Кір II
Кір II Вялікі | |
па-старапэрсыдзку: 𐎤𐎢𐎽𐎢𐏁 | |
Рэльеф з выявай Кіра ў Пасаргадах | |
шахіншах Пэрсіі | |
---|---|
559 да н. э. — 530 да н. э. | |
Папярэднік: | Пасада заснаваная |
Наступнік: | Камбіз II |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
каля 600 да н. э. Аншан |
Памёр: |
530 да н. э. блізу ракі Сырдар'я |
Сужэнец: | Касандана[d], Amitis Shahbanu[d] і Neithiyti[d] |
Дзеці: | Камбіз II, Бардыя, Атоса, Раксана і Артыстона |
Бацька: | Камбіз I |
Маці: | Мандана |
Кір II Вялікі (па-старажытнапэрсыдзку Kūruš, па-бабілёнску Kuraš, па-элямску Kuraš, па-арамэйску: Kureš, па-старажытнагрэцку: Κῦρος, па-лацінску: Cyrus, што азначае Пастух) — пэрсыдзкі кароль (559 да н. э. — 530 да н. э.), з дынастыі Ахемэнідаў. Сын Камбіза I і, магчыма, каралеўны Манданы, дачкі караля Мідыі Астыяга. Заснавальнік пэрсыдзкае Дзяржавы Ахемэнідаў.
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Біяграфія Кіра вядомая ў асноўным з «Гісторыі» Герадота. Некаторую карысную інфармацыю можна запазычыць таксама ў старажытнага грэцкага гісторыка Ктэсія, які жыў пры пэрсыдзкім двары ў V ст. да н. э., і ў кнігах Старога запавету. Арыгінальныя крыніцы малалікія. Акрамя цыліндру з заклікам Кіра "да бабілёнцаў", захавалася толькі некалькі прыватных бабілёнскіх дакумэнтаў, якія дапамагаюць весьці храналёгію падзеяў.
Продкі Кіра
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кір быў сынам Камбіза I з дынастыі Ахемэнідаў, заснаванай легендарным Ахемэнам, кіраўнічаго роду ў пэрсыдзкім племі пасаргадаў. У сваім закліку да бабілёнцаў Кір называў сваіх продкаў "царамі Аншану": «Я — Кір... сын Камбіза, вялікага караля, караля гораду Аншану, унук Кіра, вялікага караля, караля гораду Аншану, нашчадак Тэіспа, вялікага караля, караля гораду Аншану». Гэтае абвяшчэньне Кіра каралём элямскае вобласьці Аншан, згадванай у бабілёнскіх тэкстах з найстаражытных часоў дае падставу падумаць, што Кір быў элямітам. Аднак даказана, што ён быў арыем. Сувязь яго з Аншанам не зусім зразумелая, адзіным тлумачэньнем, магчыма, зьяўляецца тое, што Кір зьявіўся з усходу, зь дзяржавы, што замяніла Элям, таму ў афіцыйным урачыстым надпісе ён і мянуецца каралём Аншану. І сам ён ухапіўся за гэты асьвячоны старажытнасьцю тэрмін, які надаваў яму ў вачох бабілёнцаў больш пашаны, а, акрамя таго, нёс у сабе праграму наступу на захад — бо некалі цары Эляму валодалі Бабілёнам. Носячы тытул караля Аншану, уладар новастворанае манархіі станавіўся спадчыньнікам старажытных элямскіх каралёў з усімі традыцыямі і іншымі выгоднымі наступствамі гэтай спадчыны. Аднак справа ўскладняецца тым, што цяжка давесьці ўжытак разуменьня Аншану ўвогуле, як і сапраўды лякалізаваць яго, а таксама тым, што ў хроніцы Набаніда Кір, пасьля заваяваньня Мідыі, тытулуецца ўжо каралём Пэрсіі. Гэтая акалічнасьць дае падставу прама атаясамляць Аншан з Пэрсіяй, лічачы гэтыя тэрміны раўназначнымі, або — наадварот, паказвае, на іх адрозьненьне, лічачы згадку ў тытулятуры пэрсыдзкіх каралёў Аншану адлюстраваньнем больш старажытнае стадыі іх магутнасьці, а тытул караля Пэрсіі — наступнай яго прыступкай. Як бы ні было, сапраўды вядома, што пасаргадзкія каралі Аншану былі васаламі Мідыйскае імпэрыі аж да паўстаньня Кіра.
Дзяцінства і юнацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дакладны год нараджэньня Кіра невядомы, лічыцца што ён зьявіўся на сьвет паміж 600 да н. э. і 590 да н. э., найбольш верагодна ў 593 да н. э.. Аб яго дзяцінстве й юнацтве вядома толькі зь легендаў, якія часта супярэчаць адна адной. Грэцкі гісторык Ксэнафонт таксама піша аб тым, што ўжо ў V ст. да н. э. аб жыцьці Кіра Вялікага распавядалі па-рознаму.
Паводле Герадота, маці Кіра была дачка мідыйскага караля Астыяга Мандана, якой прадказалі, што яна народзіць сына, які стане ўладаром сьвету. Асьцерагаючыся, што яго ўнук стане каралём замест яго, мідыйскі кароль Астыяг выклікаў да сябе з Пэрсіі цяжарную Мандану і празь некаторы час, калі ў яе нарадзіўся сын, вырашыў забіць яго. Гэтую задачу ён усклаў на свайго саноўніка Гарпага. У сваю чаргу, Гарпаг перадаў дзіця пастуху, аднаму з рабоў Астыяга, і загадаў пакінуць яго ў гарах, дзе было досыць дзікіх зьвяроў. Але калі гэты пастух прынёс немаўля ў сваю хату, ён пазнаў, што яго жонка толькі што нарадзіла мёртвага дзіця. Бацькі вырашылі выхаваць каралеўскага сына, як свайго, а мёртвага дзіцяці пакінулі ў адасобленым месцы ў гарах, апрануўшы яго ў раскошную адзежу ўнука Астыяга. Пасьля гэтага пастух даклаў Гарпагу, што ён выканаў яго загад. Гарпаг жа, паслаўшы верных людзей агледзець труп немаўля і пахаваць яго, пераканаўся, што гэта сапраўды так. Такім чынам, дзяцінства Кіра мінула сярод каралеўскіх рабоў. Калі хлопчыку споўнілася дзесяць гадоў, ён аднойчы падчас гульні зь дзецьмі быў абраны каралём. Але сын аднаго шляхетнага мідыйца адмовіўся падпарадкоўвацца яму, і Кір пакараў яго зьбіцьцём. Бацька гэтага хлопчыка, пажаліўся Астыягу, што ягоны раб б’е дзяцей каралеўскіх саноўнікаў. Кір быў прыведзены для пакараньня да Астыяга, у якога адразу паўсталі падазрэньні, што перад ім яго ўнук, бо ён заўважыў у ім рысы родавага падабенства. І сапраўды, дапытаўшы пад пагрозай катаваньняў пастуха, Астыяг пазнаў праўду. Тады ён жорстка пакараў Гарпага: запрасіў яго на абед і таемна пачаставаў мясам уласнага сына, аднагодка Кіра. Затым Астыяг зноў зьвярнуўся да чараўнікоў з пытаньнем, ці пагражае яму яшчэ небясьпека ад унука. Тыя адказалі, што прадказаньне ўжо спраўдзілася, паколькі Кір быў абраны каралём падчас гульні зь дзецьмі, і таму больш баяцца яго не трэба. Тады Астыяг супакоіўся і адправіў унука ў Пэрсію да яго бацькоў.
Але й сам Герадот не выдаваў сваю вэрсію за адзіную — ён казаў, што існуе яшчэ чатыры іншых. Яго вэрсія сапраўды была ня толькі не адзінай, але й не першапачатковай, — ён дапусьціў рацыяналізм. Напрыклад, у яго сабака, які харчаваў, па словах Юстына і ў аналягічных аповядах, Кіра, калі ён быў пакінуты на зьядзеньне дзікім зьвярам, ператварылася ў жонку пастуха, якую па-грэцку клікалі Кіно, а па-мідыйску Спака («сабака» па-мідыйску спака).
Яшчэ адна вэрсія, запісаная Ктэсіем вельмі цікавая, яна дайшла да нас празь Мікалая Дамаскага і, выяўляючы несумнеўныя прыкметы большай першапачатковасьці, зьяўляецца адной зь нешматлікіх каштоўных старонак у Ктэсія. Яна абвяшчае, што Кір быў сынам жабрака мардыянскага рабаўніка Атрадата (марды былі качавым пэрсыдзкім племем), які пасьля ўзвысіўся, паступіўшы на службу да Астыяга. Прадказаньне аб будучай велічы падштурхнула Кіра да ўцёкаў у Пэрсію і да пачатку мецяжу.
Паўстаньне супраць Мідыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кір становіцца правадыром пэрсыдзкіх плямёнаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з Герадотам, які сьцьвярджаў, што кіраваньне Кіра доўжылася 29 гадоў, у 559 да н. э. Кір стаў правадыром пэрсыдзкіх аселых плямёнаў, сярод якіх паноўчую ролю адыгрывалі ролю пасаргады. Акрамя іх у зьвяз уваходзілі таксама марафіі і масьпіі. Усе яны знаходзіліся ў залежнасьці ад мідыйскага караля. Цэнтар тагачаснае Пэрсыдзкае дзяржавы разьмяшчаўся вакол гораду Пасаргады, інтэнсіўнае будаўніцтва якога пачалося як раз напачатку кіраваньня Кіра і які стаў першай сталіцай Пэрсыдзкае дзяржавы. Качавыя плямёны кіртыі, марды, сагартыі, а таксама аселыя карманіі, панфіялеі і дэрушы былі заваяваныя Кірам пазьней, відаць, ужо пасьля вайны зь Мідыяй.
Пачатак паўстаньня супраць Мідыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 553 да н. э., паводле надпісу Набаніда (3-і год кіраваньня Набаніда), Кір выступіў супраць мідыйскага караля Астыяга. Герадот і Ктэсій называюць вайну пэрсаў зь мідзянамі паўстаньнем, посьпех якога (асабліва паводле Герадота) у значнай меры быў абумоўлены існаваньнем у Мідыі партыі, незадаволенай Астыягам, і здрадай. Паводле Герадота, да вайны паміж двума каралеўствамі спрычынілася змова шляхетнага мідыйца Гарпага, сына якога, як ужо гаварылася вышэй, Астыяг забіў. Ён здолеў прыцягнуць на свой бок шматлікіх шляхетных мідыйцаў, незадаволеных суровым кіраваньнем Астыяга, а затым падгаварыў Кіра ўзьняць паўстаньне. Падзеньне Мідыі, акрамя незадаволенасьці і здрады, было палегчанае і дынастычнай крызай: паводле абедзьвюх даступных крыніцаў, у Астыяга не было спадчыньніка-сына. Ктэсій заве спадчыньнікам яго зяця Сьпітаму, на якога, відаць, абапіралася незадаволеная партыя і супраць якога як быццам і дзейнічалі мідыйскія прыхільнікі Кіра. Мідыя пала не без змаганьня; Ктэсій нават кажа аб наступе і перамогах Астыяга. Герадот, ва ўсякім разе, прызнае яго адвагу, якая дайшла да ўзбраеньня старых.
Перамога паўстанцаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Грэцкія і бабілёнскія крыніцы сыходзяцца ў тым, што паўстаньне Кіра супраць Мідыі доўжылася тры гады. Хроніка Набаніда пад 6-м годам (550 да н. э.) паведамляе: "Ён (Астыяг) сабраў сваё войска і пайшоў супраць Кіра, цара Аншана, каб перамагчы яго. Але супраць Іштувэгу (Астыяга) узбунтавалася яго войска і, узяўшы яго ў палон, выдала Кіру. Кір пайшоў у Экбатану, яго сталіцу. Срэбра, золата, скарбы ўсякага роду краіны Экбатаны яны разрабавалі, і ён панёс гэта ў Аншан"....
Такім чынам ясна, што вайна Астыяга з Кірам доўжылася тры гады і скончылася на карысьць пэрсаў толькі дзякуючы здрадзе, прычым Астыяг знаходзіўся ў наступе. Дзе адбылася апошняя бітва, і ці мае рацыю Ктэсій, які зьмяшчае яе ў самых Пасаргадах, невядома. Ктэсій спасылаецца пры гэтым на пэрсыдзкае падданьне, якое ўзводзіла да Кіра і да пачатку гэтае вайны ўсталяваньне, каб кожны кароль пры кожным наведваньні Пасаргадаў даваў усім жанчынам гораду па залатой манэце, нібы ў вечную падзяку за тое, што дзякуючы іх умяшаньню была здабытая перамога, што вырашыла зыход кампаніі і лёс Пэрсіі. Нібы пэрсы, прысаромленыя сваімі жонкамі і маці, сталі ваяваць больш рашуча. Такі звычай, здаецца, сапраўды існаваў, кажуць што Аляксандар Македонскі яго таксама зьдзяйсьняў. Але ён мог мець і іншае паходжаньне: у шматлікіх народаў звычаям, паходжаньне якіх было забыта, прыдумлялася тлумачэньне, зьвязанае зь вядомымі гістарычнымі або міталягічнымі пэрсанажамі.
Кір — кароль Мідыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кір захапіў мідыйскую сталіцу Экбатану і абвясьціў сябе каралём як Пэрсіі, так і Мідыі, прыняўшы пры гэтым афіцыйны тытул мідыйскіх каралёў. З захопленым у палон Астыягам Кір абыйшоўся міласьціва і нават, калі верыць Ктэсію, прызначыў яго намесьнікам Парканіі (магчыма, Гірканіі) і ажаніўся зь яго дачкой (тут ужо Кір, атрымліваецца, быў ня сынам дачкі Астыяга, а яе мужам). З блізкіх Астыягу асобаў, па словах таго жа Ктэсія, папакутаваў толькі Сьпітама як законны спадчыньнік і небясьпечны канкурэнт Кіра, ва ўсім жа астатнім пераварот быў толькі зьменай дынастыі. Мідыя і мідзяне і пры Ахемэнідах не былі зьняважаныя і лічыліся раўнапраўнымі з пэрсамі. Экбатана працягвала захоўваць значэьне сталіцы, дзелячы гэтую ролю з Пэрсэполем, Пасаргадамі і Сузамі. Тут кароль бавіў летні час. Усё гэта абумовіла ў вачох навакольных народаў погляд на Пэрсію, як на працяг Мідыі. Трэба адзначыць, што законнасьць кіраваньня Кіра ў Мідыі пацьвярджалася яго крэўнымі сувязямі з Астыягом, аб якіх, акрамя Герадота, згадваюць і іншыя гісторыкі (Юстын, Эліян). У мідзян пэрсы запазычалі сыстэму дзяржаўнага кіраваньня, шмат у чым запазычаную яшчэ ў асырыйцаў.
Заваяваўшы Мідыю, Кір на працягу наступных двух гадоў (550 да н. э. — 548 да н. э.) захапіў краіны, якія ўваходзілі раней у склад былое Мідыйскае дзяржавы: Партыю і, верагодна, Армэнію. Гірканія падпарадкавалася пэрсам добраахвотна. У тыя жа гады пэрсы захапілі ўсю тэрыторыю Эляму.
Заваёвы Кіра II у Малой Азіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заваёва Лідыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 547 да н. э. на бок Кіра добраахвотна перайшла Кілікія і падала яму ваенную дапамогу. За гэта Кір ніколі не пасылаў у яе сатрапаў, а пакінуў ува ўладзе мясцовых кіраўнікоў, якія павінны былі плаціць яму даніну і ў выпадку неабходнасьці выстаўляць войска.
Такім чынам, Кір ушчыльную падышоў да межаў Лідыйскага каралеўства — аднае з самых магутных дзяржаў Блізкага Ўсходу, якая таксама прэтэндавала на гегемонію ў Малой Азіі. Паводле Герадота, ініцыятыва вайны належыла лідыйскаму каралю Крэзу. У 547 да н. э. лідыйцы ўварваліся ў Кападокію, якая знаходзілася раней пад уладай мідыйцаў, і пасьля перамогі пэрсаў над апошнімі адышла ў зону іх уплыву. Туды ж накіраваўся Кір, па шляху папаўняючы сваё войска з прадстаўнікоў тых народаў, па тэрыторыі якіх ён праходзіў. Былі пасланыя паслы ў гарады Ёніі і Эаліды з заклікам адысьці ад Крэза і выступіць на баку Кіра. Аднак малаазійскія грэкі вырашылі заняць чакальную пазыцыю.
У горадзе Птэрыя, на ўсходнім баку ракі Галіс, адбылася кровапралітная бітва, але яна скончылася безвынікова і аніводзін з бакоў не рызыкнуў уступіць у новы бой. Крэз адступіў у сваю сталіцу — Сарды і вырашыў грунтоўней падрыхтавацца да вайны і паспрабаваць атрымаць больш эфэктыўную дапамогу ад сваіх саюзьнікаў: Эгіпту, Спарты і Бабілёну. Аднак Кір, які ведаў аб дзеяньнях і намерах свайго суперніка, вырашыў засьпець яго зьнянацку і імкліва рушыў да Сардаў. Жыхары Сардаў зусім не чакалі такога нападу і даведаліся аб ім, толькі калі пэрсыдзкія войскі зьявіліся ля сьценаў гораду. Крэз вывеў сваё войска, што складалася зь вершнікаў, узброеных дзідамі, на раўніну перад Сардамі. Кір на параду свайго вайскавода, мідыйца Гарпага, паставіў усіх вярблюдаў з абозу наперадзе войска, пасадзіўшы папярэдне на іх лучнікаў (ваенная хітрасьць, да якой пасьля зьвярталіся і шматлікія іншыя вайскаводы). Коні ў лідыйскім войску, пачуўшы незнаёмы пах вярблюдаў і ўбачыўшы іх, кінуліся на ўцёкі. Аднак лідыйскія вершнікі саскочылі з канёў і сталі ваяваць пешымі, але пад напорам войскаў Кіра змушаныя былі адступіць у Сарды і замкнуцца ў акропалі. Пасьля 14-дзённай аблогі пэрсы ўзялі акропаль, праняўшыся туды зь непрыступнага і таму амаль не ахоўнага боку, а Крэз быў узяты ў палон і дастаўлены да Кіра.
Па аднадушным сьцьвярджэньні грэцкіх аўтараў, Кір пашкадаваў Крэза, захаваўшы яму жыцьцё. Гэта суцэль праўдападобна, калі ведаць, што Кір ставіўся міласьціва і да іншых узятых у палон каралёў. Паводле Герадота, Сарды былі ўзятыя пэрсамі дзесьці паміж кастрычнікам і сьнежнем 547 да н. э. Пасьлья перамогі над Крэзам прыбярэжныя гарады янійцаў і эалійцаў адправілі паслоў у Сарды да Кіра. Яны загадалі абвясьціць яму, што жадаюць падпарадкавацца пэрсам на тых жа ўмовах, як раней былі падпарадкаваныя Крэзу. Аднак, Кір, нагадаў ім, што ў свой час ён прапаноўваў ім далучыцца да яго, але тыя адмовіліся, і зараз калі лёс Лідыі ўжо вырашаны, ён сам ведае на якіх умовах яны павінны падпарадкавацца яму. Пазнаўшы аб гэтым малаазійскія грэкі пачалі ўмацоўваць свае гарады і вырашылі паслаць пасланцаў у Спарту з просьбай аб дапамозе. Адзін толькі Мілет добраахвотна здаўся пэрсам і Кір склаў зь ім зьвяз на тых жа ўмовах, што і лідыйскі кароль.
Заваёва Ёніі, Карыі і Лікіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Скарыстаўшыся тым, што Кір адбыў на ўсходнія межы свае дзяржавы, лідыец Пактый, якому Кір даручыў захоўваць скарбы Крэза, у 546 да н. э. паўстаў супраць пэрсаў. З дапамогай золата яму атрымалася навэрбаваць наймітаў і пераканаць жыхароў грэцкіх прыморскіх гарадоў далучыцца да паўстаньня. Пасьля чаго ён рушыў на Сарды і атвчыў акропаль, дзе атуліўся намесьнік Лідыі пэрс Табал. Супраць паўсталых выступіў вайскавод Кіра, мідыец Мазар. Даведаўшыся аб набліжэньні пэрсыдзкага войска, Пактый зьбег са сваімі галоўнымі прыхільнікамі спачатку ў прыморскі горад Кіму, потым у Мітылену на высьпе Лесбас і, нарэшце, на выспу Хіяс, але быў выдадзены жыхарамі выспы пэрсам у абмен на невялікі ўчастак зямлі на мацерыку.
Задушыўшы мяцеж у Лідыі, Мазар пачаў заваёву грэцкіх гарадоў Малой Азіі, якія далучыліся да паўстанья Пактыя. Ён падпарадкаваў вобласьць прыенцаў і даліну ракі Мэандар, дазволіўшы войску разрабаваць яе. Такая ж доля спасьцігла й горад Магнэзію. Неўзабаве пасьля гэтага Мазар памёр, а на яго месца быў прызначаны мідыец Гарпаг.
Гарпаг пачаў узводзіць высокія насыпы ля абнесеных сьценамі грэцкіх гарадоў, а затым штурмам браць іх. Жыхары Факеі, найбуйнейшага пасьля Мілету грэцкага гораду ў Малой Азіі, не захацелі падпарадкавацца пэрсам і на караблях зьбеглі спачатку на выспу Кірн, а затым у Італію у горад Рэгій, дзе заснавалі калёнію. Прыкладу факейцаў рушылі ўсьлед і жыхары гораду Тэас, якія перасяліліся ў Абдэры ў Тракіі. Астатнія гарады Ёніі (акрамя Мілету, які заключыў раней зьвяз з Кірам) спрабавалі аказаць супраціў Гарпагу, але патрывалі паразу, былі заваяваныя і абкладзеныя данінай. Пасьля заваяваньня Гарпагам мацерыковых янійцаў астраўныя янійцы, спужаўшыся падобнага ж лёсу, добраахвотна падпарадкаваліся Кіру. Патрабуючыся ў грэках (як у мараходах), Кір не пагоршыў умоваў, на якіх яны знаходзіліся пад уладай Крэза.
Заваяваўшы Ёнію, Гарпаг пайшоў вайной на карыйцаў, каўніеў і лікійцаў, узяўшы з сабой янійцаў і эалійцаў. Насельніцтва Карыі бяз бою здалося пэрсам, як кажа Герадот, «не акрыўшы сябе славай» і «ня зьдзейсьніўшы ніякіх подзьвігаў». Праўда, жыхары Кніду, разьмешчанага на паўвостраве, паспрабавалі пракапаць вузкі (шырынёй 5 стадый, каля 900 м) пярэсмык які адлучае іх ад мацерыка, з мэтай зрабіць сваю зямлю выспай, але натыкнуўшыся на цьвёрды граніт, спынілі працы і здаліся бяз бою. Толькі адно з плямёнаў карыйцаў — пэдасійцы некаторы час аказвалі супраціў. Яны ўмацаваліся на гары пад назовам Ліда і даставілі Гарпагу нямала клопатаў, але, у выніку, і яны былі заваяваныя.
Толькі лікійцы і каўніі (нягрэцкае аўтахтоннае насельніцтва Малой Азіі) аказалі адчайны супраціў шматлікаму пэрсыдзкаму войску, сустрэўшы яго ў адкрытым баі. Лікійцы былі адціснутыя ў горад Ксанф, дзе яны падпалілі акропаль, загадзя сабраўшы туды сваіх жонак, дзяцей, рабоў, а самі загінулі ў баі. Такім жа ўпартым быў супраціў каўніяў. Але, натуральна, яны не маглі спыніць пасоўваньне вялікага і добра ўзброенага пэрсыдзкага войска. Зараз уся Малая Азія патрапіла пад уладу пэрсаў. За сваю адданасьць Гарпаг атрымаў Лідыю ў спадчыннае кіраваньне.
Падначаленьне Бабілёніі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Захоп Бабілёну
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Увесну 539 да н. э. пэрсыдзкае войска рушыла ў паход на Бабілён. У гэты крытычны момант Угбару (або Губару, па-грэцку Гобрый), намесьнік вобласьці Гутыюм (бабілёнская правінцыя на ўсход ад сярэдняе плыні Тыгра), здрадзіў каралю Набаніду і перайшоў на бок Кіра. Па словах Герадота, пры пераправе праз Гінд (сучасная Дыяла) адзін са сьвятых белых канёў патануў у ім. Кір у гневе загадаў пакараць раку. Напрацягу году пэрсыдзкае войска пракапала 360 каналаў і адвяло ваду з ракі. Відаць, Кіра затрымалі гідраўлічныя будынкі Навухаданосара, якія, прыведзеныя ў дзеяньне, залілі вадой усе абшары ад Опіса і Сыпара да поўдня, адрэзаўшы такім чынам Бабілён ад варожага войска. Тое, што Герадот уяўляе як самадурства, было, відавочна, суцэль абдуманым прадпрыемствам — зноў спусьціць ваду з затопленай мясцовасьці і зрабіць яе праходнай. Толькі пасьля гэтага Кір працягнуў паход.
Бабілёнскае войска стала лягерам ля гораду Опіс, затуляючы пераправы праз Тыгр. Але Кір у 20-ых чыслах верасьня нечакана абыйшоў Мідыйскую сьцяну з захаду. Пасланы Кірам корпус Угбару атачыў Бабілён, у якім знаходзіўся моцны гарнізон на чале з сынам Набаніда Бальтазарам. Сам жа Кір напаў з тылу на войска Набаніда, што стаяла ля Опісу. У бітве ля Опісу, што адбылася ў самым канцы верасьня, бабілёнскае войска патрывала найжорсткую паразу і зьбегла. Набанід зь нешматлікімі набліжанымі жадаў адступіць да Бабілёну, але шлях туды быў адрэзаны войскамі Угбару, і Набанід атуліўся ў Барсыпе. 10 кастрычніка быў захоплены бяз бою Сыпар, а 12 кастрычніка, паводле бабілёнскіх крыніц, Угбару ўступіў у Бабілён. Бальтазар, які спрабаваў аказаць супраціў пэрсам у цэнтры гораду, быў забіты. Угбару неадкладна прыняў меры па прадухіленьні ў горадзе разьні і рабаваньняў. У хроніцы гаворыцца: «Да канца месяца (ташрыту, гэта значыць да 26 кастрычніка 539 да н. э.) шчыты краіны Гутыюм атачалі вароты Эсагілы. Нічыя зброя не была пакладзена ў Эсагіле і сьвяцілішчах, і рытуал ня быў парушаны». Набанід, даведаўшыся аб падзеньні Бабілёна і сьмерці Бальтазара, пакінуў Барсыпу, вярнуўся ў Бабілён і добраахвотна здаўся ў палон. 29 кастрычніка 539 да н. э. у Бабілён уступіў і сам Кір, якому была ўладкованая ўрачыстая сустрэча. «3 арахсамну (29 кастрычніка), — працягвае хроніка, — Кір уступіў у Бабілён. (Вуліцы) перад ім былі высланыя галінамі. Мір у горадзе быў усталяваны. Кір абвясьціў мір усяму Бабілёну». Палонны Набанід бязь лішняга шуму быў адпраўлены ў ганаровую ссылку ў аддаленую Карманію на ўсходзе Ірану, дзе й сканаў.
Стаўленьне Кіра да бабілёнцаў і іншых заваяваных народаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У афіцыйнай бабілёнскай гістарыяграфіі справа было намалявана так, быццам наогул ніякай вайны з Кірам не было, а калі і мелі месца асобныя інцыдэнты накшталт бітвы пры Опісе, дык у іх вінаваты быў толькі Набанід, але ніяк не Бабілён. Кір ахвотна прыняў гэтую вэрсію бабілёнскае алігархіі, бо яна суцэль адказвала яго інтэрасам, і паспрабаваў падмацаваць яе справамі. Жыхарам бабілёнскіх гарадоў былі абяцаныя мір і недатыкальнасьць. Спачатку Кір прызначыў царом Бабілёна свайго старэйшага сына і спадчыньніка Камбіза, але празь некалькі месяцаў, мабыць, па палітычных матывах, Кір адхіліў сына і каранаваўся сам.
Захапіўшы Мэсапатамію, Кір фармальна захаваў Бабілёнскае царства і нічога не зьмяніў у сацыяльнай структуры краіны. Бабілён стаў адной з каралеўскіх рэзыдэнцыяў, бабілёнцы працягвалі займаць пераважнае становішча ў дзяржаўным апараце, а жрэцтва атрымала магчымасьць адрадзіць старажытныя культы, якім Кір усяляк спрыяў. У надпісах на цаглінах Кір выступае і прыхільнікам бабілёнскіх багоў, і ўпрыгожвальнікам Эсагілы і Эзыды. Больш за тое, улада Кіра ў Бабілёне не разглядалася як чужацкае панаваньне, бо ён атрымаў каралеўства «з рук бога Мардука», выканаўшы старажытныя сьвятыя цырымоніі. Кір прыняў тытул «кароль Бабілёну, кароль краінаў». Аднак фактычна Бабілёнія з самастойнага каралеўства ператварылася ў сатрапію Дзяржавы Ахемэнідаў і пазбавілася ўсякае незалежнасьці ў вонкавай палітыцы, ды і ўсярэдзіне краінаў вышэйшая ваенная і адміністрацыйная ўлада зараз належыла пэрсыдзкаму намесьніку (па-бабілёнску bel-pahati — «кіраўнік вобласьці») Бабілёна і Зарэчча, гэта значыць усяе Новабабілёнскае імпэрыі. Гэтым «кіраўніком вобласьці» Кір прызначыў Угбару.
Пасьля захопу Бабілёніі ўсе заходнія краіны да межаў Эгіпту — Сырыя, Палестына і Фінікія — падпарадкаваліся пэрсам добраахвотна. Гандлёвыя гарады Фінікіі гэтак жа, як бабілёнскія і малаазійскія купцы, былі зацікаўленыя ў стварэньні вялікае дзяржавы зь бясьпечнымі дарогамі.
Народам, якія былі сілком паселеныя ў Мэсапатамію бабілёнцамі, Кір дазволіў вярнуцца ў свае краіны, у т. л. жыдам, якіх некалі адвёў у палон бабілёнскі кароль Навухаданосар з Палестыны. Кніга Ездры захавала нам сапраўдны загад Кіра, дадзены ў Экбатане у першы ж год яго бабілёнскага валадараньня ў 538 да н. э. Тамсама юдэям дазваляецца будаваць Ерусалімскі храм па загаданых памерах і загадваецца вярнуць выкрадзеныя Навухаданосарам храмавыя пасудзіны. Разам з храмам і пасудзінамі Ерусалім атрымаў і свайго кіраўніка, нашчадка давыдавае дынастыі Шэшбацара, якому аднак, ня даў поўнага каралеўскага тытула, а толькі княжы, і які падпарадкоўваўся намесьніку «Зарэчнае вобласьці».
Верагодна, Кірам быў рэабілітаваны і фінікійскі Сыдон, які быў разбураны яшчэ Асархадонам ад таго часу страціў сваё значэньне. Прынамсі, зараз зноў у ім зьяўляюцца кароль. Прыцягваючы на свой бок жыдоў і фінікійцаў, Кір рыхтаваў сабе адданае насельніцтва заходніх абласьцёў, якія мелі першараднае значэньне як база для апэрацыяў супраць адзінае пакінутае буйное дзяржавы — Эгіпту, а таксама для стварэньня флёту, які мог стаяць толькі ў Фінікіі і папаўняцца фінікійскімі маракамі.
«Маніфэст Кіра»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гэты час зьявіўся дакумэнт, напісаны па-бабілёнску і для бабілёнцаў, — «Маніфэст Кіра». Склалі яго прапэрсыдзкія алігархі. У даволі вялізнай прадмове «Маніфэсту» малююцца «бязладзьдзі» Набаніда і крыўды, якія ён прычыніў богу Мардуку, храму Эсагіле і Бабілёну. Калі цярпеньне бога Мардука вычарпалася, ён адшукаў Кіра, караля Аншану, уручыў яму ўладу над народамі і, нарэшце, даручыў яго клопатам Бабілён, народ якога сустракаў яго зь вялікай радасьцю як збавіцеля ад ганебнага цара Набаніда. У канцы «Маніфэсту» зьмешчаная малітва да бабілёнскіх багоў аб спасланьні дабрабыту Кіру і яго сыну і спадчыньніку Камбізу. У гэтым апраўленьні зьмешчаны ўласна тэкст маніфэсту, напісаны ад асобы Кіра.
Ён пачынаецца поўнай тытулятурай Кіра, складзенай на бабілёнскі лад: «Я — Кір, кароль мностваў, кароль вялікі, кароль магутны, кароль Бабілёну, кароль Шумэру і Акаду, кароль чатырох бакоў сьвету, сын Камбіза, караля вялікага, караля Аншану, нашчадак Тэіспа, караля вялікага, караля Аншана, вечнае каралеўскае зерне, кіраваньне якога любяць багі Бэл і Набу, валадарства якога прыемна для іх сардэчнай радасьці». Затым у «Маніфэсьце» ад асобы Кіра гаворыцца, як яго шматлікія войскі мірна ўступілі ў Бабілён. Пасьля гэтага ідзе пералік мерапрыемстваў, ажыцьцёўленых Кірам, якія цалкам пацьвярджаюцца іншымі крыніцамі. Кір прэтэндаваў на ролю караля-вызваліцеля, і ён выканаў свае абяцаньні, дадзеныя народам, якія скарыліся яго ўладзе. Выпадак у гісторыі выключны, але суцэль тлумачальны. Імкнучыся да сусьветнага валадарства, Кір добра разумеў, што пры дапамозе аднаго пэрсыдзкага войска толькі гвалтам яму гэтае мэты не дасягнуць. Ён разумеў таксама, што краіны, сталыя аб’ектам пэрсыдзкіх заваёў, зьнявечаныя сьмяротнай хваробай і гатовыя бачыць у ім свайго выратавальніка і лекара. Кір умела выкарыстаў гэтую акалічнасьць, чым і тлумачацца як яго дзіўныя вайсковыя посьпехі, так і рэпутацыя «бацькі» і «вызваліцеля», якая замацавалася за ім у памяці ня толькі пэрсаў, але й заваяваных ім народаў, у тым ліку бабілёнцаў, грэкаў і юдэяў.
Кір у «Маніфэсьце» казаў: «Ад [……] да Ашуру і Сузаў, Агадэ, Эшнуны, Замбану, Мэтурну, да межаў краіны Куты, гарадоў [па тым боку] Тыгра, жыльлё якіх было заснаванае ў глыбокай старажытнасьці, багоў, якія жылі ў іх, я вярнуў на іх месцы і задаволіў іх вечнае жыльлё. Я сабраў усіх іх людзей і вярнуў у іх паселішчы. І багоў Шумэру і Акаду, якіх Набанід у гневе ўладара багоў перанёс у Бабілён, па загадзе бога Мардука, вялікага гаспадара, я шчасна зьмясьціў у іх палацы, жыльлё радасьці сэрца». Ажыцьцяўленьне гэтае меры, якая мела першараднае значэньне для лёсаў створанае ім Пэрсыдзкае імпэрыі, Кір пачаў адразу ж пасьля заваёвы Бабілёна. «З кісьліму да адару-месяц (з 25 лістапада 539 да н. э. да 23 сакавіка 538 да н. э.) багі краіны Акад, якіх Набанід зьвёз у Бабілён, вярнуліся ў свае рэзыдэнцыі», — паведамляе бабілёнская хроніка. Гэты крок выклікаў усеагульную ўхвалу бабілёнцаў. Ён сымбалізаваў зварот да міру і звыклага парадку.
Паход супраць масагетаў. Сьмерць Кіра
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вайну з Эгіптам пры фараоне Амасысе Кір, відавочна, лічыў дачаснай і зьвярнуўся супраць качавых плямёнаў Ірану і Сярэдняе Азіі. Невядома, ці тады ўвайшлі ў склад Пэрсыдзкай дзяржавы тыя вобласьці, якія пералічваюцца ў сьпісах Дарыя (Партыя, Дрангіяна, Арыя, Харасьмія, Бактрыя, Сагдыяна, Гайдара, Сакі, Сатагіда, Арахозія і Маку), або яны былі далучаныя яшчэ да заваёвы Бабілёну. З Герадота як быццам сьледуе, што бактрыйцы і сакі ў парадку далучэньня ішлі за Бабілёнам («… перашкодай Кіру былі Бабілён, бактрыйскі народ, сакі і эгіпцяне»). Гісторыкі Аляксандра Македонскага (Арыян, Страбон) згадваюць таксама паход Кіра праз Гедросію, у якім ён страціў усё войска, за выключэньнем усяго сямі ваяроў, а таксама заснаваньне на берагох Яксарту (старажытны назоў Сырдар'і) гарады Кіропалісу.
Адзін з паходаў Кіра на поўнач Ірана стаў для яго фатальным. У ліпені 530 да н. э., паводле Герадота, у бітве супраць масагетаў на ўсходнім баку ракі Яксарт Кір патрываў поўную паразу і загінуў. Па сьцьвярджэньні Герадота «каралева» (гэта значыць правадырка) масагетаў Тамірыс, помсьцячы Кіру за сьмерць сына, загадала знайсьці цела Кіра і акунула яго галаву ў бурдзюк, напоўнены крывёй, прапаноўваючы яму такім чынам здаволіць смагу крыві. Аднак, паколькі дакладна вядома, што Кір быў пахаваны ў Пасаргадах (дзе яго рэшткі бачыў яшчэ Аляксандар Македонскі), гэты эпізод лічаць няпэўным. Бэрас кажа, што Кір загінуў у бітве з дахамі пасьля дзевяцігадовага валадараньня ў Бабілёне. Ктэсій паведамляе аб вайне з дэрбікамі (мажліва, на межах Індыі) і ізноў-ткі не абыходзіцца безь легендаў, цалкам адрозных ад прыведзеных Герадотам. Ва ўсякім разе, месца сьмерці Кіра ўсюды паказваецца на крайніх межах дзяржавы, які, верагодна, патрабавалі асаблівага нагляду і паставілі састарэлага караля перад неабходнасьцю асабіста весьці вайну.
Валадарыў Кір 29 гадоў і пахаваны ў Пасаргадах, дзе дагэтуль захаваўся помнік, які лічыцца яго магільняй і нагадвае па стылі малаазіяцкія маўзалеі. Ля гэтае магільні высечаны кароткі і сьціплы клінапісны пэрсыдзка-эляма-бабілёнскі тэкст — «Я — Куруш, кароль, Ахемэнід», а таксама намалявана крылатая істота ў элямскім каралеўскім строі і з галаўным уборам эгіпецкіх багоў, якая ахоўвала мясцовы палац. Прыналежнасьць гэтае магільні Кіру наўрадці можа падвяргацца сумневам хоць бы праз поўную адпаведнасьць будынка апісаньням, напрыклад, у Арыставула, якому Аляксандар Македонскі даручыў клапаціцца аб яго захаванасьці. У часы анархіі, насталай падчас паходу Аляксандра ў Індыю, магільня была разрабаваная, але македонскі заваёўнік, вярнуўшыся, пакараў сьмерцю рабаўнікоў. Зрэшты, яны не знайшлі ў ёй амаль ніякіх каштоўнасьцяў, і Аляксандр дзівіўся сьціпласьці, зь якой быў пахаваны гэтак вялікі заваёўнік.
Дзеці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ад розных жонак у Кіра было прынамсі 5 дзяцей. Найстарэйшым зь іх быў Камбіз, які зьмяніў бацьку на пасадзе шахіншаха Пэрсіі ў 530 да н. э. — 522 да н. э. Ад Касанданы, сястры Атана й дачкі Фарнаспа, Кір меў сына Смэрдыса й дачок Атосу й Артыстону. Апроч таго, у яго была яшчэ адна дачка пад імем Раксана.
Памяць аб Кіры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кір пакінуў глыбокі сьлед у старажытнаўсходняй і антычнай літаратуры. У кароткі тэрмін правадыр невялікага, мала каму вядомага племя заснаваў магутную імпэрыю, што ахоплівала землі ад Інду і Яксарту да Эгейскага мора і межаў Эгіпту. Кір быў вялікім ваяром і дзяржаўным дзеячам, ня толькі вызначаўся вялікім палітычным розумам і дыпляматычнай дальнабачнасьцю, але карыстаўся посьпехам, які аддаў у яго рукі Мідыю і Бабілёнію, якія, разьдзіральныя ўнутранымі звадамі, бачылі ім не гэтулькі чужога заваёўніка, колькі вызваліцеля. Яго ўсімі прызнаная гуманнасьць, што паходзіла як з асабістага характару, так і веры, атачыла яго асобу арэолам і выклікала ў гісторыі Перэдняе Азіі сьветлы пэрыяд паміж асырыйскімі зьверствамі і найпозьнім пэрсыдзкім дэспатызмам. Ён зьявіўся жаданым для народаў і сышоў, абнавіўшы Азію і пачаўшы новы пэрыяд яе гісторыі. У памяці пэрсаў ён застаўся як «бацька народу», жыды клікалі яго памазанікам Бога. Папулярнасьць асобы Кіра ў старажытнасьці была гэтак вялікая, што яму прыпісваліся фэнамэнальныя здольнасьці (напрыклад, што ён пайменна ведаў сваіх ваяроў). Супернікі таксама прызнавалі яго веліч, што пацьвярджае элінская традыцыя. Нягледзячы на тое, што магутную дзяржаву, створаную Кірам, на працягу наступных двух стагодзьдзяў уяўляла для Грэцыі крыніца пагрозы, пазьнейшыя грэкі адклікаліся аб ім як аб мудрым і справядлівым кіраўніку. У «Кірапэдыі» Ксэнафонта ўтрымоўваецца ў значнай меры выдуманае апісаньне Кіра як ідэальнага караля.
Ахемэніды | ||
Папярэднік: Камбіз I |
пэрсыдзкі кароль каля 559 — 530 да н. э. |
Пераемнік: Камбіз II |
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Герадот. Гісторыя. Кніга I, Раздзелы 73—216
- Тураев Б.А. История древнего Востока / Под редакцией Струве В. В. и Снегирёва И. Л. — 2-е стереот. изд. — Л.: Соцэкгиз, 1935. — Т. 2.
- Белявский В. А. Вавилон легендарный и Вавилон исторический. — М.: Мысль, 1971.
- Дандамаев М. А. Мидия и Ахеменидская Персия // История древнего мира / Под редакцией И. М. *Дьяконова, В. Д. Нероновой, И. С. Свенцицкой. — Изд. 3-е, испр. и доп. — М.: Главная редакция восточной литературы издательства «Наука», 1989. — Т. 2. Расцвет древних обществ. — ISBN 5-02-016781-9
- Дандамаев М. А. Политическая история Ахеменидской державы.. — М.: Наука, 1985.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кір II — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў