Leucopsar rothschildi — від вераб’інападобных з сямейства шпаковых (Sturnidae). Адзіны прадстаўнік роду Leucopsar. Птушка цалкам белая, за выключэннем цёмных канцоў махавых і рулявых пёраў і блакітнаватага кольца вакол вока. Гэты эндэмічны від сустракаецца толькі на паўночным захадзе в. Балі. У 1926 годзе засяляў паласу лясоў уздоўж узбярэжжа шырынёй 40 і даўжынёй каля 120 км. Праз 50 гадоў засталося, верагодна, каля 500 асобін, а плошча іх месцапражывання скарацілася да 200 км². Палавой сталасці дасягаюць да 2 гадоў. Гняздуюцца ў дуплах дрэў у дажджлівы сезон года (студзень — сакавік). Адкладае 2-5 светла-блакітных яек. На працягу 12-14 дзён самка і самец наседжваюць кладку, а затым выкормліваюць птушанят на працягу 5 тыдняў рознымі насякомымі.
З-за высечкі лясоў, месцапражывання віду, скарачаецца і колькасць птушак. Да 1970 года плошча іх месцапражывання скарацілася прыкладна да 200 км². Прычынай гэтаму было як антрапагеннае змяненне ландшафту (стварэнне плантацый, прымяненне гербіцыдаў), так і іх масавы адлоў і экспарт.
З 1970 года Leucopsar rothschildi абвешчаны ахоўным відам. У раёне яго гнездавання створаны рэзерват. Колькасць шпакоў да 1984 года ў прыродзе не перавышала 200—250 асобін. Па апошніх дадзеных (2019 год) у прыродзе засталося каля 50 асобін. Папуляцыя падтрымліваецца за кошт дзяржаўнай праграмы гадоўлі птушак у няволі і выпуску на волю маладых асобін, распачатай у 1983 годзе. Росту колькасці перашкаджае браканьерскі адлоў птушак.