст III і курфюрст саксонскі Фрыдрых Аўгуст ІІ
- Станіслаў Ляшчынскі (1733) — другі раз, адначасна кароль польскі Станіслаў II, абраны паводле падвойнай элекцыі 1733 году адначасна з Аўгустам ІІІ
- Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1764—1795) — адначасна кароль польскі
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Меркаваны вялікі князь літоўскі, які ўпамінаецца ў Траецкім і Васкрасенскім летапісах
- ^ а б Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1289 годам
- ^ а б Уладарыў разам з Кейстутам
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0