Родня
Родня лац. Rodnia | |
Першыя згадкі: | 1709 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Магілёўская |
Раён: | Клімавіцкі |
Сельсавет: | Родненскі |
Насельніцтва: | 769 чал. (2007) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2244 |
Нумарны знак: | 6 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°30′52″ пн. ш. 32°8′10″ у. д. / 53.51444° пн. ш. 32.13611° у. д.Каардынаты: 53°30′52″ пн. ш. 32°8′10″ у. д. / 53.51444° пн. ш. 32.13611° у. д. |
± Родня | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ро́дня — вёска ў Беларусі, каля ракі Лабжанкі. Цэнтар сельсавету Клімавіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2007 год — 769 чалавек. Знаходзіцца за 17 км на паўднёвы ўсход ад Клімавічаў, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Асмолавічы (лінія Ворша — Унеча); на аўтамабільнай дарозе Клімавічы — Касьцюковічы.
Родня — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Родню як прыналежнасьць сяла Судзілавічаў у Амсьціслаўскім ваяводзтве датуецца 1709 годам[1].
Пад 1747 годам Родня ўпамінаецца як мястэчка амсьціслаўскага канюшага Казімера Свадкоўскага, які далучыў існую тут царкву да Уніі. У гэты час у Родні было 20 двароў. Узьнікненьню мястэчка спрыяла разьмяшчэньне на разгалінаваньні шляхоў з Касьцюковічаў на Амсьціслаў і Шумячы.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Родня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Клімавіцкім павеце Магілёўскай губэрні. На 1780 год у мястэчку было 76 двароў, дзеяла царква. У 1783—1785 гадох у Родні было 76 двароў з квартальнай забудовай, цэнтрам якой быў Рынак з царквой[2]. З пачатку XIX ст. у мястэчку працавала вінакурня (на 1819 год 8 работнікаў).
У 1866 годзе ў Родні адкрылася расейская народная вучэльня, у якой у 1889 годзе навучаліся 80 хлопчыкаў. На 1880 год у Родні было 78 дамоў, дзеялі царква і малітоўны дом, працавалі народная вучэльня, вадзяны млын і 9 крамаў. Частка жыхароў займалася кравецкім, кавальскім і кушнерскім промысламі. Штогод 18 студзеня, 2 траўня і 6 жніўся праводзіліся кірмашы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 122 двары, пачала працаваць крупадзёрка. Побач знаходзіўся аднайменны фальварак, у якім было 2 двары. На 1909 год у мястэчку было 127 двароў, працавала скрабовая вінная крама.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Родня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня Родню вярнулі БССР, дзе яна 20 жніўня стала цэнтрам сельсавету Клімавіцкага раёну Калінінскай, з 9 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 — Магілёўскай акругі, з 20 лютага 1938 году — Магілёўскай вобласьці. На 1926 год у мястэчку было 88 двароў, працаваў фэльчарска-акушэрскі пункт. Пазьней тут адкрыліся пошта, амбуляторыя, 7-гадовая школа, бібліятэка. У 1929 годзе савецкія ўлады стварылі ў Родні калгас. У 1938 годзе статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну зь сярэдзіны жніўня 1941 да 30 верасьня 1943 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1957 годзе Родню электрафікавалі і радыёфікавалі. У 1967 годзе да вёскі далучылі вёску Пачаеўку. На 1986 год у Родні было 235 двароў, на 1999 год — 266, на 2001 год — 261, на 2007 год — 308. У 2000-я гады Родня атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Родня знаходзіцца на ўсходзе Магілёўскай вобласьці, за 141 км ад Магілёва. Каля вёскі цячэ рака Лабжанка, прыток Сажа (басэйн Дняпра), на якой разьмяшчаецца штучнае вадасховішча. Рэльеф раўнінны.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1780 год — 289 чал.; 1783—1785 гады — 322 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1861 год — 617 чал.; 1880 год — 455 чал. (215 муж. і 240 жан.), зь іх 219 праваслаўных, 1 каталік, 235 юдэяў[3]; 1897 год — 834 чал. у мястэчку Родні і 7 чал. у фальварку Родні
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 471 чал.; 1926 год — 471 чал.; 1986 год — 694 чал.[4]; 1999 год — 718 чал.[5]
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 733 чал.[6]; 2007 год — 769 чал.[7]
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Родні працуюць дашкольная ўстанова, сярэдняя школа, лякарня, амбуляторыя, бібліятэка, дом культуры, пошта.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праект плянаваньня і забудовы Родні распрацавалі ў 1983 годзе. Плян складаецца з 2 просталінейных вуліцаў, арыентаваных з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і 2 плыўна выгнутых вуліцаў амаль мэрыдыянальнай арыентацыі. Паралельна і пад кутом да гэтых падыходзяць другарадныя вуліцы. Забудова двухбаковая, шчыльная, пераважная драўляная сядзібнага тыпу. Забудова на поўначы вядзецца мураванымі двухпавярховымі 8-кватэрнымі дамамі. Вакол невялікага пляцу з сквэрам у цэнтры месьцяцца асноўныя грамадзкія будынкі. На ўсходняй ускраіне адасоблена разьмяшчаецца гаспадарчы сэктар.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цэнтар экспэрымэнтальнай базы «Родненская», лясьніцтва, лесапільня.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква (XIX ст.; руіны)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Мяцельскі А. Родня // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 384.
- ^ Мяцельскі А. Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства XVI—XVIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. Менск, 2008. № 23.
- ^ Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 653
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 130.
- ^ Бянько У. Родня // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 119.
- ^ БЭ. — Мн.: 2001 Т. 13. С. 397.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 129.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2009. — 592 с. ISBN 978-985-11-0440-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888.
|