Перайсці да зместу

Бамбуці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Жанчыны бамбуці

Бамбу́ці (фр.: Bambuti), або мбу́ці (фр.: Mbuti) — групы пігмеяў, што насяляюць паўночны ўсход Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, карэнныя насельнікі леса Ітуры.

Бамбуці не маюць асобнай мовы, размаўляюць на мовах суседніх народаў, аднак захоўваюць супольныя культурныя адрозненні.

Бамбуці лічацца карэннымі насельнікамі Цэнтральнай Афрыкі, нашчадкамі адных з першых людзей сучаснага тыпу, якія пасяліліся ў трапічных лясах, дзе вялі лад жыцця паляўнічых і збіральнікаў. Генетычныя даследаванні паказваюць, што продкі бамбуці доўгі час развіваліся вельмі ізалявана. Сучасныя бамбуці значна адрозніваюцца генетычна ад пігмеяў-тва з Уганды, што жывуць усяго ў 500 км ад іх[1]. Ізаляванасць была часткова разбурана ў выніку міграцыі непігмеяў у рэгіён Ітуры, аднак яна адбылася адносна нядаўна[2]. У выніку ўзаемадзеяння з абшчынамі больш высакарослых земляробаў і жывёлагадоўцаў бамбуці перанялі некаторыя культурныя рысы, у тым ліку мовы суседзяў. У нашы дні яны размаўляюць на мовах банту і цэнтральных суданскіх мовах, адпаведна моўнаму прынцыпу падзяляюцца на малыя народнасці эфэ, ака і суа.

Паляўнічы з сеткай

Культура бамбуці шчыльна звязана з эксплуатацыяй багаццяў трапічных лясоў. Яны захоўваюць лад жыцця паляўнічых і збіральнікаў. Паляванне на буйных жывёл звычайна калектыўнае. Мужчыны-паляўнічыя карыстаюцца лукамі, дзідамі, у некаторых выпадках — плеценымі сеткамі. У загонным паляванні з сеткамі прымаюць удзел і жанчыны. Здабычу дзеляць пароўну. Даследаванні паказалі, што бамбуці і астатнія пігмеі больш выбарчыя падчас палявання і забіваюць меней відаў жывёл, чым паляўнічыя з земляробчых вёсак[3]. Мяса некаторых жывёл, напрыклад дзіка, самі бамбуці не ядуць, але выкарыстоўваюць для абмену. Другі важны прадукт для абмену — мёд дзікіх пчол. Яго збіраюць сезонна. У ежу шырока ўжываюць казурак, слімакоў, змей, арэхі, ягады і карэнні ядомых раслін. Гендарны падзел працы строга не выконваецца.

Бамбуці славяцца размаляванымі тканінамі хатняй вытворчасці[4].

Важную ролю ў забеспячэнні адыгрываюць сувязі бамбуці з суседнімі народамі, што насяляюць Ітуры. Прадукты лясной гаспадаркі абменьваюцца на земляробчыя, прамысловыя тавары, алкагольныя напоі, тытунь і г. д. Акрамя таго, бамбуці прыцягваюцца да працы па збору ўраджаю, уладкаванню палеткаў, здабычы драўніны, за што атрымоўваюць натуральную плату[5]. Відавочна, абмен і выкарыстанне пігмеяў для працы ў вёсках існавалі здаўна. Гэта практыка толькі ўзмацнілася ў перыяд каланіялізму. Узніклі сталыя кантакты паміж насельнікамі пэўных вёсак і групамі бамбуці. Яны аказалі вялікі ўплыў на сацыяльную арганізацыю жыхароў Ітуры.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай з’яўляецца тэрытарыяльная група з 9—70 чалавек. Яна падзяляецца на малыя нуклеарныя сем’і, кожная з якіх займае асобную хаціну. Чальцы групы звычайна ўступаюць у шлюб толькі з прадстаўнікамі іншых груп. Пераход з адной групы ў іншую не забаронены. У нашы дні групы селяцца ў асобных сталых пунктах ўздоўж дарог або на ўскраінах вёсак. Фармальна імі кіруюць правадыры. Яны дамаўляюцца ад імя сваёй групы з суседзямі-непігмеямі, але не маюць рэчаіснай улады сярод суайчыннікаў. Рашэнні прымаюцца сумесна. Сацыяльная няроўнасць прадухіляецца тым, што ў бамбуці няма індывідуальнай уласнасці[6]. Падчас палявання і збіральніцтва група можа падзяляцца на больш дробныя калектывы. У перыяд лясных вандровак бамбуці ўзводзяць часовыя хаціны накшталт буданоў[7]. Будаўніцтвам жытла займаюцца жанчыны. Шлюбы звычайна манагамныя.

Сексуальныя сувязі пачынаюцца адразу пасля першых менструацый у дзяўчат, якія могуць запрашаць у спецыяльную хаціну найбольш спрытных юнакоў. Для заснавання сям’і асобных рытуалаў накшталт вяселля няма. Мужчына і жанчына папросту селяцца ў адной хаціне. Яны прызнаюцца мужам і жонкай пасля нараджэння першага дзіцяці. Галоўным у сям’і лічыцца мужчына, адлік сваяцтва вядзецца толькі па мужчынскай лініі. Аднак жанчыны маюць высокі статус, прымаюць удзел у паўседзённых рашэннях нароўні з мужам. Нараджэнне дзяцей адбываецца ў сямейнай хаціне. Парадзіхам аказваюць дапамогу іх сваячніцы. Магілы рыюцца пад падлогай хаціны, пасля чаго абрушваецца дах, і сям’я пераходзіць на іншае месца.

Рэлігійная практыка не ўключае магічных дзеянняў або ахвярапрынашэнняў. Бамбуці шануюць лес. Лічыцца, што ён населены шматлікімі духамі, у тым ліку духамі памерлых людзей. Гуртаванню груп садзейнічае святочная цырымонія маліма, якая арганізуецца ў гонар урачыстых падзей. Маліма — таксама назва духавога музычнага інструмента. Ігрой на ім суправаджаецца кожнае свята.

Узаемаадносіны з вонкавым светам

[правіць | правіць зыходнік]

Грамадства бамбуці доўгі час заставалася ізаляваным дзякуючы вандроўнаму ладу жыцця ў трапічным лесе. Аднак каля 2000 — 200 гадоў таму яны былі вымушаны пашырыць кантакты з непігмеямі, звычайна земляробамі, што сяліліся каля для іх тэрыторый. Першасна гэтыя кантакты ўяўлялі сабою абмен таварамі, прычым мяса і мёд, што здабываліся ў лесе, разглядаліся сярод земляробаў як каштоўныя прадукты. У каланіяльную эпоху недахоп працоўных рук на камерцыйных плантацыях выклікаў заахвочванне пігмеяў да працы на палетках. Пасля абвяшчэння незалежнасці Дэмакратычнай Рэспублікі Конга ўрад Мабуту Сесе Секо рабіў захады для ўкаранення аселага ладу жыцця[8]. Такім чынам, залежнасць бамбуці ад вонкавага свету толькі пашыралася. Гэты працэс меў спрэчныя наступствы.

Хаця сяляне Ітуры зацікаўлены ў супрацоўніцтве з ляснымі жыхарамі, яны разглядаюць бамбуці як ніжэйшых за сябе, усталёўваюць патранаж падобны на валоданне рабамі. Жыхары вёсак выступаюць у якасці судовых пасрэднікаў, уцягваюць пігмеяў у рынкавую эканоміку і свае традыцыйныя рытуалы[9]. Змены ў эканоміцы прывялі да камерцыялізацыі ладу жыцця саміх сялян, вынішчэнню лясоў і росту гарадоў. Попыт на тавары, што здабываюць бамбуці, скарачаецца. Бамбуці забаронена паляваць на тэрыторыях, адчужаных для стварэння нацыянальных паркаў. Каб знайсці сродкі для выжывання, пігмеі вымушаны наймацца на некваліфікаваную працу, вырошчваць і гандляваць марыхуанай[10]. Бамбуці амаль не маюць доступу да адукацыі і медыцынскага абслугоўвання.

Бамбуці не ўдзельнічалі ў ваенных канфліктах, але станавіліся іх ахвярамі. Так, у пачатку XXI ст. паўстанцы Руху за вызваленне Конга наўмысна вынішчалі пігмеяў. У дачыненні да апошніх былі пашыраны сексуальны гвалт і нават канібалізм[11]. Тыя бамбуці, хто пад ціскам ваенных дзеянняў або пашырэння нацыянальных паркаў пакідаюць населеныя раней землі, аказваюцца ў вельмі цяжкім сацыяльным становішчы[12].

Зноскі