Перайсці да зместу

Албанцы ў Паўночнай Македоніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Албанцы з’яўляюцца гістарычна найбуйнейшай этнічнай, моўнай і рэлігійнай меншасцю ў Паўночнай Македоніі. Паводле дадзеных апошняга перапісу насельніцтва 2002 года, з 2 022 547 грамадзянаў Македоніі 509 083 (25,2 %) з’яўляюцца этнічнымі албанцамі. Албанская меншасць кампактна жыве ў сельскай мясцовасці ў паўночна-заходніх, заходніх, а таксама некаторых цэнтральных раёнах краіны, а таксама абсалютна пераважае ў двух гарадах краіны. У адносным выразе албанскія злучыны найболей значныя ў муніцыпалітэтах Цетава (70,3 % ад агульнай колькасці насельніцтва), Госцівар (66,7 %), Дэбар (58,1 %), Стругі (56,8 %), Кічава (54,5 %), Куманава (25,8 %) і Скоп’е (20,5 %)[1].

Асманскі перапіс 1467—1468 зафіксаваў наяўнасць усяго толькі 84 албанскіх хатніх гаспадарак на тэрыторыі ўсяго Македонскага вілаета. Да канца ХVIII наяўнасць этнічных албанцаў на тэрыторыі сучаснай Македоніі мела ў цэлым маргінальны характар. Аднак, асманскія ўлады, якія праводзілі даволі паспяховую палітыку ісламізацыі албанцаў, натуральна імкнуліся змяніць этна-рэлігійны баланс у рэгіёне на карысць мусульманаў з мэтай утварыць суцэльны мусульманскі арэал ад Басфора да Адрыятыкі. Асманскі намеснік албанскага паходжання Абдурахман-паша быў ініцыятарам рассялення албанамоўных мусульманаў усё далей на ўсход. Агрэсіўныя метады «зачысткі» насельніцтва вужэй наяўных селішчаў прыводзілі да адтоку славянскага насельніцтва ўсе далей на ўсход. Невялікія групы славянаў, якія засталіся ў албанамоўным асяроддзі, падпалі пад албанізацыю. У выніку, да 1931 года на тэрыторыі Македоніі колькасць албанцаў перавысіла 70 000 чалавек. Пасля ўсталявання дзяржаўнай мяжы з Албаніяй міграцыя албанцаў спынілася, аднак хуткі ўзрост албанскага насельніцтва працягваўся ў выніку высокай нараджальнасці: фертыльнасць албанскіх кабет пачала валіцца значна пазней, чым у славянаў, але з іншага боку зніжэнне нараджальнасці ў македонскіх албанцаў было больш імклівым. Да прыкладу, у 2001 годзе дзель албанцаў сярод нованароджаных набліжалася да 40 адсоткаў. Але ўжо ў 2004 годзе доля парадзіх-албанак апусцілася да 31,6 адсотка ад агульнага ліку кабет, якія нарадзілі дзяцей сёлета[2]. Абодва паказнікі, зрэшты, застаюцца значна вышэй долі албанцаў у насельніцтве рэспублікі, што азначае ўзрост іх долі ў будучыні да вышэйпаказаных паказнікаў.

Зноскі