Вадзяны казёл — буйная і моцная антылопа. Вышыня дарослых самцоў у карку дасягае 130 см, вага — 250 кг. Самкі менш, але ненашмат[1].
Назва гэтай антылопы на большасці моў — пераклад слова waterbok на мове афрыкаанс.
Афарбоўка жывёлы — буравата-шэрая, аднатонная, але на задняй часткі спіны, ля хваста, маецца белая пляма ў выглядзе кальца або падковы. Белыя плямы таксама ёсць ля вока і на горле. Поўсць густая, але грубая; на шыі кароткая грыва.
Рогі ёсць толькі ў самцоў. Цяжкія, шырока расстаўленыя, вілападобныя, яны злёгку загінаюцца наперад і дасягаюць больш за метр у даўжыню[1].
Голас вадзянога казла даволі своеасаблівы. Гэта звонкі, часта паўтаральны крык, падобны адначасова на брэх і звон, як пры ўдары па метале.
Колькасць вадзяных казлоў адносна высокая, а ў апошнія гады ў ПАР і Намібіі яна нават вырасла. Згодна Міжнароднай Чырвонай кнізе лічыцца адным з відаў, «якія знаходзяцца пад невялікай пагрозай»[заўв. 1].
Назва антылопы не адпавядае яе ладу жыцця. Да вадаёмаў вадзяны казёл падыходзіць звычайна не часцей, чым іншыя насельнікі саванны, але ахвотна кідаецца ў ваду пры ўзнікненні небяспекі, напрыклад, нападзе драпежніка[2]. Вадзяныя казлы добра плаваюць.
Як і іншыя прадстаўнікі падсямейства, вадзяны казёл аддае перавагу зарослым хмызнякам і паасобным дрэвам рачным далінам, хоць нярэдка яго можна сустрэць і сярод сухой хмызняковай саванны або нават у зусім бязлесным стэпе, напрыклад, у кратары Нгорангора. Дарослыя самцы вядуць самотны лад жыцця; самкі і моладзь утвараюць невялікія групы, якія ў сухі сезон аб’ядноўваюцца ў статкі[1].
На сваёй тэрыторыі яны не здзяйсняюць далёкіх пераходаў, аддаюць перавагу аселаму жыццю. Днём вадзяныя казлы адпачываюць. Корм (які складаецца ў асноўным з травяністай, часта воднай расліннасці) і ваду яны шукаюць раніцай і ў другой палове дня, да самага вечара.
Старыя самцы валодаюць значным індывідуальным участкам, на якім у перыяд гону стараюцца ўтрымаць статак самак. Паміж самцамі нярэдка бываюць бойкі. Перад пачаткам турніру байцы становяцца адзін супраць аднаго з шырока расстаўленымі пярэднімі нагамі, апусціўшы галаву да зямлі. Падчас бітвы самцы, скрыжаваўшы рогі, упіраюцца лбамі і імкнуцца прыціснуць галаву праціўніка. Перад спарваннем самец, пераследуючы самку, кладзе галаву і шыю ёй на крыж.
Цяжарнасць доўжыцца 7-8 месяцаў. Масавы ацёл прымеркаваны да пачатку дажджлівага перыяду. Самка прыносіць у год аднаго цяля рыжаватай афарбоўкі. Нованароджаныя важаць каля 13 кг[2].
Скурныя залозы вадзяных казлоў вылучаюць асаблівы сакрэт, які змочвае поўсць і выдае рэзкі своеасаблівы «казліны» пах. Гэты пах пры не вельмі ўмелым разбіранні тушы часта перадаецца мясу, з-за чаго вадзяны казёл у шэрагу месцаў Афрыкі (асабліва сярод белага насельніцтва) лічыцца нізкасортнай дзічынай. Гэта не перашкаджала ў мінулым здабываць вадзяных казлоў ў вялікай колькасці дзеля трывалай шкуры. Цяпер вадзяны казёл — аб’ект выключна спартыўнага палявання, на які існуе пастаянны попыт, асабліва ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.
У вадзянога казла ў прыродзе шмат ворагаў і акрамя чалавека. Гэта, у першую чаргу, буйныя кошкі — леў, леапард і гепард.