Даўжыня да 12 мм. Афарбоўка зеленаватая, бурая, радзей чорная або плямістая. Спіна апушаная, надкрылы шчыльныя, скурыстыя. Заднія ногі скакальныя. Кормяцца сохамі раслін. Лічынкі развіваюцца на раслінах у камяках пенападобнай слізі, т. зв. «зязюліны сліны» (адсюль другая назва), якую выдзяляюць спецыяльныя васковыя залозы. У тропіках некаторыя віды пенніц утвараюць капеж з выдзяленняў.
Налічваецца каля 3 тысяч відаў. Пашыраны ў тропіках і ўмераных зонах. Жывуць пераважна ва ўвільготненых мясцінах. На Беларусі найбольш пашыраны пенніца альховая (Aphrophora alni), пенніца звычайная, або слінявая (Philaenus spumarius), пенніца цвердакрылая (Lepyronia coleoptrata). Пенніца звычайная шкодзіць сцяблам і лісцю пладовых дрэў, пладовых і дэкаратыўных кустоў, суніц і інш.