Перайсці да зместу

Амерыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Месцазнаходжанне Амерыкі

Адзіны Амерыканскі кантынент умоўна падзелены на дзве часткі — Паўночную і Паўднёвую Амерыкі. Як частку свету іх не падзяляюць і лічаць адзінай часткай свету — Амерыкай. Умоўна вылучаюць Цэнтральную Амерыку і Лацінскую Амерыку.

Назва «Амерыка» прапанавана ў 1507 географам з Латарынгіі Вальдземюлерам.

Агульны пляц Амерыкі складае 42 549 000 км², што на 4,5% менш тэрыторыі Азіі і робіць яе другой па велічыні часткай свету. Найбуйнейшымі па тэрыторыі дзяржавамі з'яўляюцца Канада (9 984 670 км²), ЗША (9 147 593 км²) і Бразілія (8 515 767 км²). Агульная колькасць насельніцтва складае больш за 953 млн жыхароў, што робіць Амерыку трэцяй па насельніцтве часткай свету пасля Азіі і Афрыкі. Найбуйнейшымі па насельніцтве дзяржавамі з'яўляюцца Злучаныя Штаты Амерыкі (333 449 281 чал.) і Бразілія (207 353 391 чал.).

Гісторыя

Амерыка была ўпершыню заселена людзьмі з Азіі дзесьці ў прамежку паміж 42 і 14 тыс. гадоў таму. Хваля міграцыі эскімосаў / інуітаў за некалькі тысячагоддзяў да н. э. была апошняй з ліку карэнных амерыканскіх народаў (па традыцыі яны, за выключэннем эскімосаў і алеўтаў, насілі дадзеную ім еўрапейцам памылковую назву амерыканскіх індзейцаў).

Хрыстафор Калумб узначальвае экспедыцыю ў Новы Свет, 1492 год

Першымі еўрапейцамі, аб знаходжанні якіх у Амерыцы нам дакладна вядома, былі мараплаўцы-вікінгі на чале з Лейфам Эрыксанам. Зрэшты, адкрыццё Амерыкі традыцыйна датавалі эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў — 1492 годам, калі экспедыцыя Хрыстафора Калумба дасягнула выспаў Вест-Індыі. Еўрапейская каланізацыя Амерыкі прывяла да знішчэння шэрагу дакалумбавых цывілізацый, дэмаграфічнай катастрофы індзейцаў Амерыкі, масавай эміграцыі са Старога Свету і завозу афрыканскіх рабоў. У выніку адкрыццяў і заваёў розныя тэрыторыі ў Амерыцы былі падзелены паміж еўрапейскімі дзяржавамі — Іспаніяй, Партугаліяй, Англіяй, Францыяй, Нідэрландамі і Расіяй.

Цяпер пераважная большасць амерыканскіх краін з'яўляюцца суверэннымі дзяржавамі. Галоўнымі вехамі ў дэкаланізацыі былі Вайна за незалежнасць ЗША 1776—1783 гадоў, Гаіцянская рэвалюцыя 1791—1803 гадоў, Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы пад кіраўніцтвам Сiмона Балівара 1810—1826 гадоў і Вайна за незалежнасць Кубы.

Спасылкі