Лінія Уолеса
Лінія Уолеса — заходняя мяжа біягеаграфічнай пераходнай зоны паміж Азіяцкай і Аўстралійскай фаўнай, пралягае паміж астравамі Балі і Ламбок, паміж Барнеа і Сулавесі. Названа ў гонар навукоўца-біёлага Альфрэда Расела Уолеса, які даследаваў астравы Інданезіі паміж 1854 і 1862 гадамі. Першым даследчыкам, які паказаў на існаванне і месцазнаходжанне падобнай падзяляльнай лініі, быў, аднак, арнітолаг Філіп Латлі Склейтэр у 1857 г.
На ўсходзе пераходная зона абмежавана Лініяй Лідэкера, якая аддзяляе Малукскія і Малыя Зондскія астравы ад Новай Гвінеі. Пераходная зона вельмі цікавая, з прычыны таго, што і на сушы і ў моры ў ёй сустракаецца мноства эндэмічных відаў. Гэты рэгіён ахоплівае 346 тысяч км² і адносіцца да так званых Hotspots — ключавых рэгіёнаў Зямлі з найбольшай біяразнастайнасцю. Часткова фаўна і флора ў ім знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай знікнення. Да прыкладу, 62 % відаў млекакормячых, 27 % птушак, 62 % паўзуноў і 76 % земнаводных, якія насяляюць востраў Сулавесі, з’яўляюцца эндэмікамі і знаходзяцца пад пагрозай вымірання. На Сулавесі і на ўсход ад яго жывуць сумчатыя, роднасныя аўстралійскім кенгуру і посумам, у той час як на захад ад гэтага вострава, на Барнеа, іх не існуе.
У эпоху апошняга ледавіковага перыяду размешчаныя на захад ад лініі Уолеса вострава Суматра, Ява, Балі і Барнеа былі звязаны з азіяцкім кантынентам, а некаторыя з астравоў на ўсход ад яе, у тым ліку Новая Гвінея — з аўстралійскім. Такім чынам, на астравы на ўсход ад лініі Уолеса з абодвух бахоў маглі распаўсюджвацца віды, якія жылі там.