Жан-Поль Сартр
Жан-Поль Сартр | |
---|---|
Jean-Paul Sartre | |
| |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | фр.: Jean-Paul Charles Aymard Sartre[1] |
Псеўданімы | Jacques Guillemin[2] |
Дата нараджэння | 21 чэрвеня 1905[3][4][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 15 красавіка 1980[4][6][…] (74 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Бацька | Jean-Baptiste Sartre[d] |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | драматург, эпістэмалаг, раманіст, сцэнарыст, біёграф, літаратурны крытык, эсэіст, змагар Супраціўлення, палітычны публіцыст, пісьменнік, філосаф, пацыфіст, публіцыст, інтэлектуал, паэт-песеннік |
Кірунак | Экзістэнцыялізм, атэізм, фенаменалогія, French philosophy[d], марксізм і continental philosophy[d] |
Мова твораў | французская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды | Нобелеўская прэмія па літаратуры |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Жан-Поль Сартр (фр.: Jean-Paul Sartre; 21 чэрвеня 1905, Парыж — 15 красавіка 1980) — французскі філосаф, пісьменнік і літаратуразнавец, прадстаўнік экзістэнцыялізму і фенаменалогіі. Пісаў п’есы і раманы, праз што экзістэнцыялізм стаў, асабліва ў Францыі, моднай плынню.
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Жан-Поль Сартр нарадзіўся ў Парыжы і быў адзіным дзіцём у сям’і. Яго бацька Жан-Батыст Сартр, афіцэр ваенна-марскіх сіл Францыі, маці — Ганна-Марыя Швейцэр. Па матчынай лініі Жан-Поль быў стрыечным пляменнікам Альберта Швейцэра. Калі Жан-Полю было ўсяго 15 месяцаў, памёр ягоны бацька. Сям’я перабралася ў бацькоўскі дом у Мёдоне.
Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1929). 3 1931 года выкладаў у ліцэях Парыжа, Гаўра і Ліёна. У час ІІ сусветнай вайны ўдзельнік руху Супраціўлення. 3 1945 года ўзначальваў часопіс «Les Temps Modernes» («Новыя часы»).
Яшчэ ў студэнцкія гады пазнаёміўся з Сімонай дэ Бавуар, якая стала не проста спадарожніцай яго жыцця, але яшчэ і аўтарам-аднадумцам.
Сартр быў удзельнікам майскіх падзей у Францыі 1968 г. (можна нават сказаць, іх сімвалам: узбунтаваныя студэнты, захапіўшы Сарбону, пусцілі ўнутр толькі Сартра), у пасляваенныя гады — шматлікіх дэмакратычных, мааісцкіх рухаў і арганізацый.
Жан-Поль Сартр памёр у 1980 годзе, і ў апошнюю дарогу яго праводзілі 50 тысяч чалавек.
Светапогляд
[правіць | правіць зыходнік]У цэнтры філасофіі Сартра — феномен чалавека і анталогія яго свядомасці. Крытыкаваў псіхааналіз і эксперыментальную псіхалогію, якія ператвараюць чалавека ў «раба сваіх эмоцый» і здымаюць з яго адказнасць; распрацаваў экзістэнцыяльна-псіхааналітычны метад, які даследуе асобу ў працэсе «самавынаходніцтва». На яго экзістэнцыялізм моцна ўплывае фенаменалогія Гусерля, Гегеля, а пазней і марксізм.
Першы асноўны трактат Сартра «Быццё і нішто», спроба фенаменалагічнай анталогіі, прысвечаны пытанню быцця. Ён адрознівае быццё-ў-сабе, незалежнае ад свядомасці быццё рэчы, і быццё-для-сябе — вызначэнне быцця чалавека, які існуе дзякуючы свядомасці. Быццё-ў-сабе не засноўваецца ні на самім сабе, ні на чымсьці іншым. Быццё-для-сябе мае здольнасць негацыяцыі, «нішто» з’яўляецца толькі з свядомасцю чалавека. «Быццё, праз якое ў свет прыходзіць небыццё, — гэта быццё, у якім размова ідзе пра ўласна небыццё: быццё, праз якое ў свет трапляе небыццё, з’яўляецца небыццём для самога сябе». Гэта вызначальнае для чалавечай экзістэнцыі. Яна змяшчае ў сабе пярэчанне сабе, г.зн. з’яўляецца супярэчлівай: быццё «з’яўляецца тым, чым яно не ёсць, і ёсць не тым, чым яно ёсць». Г.зн., што чалавек — гэта быццё, якое праектуе сябе праз цяперашнюю сучаснасць, што ў значнай меры вызначаецца яе мажлівасцямі. Дзякуючы гэтаму праекту чалавек падымаецца над сабою, ёсць тым, кім яшчэ не ёсць. Чалавек — не толькі тое, што ён ёсць, але і тое, кім сябе стварае.
Аснова быцця чалавека — гэта свабода, бо чалавек мусіць самавызначацца, г. зн. ствараць сябе такім, якім ён ёсць; ён асуджаны на свабоду.
Свабода — гэта негацыяцыя быцця-ў-сабе з дапамогай праекту.
Фактычная дадзенасць (напрыклад, рэчы, астатнія людзі, фізічныя целы) не знішчае свабоду, паколькі свабода адкрывае гэтыя межы; абмежаванні існуюць толькі ўнутры канкрэтнага праекту жыцця.
Паколькі, паводле канцэпцыі Сартра, Бога, які вызначае існаванне чалавека, няма, чалавек самастойна вызначае сваё існаванне. Чалавек нясе за сябе поўную адказнасць. Хоць ён таксама можа быць няшчырым з самім сабой.
Вялікае значэнне мае даследаванне адносін чалавека з Іншым. Сартр распрацоўвае структуру быцця-для-іншага шляхам аналізу погляду (які не абмяжоўваецца толькі вокам). Бачнасць Іншым азначае, што быццё індывіда пастаянна фарміруецца ў прысутнасці іншых. Толькі сам на сам з сабою асобны індывід аддаецца непасрэднай дзейнасці, ён не бачыць сябе ў сваёй свядомасці як такога, якім ён ёсць у час дзеяння. У бачанні Іншага ён паўстае аб’ектам, які ацэньваецца Іншым. Сартр тлумачыць гэта на прыкладзе «таго, хто падглядае». Аддаўшыся сваёй цікавасці, ён, не ўсведамляючы свайго Я, распускаецца ў сваіх дзеяннях. Неспадзявана яго застае хтосьці іншы: у тую хвіліну ён той, кім ёсць на самай справе: зайздросны падглядач.
Каб зразумець, хто ён ёсць, патрэбны Іншы. Падпадання пад уладу Іншага можна пазбегнуць, калі індывід свядома акрэсліць свае магчымасці. Тады ён спасцігае самасвядомасць без уваходжання ў ролю Іншага.
Гісторыю літаратуры Ж.-П. Сартр разглядаў у кантэксце агульнага культурна-гістарычнага працэсу, лічыў, што кожны літаратурны стыль быў «ангажаваны» пэўным класам, які імкнуўся да панавання ў грамадстве. Адстойваў сацыяльна-пераўтваральную функцыю літаратуры і канстатаваў крызіс заходне-еўрапейскай літаратуры ХХ ст. як вынік «дэкласаванасці пісьменнікаў» («Што такое літаратура?», 1947).
Літаратурная творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Празаічныя і драматычныя творы Ж.-П. Сартра прасякнуты экзістэнцыйнымі ідэямі адчужанасці ад знешняга свету і самаадчужанасці чалавека (раман «Млоснасць», 1938), немагчымасці пазбавіцца ад абсурднасці рэчаіснасці (зборнік апавяданняў «Мур», 1939), шляху да свабоды і цяжару адказнасці за выбар (п’еса «Мухі», 1943; незавершаная тэтралогія «Дарогі свабоды», 1945-49), асуджанасці на адзіноту (п’еса «Пры зачыненых дзвярах», 1945) і інш. Проза Сартра спалучае рысы традыцыйнага рэалізму, «плыні свядомасці» і натуралізму, эсэістычнасці і дакументалізму. Ён імкнуўся пашырыць межы біяграфічнага жанру: распрацаваў канцэпцыю «рамана рэальнай асобы», у якім разглядаў чалавека як «тыповую ўніверсальную адзінку сваёй эпохі», спалучаючы мастацкія метады з экзістэнцыялізмам, псіхааналізам і навуковым аналізам сацыяльнага асяроддзя. Прынцыпы «рамана рэальнай асобы» развіваў у творах «Бадлер» (1947), «Святы Жанэ, камедыянт і мучанік» (1952), аўтабіяграфічнай аповесці «Словы» (1964) і канчаткова замацаваў у рамане «Ідыёт у сям’і» (т. 1-3, 1971-72).
Асаблівае месца ў яго творчасці належыць драматургіі. У п’есах імкнуўся да прытчавасці і развіваў прынцыпы ўласнай канцэпцыі «тэатра сітуацый», у якім універсальныя першаасновы чалавечай экзістэнцыі выяўляюцца праз прызму канкрэтнай сітуацыі («Мёртвыя без пахавання», 1946; «Брудныя рукі», 1948; «Д’ябал і Гасподзь Бог», 1951; «Пустэльнікі Альтоны», 1960 і інш.).
На беларускую мову прозу і драматургію Ж.-П. Сартра перакладаў З. Колас.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Нобелеўская прэмія па літаратуры 1964, ад якой Ж.-П. Сартр адмовіўся.
Беларускія пераклады
[правіць | правіць зыходнік]- Мур: Апавяданні / Жан-Поль Сартр; Пер. з франц. З. Коласа. — Мн.: Маст. літ., 1991.
- Герастрат // Французская навела XX ст. Мн., 1992.
- Пры зачыненых дзвярах // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995.
- Мухі / Жан-Поль Сартр. Праведнікі / Альбэр Камю. Канец гульні: драматычныя творы / Самюэль Бэкет. — Мінск : З.Колас, 2005. — 176, [1] с. — (Бібліятэка французскай драматургіі; т. 2).
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ datos.bne.es: El portal de datos bibliográficos de la Biblioteca Nacional de España — 2011. Праверана 15 красавіка 2020.
- ↑ Libraries Australia Authorities
- ↑ Jean-Paul Sartre // Internet Broadway Database — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Jean-Paul Sartre // ISFDB — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
- ↑ Jean-Paul SARTRE // NooSFere — 1999. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ https://www.landrucimetieres.fr/spip/spip.php?article994
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кісялёва Н. Г. Сартр Жан Поль // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 187. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нарадзіліся 21 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1905 годзе
- Нарадзіліся ў Парыжы
- Памерлі 15 красавіка
- Памерлі ў 1980 годзе
- Памерлі ў Францыі
- Пахаваныя на могілках Манпарнас
- Выпускнікі ліцэя Генрыха IV
- Выпускнікі Вышэйшай нармальнай школы (Парыж)
- Выпускнікі ліцэя Людовіка Вялікага
- Выпускнікі Парыжскага ўніверсітэта
- Выкладчыкі ліцэя Кандарсэ
- Члены Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук
- Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па літаратуры
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі з Францыі
- Філосафы Францыі
- Літаратуразнаўцы Францыі
- Пісьменнікі Францыі
- Драматургі Францыі
- Франкамоўныя пісьменнікі
- Пацыфісты