Перайсці да зместу

Царква Святога Духа (Беласток)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
храм
Царква Святога Духа
польск.: Cerkiew Świętego Ducha
Царква і званіца (2011 г.)
Царква і званіца (2011 г.)
53°08′48″ пн. ш. 23°07′18″ у. д.HGЯO
Краіна  Польшча
Горад
Канфесія праваслаўе
Епархія Беластоцка-Гданьская епархія
Тып будынка царква
Будаўнік Прыход Святога Духа
Заснавальнік мітрапаліт Сава
Дата заснавання 16 мая 1999
Будаўніцтва 1 жніўня 19821999
Будынкі
царква • званіца • капліца
Матэрыял цэгла
Стан дзейны
Сайт swietegoducha.cerkiew.pl
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Царква́ Свято́га Ду́ха (польск.: Cerkiew Świętego Ducha) — хрысціянскі храм у Беластоку (Падляскае ваяводства, Польшча). Асвечаны ў маі 1999 года.

Уваходзіць у склад Беластоцкага дабрачыння Беластоцка-Гданьскай епархіі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 2006—2012 гадах побач з царквой пабудавалі 70-метровую званіцу, на якой усталявалі антэну Радыё «Артадоксія», адкуль тое вяшчае на частаце 102,7 мегагерц. 4 чэрвеня 2012 года пры царкве асвяцілі капліцу ў гонар праваслаўных жыхароў Беласточчыны, якія загінулі ў 1939—1956 гадах[1].

Царква Святога Духа ў Беластоку мае 5 купалоў, якія сімвалізуюць Ісуса Хрыста (пасярод) і 4 апосталаў-евангелістаў. Сцены і купалы маюць выгляд прыпадобнены да языкоў полымя. 8-кутны неф мае плошчу звыш 800 м². Пад ім размяшчаецца галоўны ахвярнік царквы, да якога на ўсходзе прымыкае бакавы ахвярнік у гонар Святога Савы. Галоўны неф таксама спалучаецца з хрысцільняй, рызніцай і прытворам. У царкве таксама размяшчаецца эмпора для хора.

Званіца служыць брамай побач з храмам і мае квадратны падмурак з даўжынёй бока 12 метраў. 70-метровая вежа званіцы змяшчае 10 званоў на 3-х узроўнях на вышыні ад 26 метраў. 6 званоў адлілі ў Венгрыі. Яшчэ 4 — у Нідэрландах. Пры дапамозе камп’ютара званы могуць граць 4 мелодыі, складзеныя Уладзімірам Пятроўскім з Архангельска (Расія). Найцяжэйшы звон важыць 800 кг, найлягчэйшы — 18 кг. Таксама на званіцы ўсталявалі антэну праваслаўнага Радыё «Артадоксія», адкуль тое вяшчае на частаце 102,7 мегагерц. Звонку будынак званіцы аздоблены выявамі крыжоў і мазаікай з выявамі Ісуса Хрыста з адчыненым і зачыненым Евангеллем, Багародзіцы і Пакрову. Пад імі размяшчаецца мазаіка з выявамі абразоў 4-х апосталаў-евангелістаў і Збаўцы Нерукатворнага, святых Юрыя і Мікалая, Чэнстахоўскага абраза Багародзіцы. Агульная плошча мазаікі, якую стварылі іканапісцы з Данецка, склала 60 м²[2].

4 чэрвеня 2012 года беластоцка-гданьскі епіскап Якаў асвяціў пры царкве Святога Духа ў Беластоку капліцу ў гонар праваслаўных жыхароў Беласточчыны, якія загінулі ў 1939—1956 гадах. На асвячэнні прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады і дыпламаты Амбасады Беларусі ў Польшчы і Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку. Студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў вырабілі для капліцы мазаічнае пано[1].

Капліца ў гонар праваслаўных пакутнікаў Падляшша (2016 г.)

Капліцу пабудавалі ў 2009—2012 гадах за кошт ахвяравання прыхаджанамі звыш 70 000 злотых ($23 тыс.). Збудаванне ўзвялі з жалезабетону і пакрылі чырвоным мармурам і купалам з крыжам паводле задумы архітэктараў Яна Кабаца і Стэфана Вышкоўскага. Студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў на чале з прафесарам Уладзімірам Зінкевічам выступілі стваральнікамі мазаікі з выявамі Ісуса Хрыста, Багародзіцы і святых Гаўрыіла Заблудаўскага і Афанасія Брэсцкага. У аснове помніка ляжыць валун з дошкай, на якой змясцілі надпіс на польскай мове: «Уціхаміраныя вёскі: Канцавізна, Папоўка, Патока, Райск, Сыпні, Шпакі, Волька Выганоўская, Заляшаны, Зані… і іншыя». Унізе помніка змясцілі памятную дошку з надпісам па-царкоўнаславянску і па-польску: «Праваслаўным ахвярам Другой сусветнай вайны, пакутнікам за веру і народнасць у 1939—1956 гадах, Святым Падляскай зямлі»[2].

Унутры царквы (2013 г.)

Іканастас горнай царквы Святога Духа ў Беластоку распрацаваў Ян Кабац. Яго выраб ажыццявілі за 10 гадоў, 4 з якіх дубовую драўніну сушылі. Разьбу выканалі 4 разьбяры з Мінску (Беларусь) і 4 разьбяры з Пачаева (Украіна). Звыш 260 абразоў іканастасу напісалі Віктар Доўнар і Аляксандр Лось. Сцены царквы пакрылі роспісам агульнай плошчай 6500 м². Уверсе галоўнага купала размяшчаецца надпіс са словамі з Старога Запавета на царкоўнаславянскай мове: «Святы, Святы, Святы Гасподзь Саваоф! Уся зямля поўная славы Тваёй» (Кніга прарока Ісаі 6:3). Пад надпісам змясцілі выявы 6-крылых анёлаў (херувім). Пад купальнымі вокнамі намалявалі постаці арханёлаў, пад якімі размясцілі пачатак 148-га псалму: «Хвалеце Госпада з нябёсаў, хвалеце Яго ў вышынях. Хвалеце Яго, усе анёлы Яго, хвалеце Яго, усе войскі Яго» (Псалтыр. Кніга 5-я. Псалма 148:1-2). Усясвечнік мае ў радыусе звыш 6 метраў і важыць 1200 кг. Верхняя яго частка ўзвышаецца да пачатку купала, ніжняя — сягае ўніз на вышыню 9 метраў ад падлогі. Жырандолю вырабілі ў майстэрні ў Мінску (Беларусь). Мармур і граніт для падлогі прывезлі з Беларусі і Украіны. Мармуровую хрысцільню з магчымасцю падагрэву вады спраектаваў Веслаў Кісялеўскі[2].

Уваход у царкву (2013 г.)

У лютым 1981 г. беластоцкі епіскап Сава дамогся дазволу на ўзвядзенне ў Беластоку новага хрысціянскага храма. У снежні 1981 года епіскап Сава выбраў зямельную дзялянку ў раёне Антанюк па Фабрычнай вуліцы, дзе праваслаўны прыход набыў зямлю ў мясцовых жыхароў. 1 жніўня 1982 г. беластоцкі епіскап асвяціў падмуркавыя камяні храма, у якія заклалі каменне з Гасподняй Труны ў Іерусаліме, берагу ракі Іардан і гары Афон у Грэцыі. Япіскап Сава даручыў нагляд за будаўніцтвам айцу Серафіму Жалезняковічу. Пры будоўлі дзейнічала часовая капліца. 16 чэрвеня 1982 года заснавалі прыход Святога Духа, які ахапіў раёны Антанюк, Беласточак, Дзесяціны, Антанюкоўскія Сады, Прыязнасць, Высокі Сточак, Марчук і Сонечны Схіл. У 1983 г. першым парахам прыходу стаў айцец Юрый Барэчка, які заняўся закупам будаўнічых матэрыялаў. Будаўніцтва сіламі прыхаджанаў узначаліў Аляксандр Літвіненка. 25 снежня 1988 (7 студзеня 1989) года ў літургічнае выкарыстанне аддалі дольную царкву, размешчаную ў склепе храма. 16 мая 1999 года ўжо ў сане варшаўскага мітрапаліта Сава асвяціў царкву Святога Духа ў Беластоку. З Беларусі ў асвячэнні ўдзельнічаў гродзенскі епіскап Арцемій, які прадстаўляў Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы.

У 2000 годзе ўсталявалі люстру. У 2001 годзе ў стварэнні вітражоў з размалёўкай і аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі для храма ўзялі ўдзел беларускія мастакі В. Чайка, С. Рабашчук і Б. Скрамблевіч[3]. У 2003 г. айцец прыхода Юрый Барэчка запрасіў для стварэння ўнутры храма фрэсак іканапісцаў з Данецка (Украіна) на чале з Уладзімірам Цялічкам, які быў дасведчаны таксама ў іканапісе Балгарыі, Беларусі і Расіі. У 2006—2012 гадах Уладзімір Троц і Міхал Хомчык прыбудавалі званіцу вышынёй 70 метраў паводле задумы Яна Кабаца і Мікалая Малешы[2].

Пасля асвячэння ў маі 1999 г. царкву Святога Духа ў Беластоку наведалі беларускі экзарх Філарэт (22 лістапада 2000 г.) і патрыярхі 7 праваслаўных цэркваў: румынскі — 6 кастрычніка 2000 г., александрыйскі — 21 жніўня 2001 г., сербскі — 23 кастрычніка 2001 г., грузінскі — 3 верасня 2005 г., іерусалімскі — 26 чэрвеня 2010 г., маскоўскі — 18 жніўня 2012 г.[2], антыяхійскі — 21 жніўня 2016 года.

Зноскі

  1. а б Барыс Пракопчык. Праваслаўным жыхарам Беласточчыны // Жырандоля. — 9 чэрвеня 2012. — № 19 (148). — С. 6.(недаступная спасылка)
  2. а б в г д Марак Лаўрашук. Прыход Святога Духа ў Беластоку. 30 год: 1982—2012 = польск.: Parafia Świętego Ducha w Białymstoku. 30 lat 1982–2012. — Беласток: Праваслаўны прыход Св.Духа, 2012. — С. 13-135. — ISBN 978-83-9323914-6.
  3. Л. Ф. Салавей. Чурыла Уладзімір Усеваладавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).