Перайсці да зместу

Мужчынская зборная Іспаніі па баскетболе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мужчынская зборная Іспаніі па баскетболе (ісп.: Selección de baloncesto de España) — каманда, якая прадстаўляе Іспанію ў міжнародных баскетбольных спаборніцтвах сярод мужчын. Кіраўнічым органам зборнай выступае Федэрацыя баскетбола Іспаніі. Займае ў рэйтынгу ФІБА другое месца. Трохразовы віцэ-чэмпіёны Алімпійскіх гульняў (1984, 2008, 2012), чэмпіёны свету 2006 і 2019 года, трохразовы чэмпіёны Еўропы (2009, 2011 і 2015).

Доўгі час на працягу 1960—1990 гадоў зборная Іспаніі ў Еўропе знаходзілася ў цені югаслаўскіх (пазней — сербскіх і харвацкіх), савецкіх (пазней — расійскіх і літоўскіх), грэчаскіх і італьянскіх баскетбалістаў. На 20 чэмпіянатах Еўропы ў 1959—1997 гадах іспанцы здолелі толькі тройчы патрапіць у прызёры (срэбра 1973 і 1983 гадоў, а таксама бронза 1991 года).

Поспехі зборнай Іспаніі пачаліся на мяжы XX і XXI стагоддзя. У зборнай з’явіліся маладыя Хорхэ Гарбахоса, Пау Газоль, Хуан Карлас Навара, Хасэ Мануэль Кальдэрон і іншыя. У 1999, 2001 і 2003 гадах іспанцы тройчы запар станавіліся прызёрамі чэмпіянату Еўропы. У 2006 годзе ў Японіі іспанцы ўпершыню ў сваёй гісторыі выйшлі ў фінал чэмпіянату свету, ва ўпартым паўфінале перайграўшы аргенцінцаў з лікам 75:74. У фінале іспанцы упэўнена разграмілі грэкаў 70:47, Пау Газоль быў прызнаны самым каштоўным гульцом турніру. У 2008 годзе іспанцы выйгралі срэбра на Алімпіядзе ў Пекіне (паражэнне ў фінале ад зборнай ЗША 107:118), а праз 4 гады на Гульнях у Лондане зноў сталі другімі пасля амерыканцаў. У 2009 і 2011 гадах зборная Іспаніі выйгравала чэмпіянат Еўропы (у сімвалічныя зборныя гэтых турніраў траплялі Пау Газоль, Хуан Карлас Навара і Рудзі Фернандэс).

Многія гульцы зборнай Іспаніі ў 2000—2010 гадах сталі прыкметнымі фігурамі ў клубах НБА — Пау Газоль (двухразовы чэмпіён НБА ў складзе «Лэйкерс»), Марк Газоль, Хасэ Мануэль Кальдэрон, Серж Ібака, Рыкі Рубіа і іншыя.

Рэкардсмен зборнай па колькасці матчаў — Хуан Антоніа Сан-Эпіфаніа (239 гульняў).