Перайсці да зместу

Вэстмінстэр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каралеўскі судны двор
Вэстмінстэрскае абацтва

Вэ́стмінстэр, Уэ́стмінстэр, таксама Вэстмі́нстэр (англ.: Westminster) — гістарычны раён Лондана, частка адміністрацыйнай акругі Вэстмінстэр. У Вэстмінстэры размешчаны Вэстмінстэрскі палац, у якім засядае Парламент Вялікабрытаніі.

Вэстмінстэр быў заснаваны ў VII стагоддзі вакол манастыра, які існаваў тут у той час. Сама назва «Вэстмінстэр» літаральна перакладаецца як Заходняя царква манастыра.

Раён Вэстмінстэр размешчаны на левым беразе Тэмзы, да захаду ад лонданскага Сіці.

Першапачаткова назва адносілася выключна да тэрыторыі Вэстмінстэрскага абацтва, якое з'яўляецца ўжо на працягу амаль тысячы гадоў рэзідэнцыяй урада Англіі.

У далейшым Вэстмінстэрам сталі зваць і раён Вэстмінстэр, які паступова разрастаўся і да якога з 1965 года былі далучаны прадмесці Сэнт-Мэрылібоўн і Падынгтан. Гістарычнае ядро акругі ўтварае востраў Торні, на якім было выбудавана Вэстмінстэрскае абацтва, якое дагэтуль з'яўляецца традыцыйным месцам каранацыі брытанскіх манархаў.

Вэстмінстэрскі палац, які знаходзіцца паблізу, пасля заваявання Англіі нарманамі ў 1066 годзе стаў рэзідэнцыяй англійскіх каралёў, а пазней месцам паседжанняў англійскага парламента і так званых Вэстмінстэрскіх судоў.

Хоць першапачаткова англійскія манархі жылі ў лонданскім Таўэры, аднак каралі не жадалі жыць сярод лонданскай галечы. Так з часам узніклі два цэнтры: адзін — эканамічны, у Сіці, а іншы — палітычны і культурны, у Вэстмінстэры. Гэты падзел захаваўся дагэтуль. Пазней брытанскія манархі перанеслі сваю рэзідэнцыю ў іншыя часткі горада. Але парламент дагэтуль засядае ў Вэстмінстэрскім палацы, а большасць міністэрстваў знаходзяцца ва Уайтхоле.

Назва «Вэстмінстэр» выкарыстоўваецца для абазначэння парламента і палітычнага цэнтра Злучанага Каралеўства. Нярэдка гавораць і аб Вэстмінстэрскай сістэме.

Недалёка ад Вэстмінстэрскага палаца і Вэстмінстэрскага абацтва знаходзіцца Вэстмінстэрская школа, адна з найбольш вядомых прыватных школ Англіі. Тры з чатырох карпусоў Вэстмінстэрскага ўніверсітэта знаходзяцца ў акрузе Вэстмінстэр.