Тэкставы рэдактар
Тэкставы рэдактар — самастойная камп’ютарная праграма ці кампанент праграмнага комплексу (напрыклад, рэдактар зыходнага кода, інтэграванага асяроддзя распрацоўкі ці акно ўводу ў браўзеры), прызначаная для стварэння і змянення тэкставых даных увогуле і тэкставых файлаў у прыватнасці[1].
Радковы тэкставы рэдактар (англ.: line editor) працуе з тэкстам як з паслядоўнасцю пранумараваных радкоў, выконваючы аперацыі над тэкстам ва ўказаных радках[2]. Прыкладам такога рэдактара можа быць edlin, які ўваходзіў у склад MS-DOS.
Кантэкстны (радковы) рэдактар (англ.: context editor), прыкладам якога можа быць ECCE (англ.: Edinburgh Compatible Context Editor)[3], выконвае аперацыі над тэкстам у бягучай пазіцыі.
Экранны тэкставы рэдактар дазваляе карыстальніку перасоўваць курсор у тэксце з дапамогай клавіш ці іншых прылад уводу[4].
Тэкставыя рэдактары прызначаны для працы з тэкставымі файламі ў інтэрактыўным рэжыме. Яны дазваляюць праглядаць змесціва тэкставых файлаў і здзяйсняць над імі розныя дзеянні — устаўку, выдаленне і капіраванне тэксту, кантэкстны пошук і замену, сартаванне радкоў, прагляд кодаў сімвалаў і канвертаванне кадзіровак, друк і г. д.
Часта інтэрактыўныя тэкставыя рэдактары маюць дадатковы функцыянал, прызначаны для аўтаматызацыі дзеянняў рэдагавання (ад запісваных паслядоўнасцей націсканняў клавіш да паўнацэнных убудаваных моў праграмавання), ці паказваюць тэкставыя звесткі адмысловым чынам (напрыклад, з афарбоўкай сінтаксісу).
Многія тэкставыя рэдактары з’яўляюцца рэдактарамі зыходнага кода, гэта значыць, яны арыентаваныя на работу з тэкстамі праграм на пэўных камп’ютарных мовах.
Тэкставыя працэсары
[правіць | правіць зыходнік]Тэкставыя працэсары арыентаваны на афармленне і фарматаванне тэкстаў і ўнясенне ў іх старонніх аб’ектаў (шрыфтоў, табліц, формул, графікаў і інш.) і характарызуюцца наяўнасцю WYSIWYG-рэжыму. Паколькі ў тэкставым фармаце не прадугледжана захоўванне інфармацыі аб афармленні тэксту, тэкставыя працэсары працуюць альбо з файламі, у якіх тэксты аформлены з дапамогай якой-небудзь мовы разметкі, накшталт HTML, альбо з файламі ўласных «двайковых» фарматаў.
Зноскі
- ↑ Text editor // Collins dictionary
- ↑ Кочергин 2008.
- ↑ ECCE
- ↑ Толковый словарь по вычислительной технике = Computer Dictionary. — Microsoft Press, «Русская редакция», 1995. — С. 151-152. — 496 с. — ISBN 5-7502-0008-6.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Каймин В. А. 1.4. Редактирование текстов на ЭВМ // Информатика: учебник. — 2-е изд., перераб. и доп. — М.: ИНФРА-М, 2001. — 272 с. — («Высшее образование»). — ISBN 5-16-000612-5.
- Воройский Ф. С. Информатика. Новый систематизированный толковый словарь-справочник. — 3-е изд. — М.: ФИЗМАТЛИТ, 2003. — 760 с. — (Введение в современные информационные и телекоммуникационные технологии в терминах и фактах). — ISBN 5-9221-0426-8.
- Кочергин В. И. Англо-русский толковый научно-технический словарь по системному анализу, программированию, электронике и электроприводу. — Томск: ОАО «НПЦ «Полюс», 2008. — Т. 1. — 652 с. — (В 2-х т.). — ISBN 5-7511-1937-1.