Каірская геніза
Каірская геніза — найбуйнейшы архіў сярэдневяковага яўрэйства, захаваны ў генізе сінагогі горада Фустат (цяпер у межах Каіра). Дакументы, якія ахопліваюць больш за тысячагоддзе (з канца IX па канец XIX ст.), складзены яўрэйскім пісьмом на арабскай, яўрэйскай, арамейскай, ідыш і некаторых іншых мовах.
Сярод скарбаў каірскай генізы — кембрыджскі дакумент, кіеўскае пісьмо, фрагменты Карана і малітоўных тэкстаў іўдаізму, а таксама Кніга прамудрасці Ісуса, сына Сірахава. Большую ж частку дакументаў складаюць паўсядзённыя дзелавыя паперы купцоў і ліхвяроў. Агульная колькасць архіва складае каля 250 000 лістоў; у іх згадваюцца каля 35 000 асоб з Егіпта, Палесціны, Лівана, Сірыі, Туніса, Сіцыліі, Францыі, Іспаніі, Марока, Харэзма, Індыі і многіх іншых краін.
Рукапісы каірскай генізы, у адрозненне ад геніз у іншых цэнтрах дыяспары, ацалелі дзякуючы паўпустыннаму клімату Фустата. Першым гэтымі дакументамі зацікавіўся вандроўны рабін Якаў Сапір (1822—1888), аднак увагу шырокай навуковай грамадскасці да каірскага архіва прыцягнуў Саламон Шэхтэр, які вывез з Егіпта ў Кембрыджскі ўніверсітэт да 140 000 дакументаў. Яшчэ 40 000 каірскіх рукапісаў аселі ў Яўрэйскай тэалагічнай семінарыі у Нью-Ёрку. Вывучэнне архіва каірскай генізы стала справай жыцця ўсходазнаўца Шлома Гайтэйна[1].
Бібліятэка Манчэстэрскага ўніверсітэта, у распараджэнні якога знаходзяцца 11 000 дакументаў каірскай генізы, у наш час рэалізуе праект іх пераводу ў электронную форму і стварэння інтэрнэт-бібліятэкі каірскай генізы. Група ізраільскіх навукоўцаў выкарыстоўвае камп'ютарную тэхналогію для супастаўлення фрагментаў, многія з якіх уяўляюць сабой абрыўкі не больш як з цалю дыяметрам[2].
Зноскі
- ↑ Шлома Гайтэйн: A Mediterranean Society: The Jewish Communities of the Arab World as Portrayed in the Documents of the Cairo Geniza, Vol. I — Vol. VI.
- ↑ Computer Network Piecing Together a Jigsaw of Jewish Lore
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Каірская геніза
- Інтэрнэт-бібліятэка каірскай генізы