Даўжыня цела 65—85 см, хваста 12—18 см, маса дарослых самцоў да 12 кг. Самкі трохі меншыя. Восенню барсукі вельмі тлусцеюць і павялічваюць сваю масу ў 1,5—2 разы. Тулава масіўнае, прыземістае. Канечнасці кароткія, з моцнымі кіпцюрамі, прыстасаванымі да рыцця. Агульная афарбоўка буравата-шэрая, з дробнай чорнай рабізной. Морда белая, уздоўж галавы праз вочы праходзяць чорныя палосы.
Вядзе напаўпадземны спосаб жыцця. Дзень праводзіць у нары, выходзіць у прыцемках і ноччу. Жыве сем'ямі. Актыўны з красавіка па кастрычнік—лістапад. На зіму ўпадае ў спячку. Корміцца карэннем і цыбулінамі раслін, ягадамі, жалудамі, пладамі яблынь і груш, дажджавымі чарвямі, лічынкамі і дарослымі насякомымі, амфібіямі, мышападобнымі грызунамі, яйкамі і птушанятамі.
Полавая спеласць у самак у 2, у самцоў — у 3 гады. Гон у сакавіку—красавіку і ў ліпені. Цяжарнасць з латэнтнай стадыяй, цягнецца 9—12 месяцаў. У сакавіку—красавіку нараджаецца 2—4 дзіцяняці. Працягласць жыцця 12—15 гадоў.
Биологический энциклопедический словарь / Гл. ред М. С. Гиляров. Ред. колл. А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др.. — 2-е изд. исправл. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 50. — 864 с. — 150 000 экз. — ISBN 5-85270-002-9.(руск.)
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5