La Vita Nuova
La Vita Nuova | |
---|---|
La Vita Nuova | |
Жанр | Аўтабіяграфія Псіхалагічны раман |
Аўтар | Дантэ Аліг'еры |
Мова арыгінала | Тасканская (Тасканскі дыялект італьянскай мовы) |
Дата першай публікацыі | 1295 |
Прысвечаны | Guido Cavalcanti[d][1] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
La Vita Nuova — (Новае жыццё) — зборнік твораў, напісаных Дантэ Аліг'еры у 1283—1293 гг. Напісана празіметрам — літаратурнай формай з чаргаваннем фрагментаў верша і прозы. Адзін з найраннейшых літаратурных твораў, напісаных у Італіі на італьянскай (а не на лацінскай) мове; паспрыяў кадыфікацыі тасканскай мовы (або, паводле другой класіфікацыі, тасканскага дыялекта італьянскай мовы). La Vita Nuova — гэта аўтабіяграфічная споведзь, створаная Дантэ пасля смерці Беатрычэ.
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Дзеянне адбываеццацца з першай сустрэчы галоўных герояў — Дантэ і яго каханай Беатрычэ, калі ім абоім было па дзевяць гадоў.
«Дух жыцця» тады задрыжаў у глыбіні Дантавай душы, і з тых часоў каханне непадзельна завалодала яго сэрцам. Праз дзевяць гадоў ён сустрэў Беатрычэ зноў: яна вітала яго лёгкім рухам галавы і напоўніла яго невымоўнай асалодай. Ён паспаспяшаўся дадому і ў хваляванні напісаў свой першы санет. Другім разам ён сустрэў Беатрычэ ў касцёле і, баючыся выдаць тайну свайго сэрца, зрабіў выгляд, што цікавіцца іншымі дамамі. Зламысныя людзі паведамілі пра гэта Беатрычэ, і яна больш не віталася з ім. Дантэ гараваў, але сябар памог яму ўбачыць Беатрычэ сярод іншых дам, якія сабраліся на нейкім вяселлі; Дантэ адчуў такое хваляванне і бянтэжанне, што Беатрычэ насмяялася з яго. Гэта кінула паэта ў новае гора — паплакаўшы, ён вызначыў, што не будзе больш шукаць сустрэчы, бо няздольны валодаць сабой пры каханай[2].
Другая палова «La Vita Nuova» адкрываецца сцверджаннем Дантэ, што з гэтага часу ён прысвеціць сябе апяванню Беатрычэ — гэта стане крыніцай яго радасці. Неўзабаве пасля гэтага Беатрычын бацька памірае і паэт адгукаецца на гэта глыбокім спачуваннем. Дантэ і сам захварэў. Прыкаванага хваробай да ложка, яго раздзіраюць змрочныя прадчуванні і думкі пра смерць. У трызненні ён чуе прадвесце сваёй смерці; бачыць ілюзіі, якія множацца і робяцца ўсё безвыходнейшымі. Ён бачыць, як гасне сонца, як бляднеюць і плачуць зоркі; птушкі падаюць мёртвымі на ляту, зямля дрыжыць і чуваць невядомы голас: «Ты нічога не ведаеш? Твая каханая памерла!» Неўзабаве паэту паведамілі пра яе смерць. Увесь свет апусцеў для яго; смерць Беатрычэ для Дантэ —грамадскае бедства, і ён апавяшчае пра яе высакародных патрыцыяў Фларэнцыі.
На працягу наступных двух гадоў Дантэ спрабуе суцешыцца грунтоўнай работай думкі. Пякучасць страты трохі менее: погляды адной дамы, якая пашкадавала юнака ў горы, уліваюць у ягонае сэрца пачуццё кахання. Ён робіць тую даму прадметам сваіх мрой і забывае пра Беатрычэ, але ненадоўга. Дантэ скора адумваецца, вяртаецца да адзінага і сапраўднага кахання і заканчвае кнігу ўрачыстым абяцаннем увекавечыць памяць Беатрычэ паэтычным творам, на які не натхняла яшчэ ні адна жанчына[2]
Структура твора
[правіць | правіць зыходнік]«La Vita Nuova» змяшчае сорак два кароткія раздзелы з каментарыямі, у іх уключаны дваццаць пяць санетаў, тры канцоны, адна балада і два вершаваныя ўрыўкі. Вершы «La Vita Nuova» сіметрычна згрупаваныя вакол другой канцоны «Маладая донна ў бляску спагады», якая ўтварае кампазіцыйны цэнтр кнігі. Дантавы каментарыі ў дзвюх частках тлумачаць кожны верш, уводзячы яго ў кантэкст біяграфіі. Раздзелы маюць вершы, якія складаюцца з трох частак: паўаўтабіяграфічнага расказу, лірыкі, напісанай пад уплывам абставін, і коратка структураванага нарыса пра лірыку. Вершы задаюць тэмп апавяданню, якое расказвае пра Дантава каханне да Беатрычэ з першага погляду, што ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве, пра ўвесь шлях да жалобы па яе смерці і пра ягоную рашучасць напісаць пра каханую то, «што ніколі не было напісана ні пра адну жанчыну». Кожная асобная частка каментарыяў раскрывае ідэю Дантэ аб рамантычным каханні як першай ступені духоўнага развіцця, якое прыводзіць да разумення чароўнага кахання. Насуперак традыцыям, у «La Vita Nuova» Дантэ звяртаўся да чытачоў, апіраючыся на ўласны досвед — а таксама напісаў гэты раман на гутарковай італьянскай мове, а не на мёртвай лацінскай, — такім шляхам сцвярджалася паэтычная школа «салодкага новага стылю» (італ. «Dolce stil nuovo») са сваймі формамі і прыёмамі[3].
Аналіз
[правіць | правіць зыходнік]У гэтым першым у Еўропе псіхалагічным рамане пачуццё кахання набывае небывалую да таго вышыню і духоўнасць. Гэта першае ўвасабленне таго простага і разам незвычайна складанага, багатага на многія наступствы пачуцця, якое вызначыла развіццё запаветных бакоў Дантавай душы. Каханне Дантэ чуллівае ў сваёй наіўнасці і свежасці, аднак разам з тым у ім адчуваюцца подых суровага і ўважлівага да сябе духу, рука мастака, які думае адразу пра многае, якога турбуюць найскладанейшыя драмы сэрца. Вобразныя апісанні цнот і годных якасцей Беатрычэ, пранікнёны аналіз экстатычнага кахання Дантэ надаюць яркасць і адухоўленасць яго схематычным літаратурным прыёмам[2].
У творы аб'яднаныя традыцыі паэзіі трубадураў, якія выстраілі іерархію любоўнага пачуцця — ад простага захаплення да вышэйшага прасвятлення, і паэтычны «салодкі новы стыль», якія ўсхвалялі ў каханні крыніцу паэтычнага натхнення. У Дантавым рамане гаворка ідзе пра зямное каханне з дамай, што выступае як «шырма» і пра каханне «высокае», дзякуючы якому шчаслівы выбраннік наражаецца наноў. Юная Беатрычэ Партынары, якую паэт бачыў толькі тры разы ў жыцці, выклікала ў яго цнатлівае пачуццё, што духоўна ператварыла яго[4]. Раман змешвае паэзію і прозу, выкладаецца канкрэтна і алегарычна. Да алегорый у творы варта аднесці сны, святыя лічбы 9 і 18, большасць абазначэнняў колераў. Алегарычны і цэнтральны жаночы вобраз: Беатрычэ ўвасабляе філасофскі пачатак, які вядзе чалавека да Бога, да пазнання навакольнага свету і самога сябе[4].
Дантэ і ягонае «Новае жыццё» паўплывалі на многіх паэтаў, у тым ліку на найбуйнейшага паэта рускага сімвалізму, Аляксандра Блока. Для генезісу Блокавых вершаў аб Высокай Даме творчасць Дантэ гэтак жа важная, як і творчасць Гётэ, Петраркі і Уладзіміра Салаўёва.
Зноскі
- ↑ Brozović D., Ladan T. Hrvatska enciklopedija — LZMK, 1999. — 9272 с. Праверана 5 красавіка 2024.
- ↑ а б в Комментарий Б. Кржевского к «Божественной комедии» . Архівавана з першакрыніцы 1 верасня 2017. Праверана 2 верасня 2017.
- ↑ Голенищев-Кутузов И. Н., Хлодовский Р. И. Данте Алигьери Литература Италии : Литература XIII-XIV вв. / АН СССР; Ин-т мировой лит. им. А. М. Горького. — М. : Наука, 1985. — Т. 3. — С. 51—52.
- ↑ а б Зарубежные детские писатели в России. Биобиблиографический словарь / под общ. ред. И. Г. Минераловой. — 2-е. — М.: Флинта:Наука, 2011.