Перайсці да зместу

Плейстацэн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Плейстацэ́н (англ.: Pleistocene, ад стар.-грэч.: πλεῖστος — самы шматлікі і καινός — новы, сучасны) — эпоха чацвярцічнага перыяду, якая пачалася 2,588 мільёна гадоў таму і скончылася 11,7 тысяч гадоў таму[1].

Плейстацэнавая эпоха змяніла пліяцэнавую і змянілася галацэнавай.

Аўтар тэрміна — шатландскі геолаг і археолаг Чарлз Лаель, які прапанаваў падзяліць трацічны перыяд на чатыры геалагічныя эпохі (уключаючы Старажытны і Новы пліяцэн) у першым томе яго кнігі «Асновы геалогіі» (1830). У 1839 годзе ён прапанаваў выкарыстоўваць тэрмін «плейстацэн» для Новага пліяцэну.

Для Еўразіі і Паўночнай Амерыкі плейстацэн быў характэрны разнастайным жывёльным светам, у які ўваходзілі маманты, шарсцістыя насарогі, пячорныя львы, бізоны, які, гіганцкія алені, дзікія коні, вярблюды, мядзведзі (як сучасныя, так і вымерлыя), гіганцкія гепарды, гіены, страусы, шматлікія антылопы. У познім плейстацэне большая частка мегафаўны вымерла. У Аўстраліі зніклі сумчатыя львы і дыпратодоны — самыя буйныя (памерам з насарога) сумчатыя, якія калі-небудзь існавалі на Зямлі. Мяркуецца, што выміранне выклікалі першабытныя паляўнічыя ў канцы апошняга ледавіковага перыяду, або выміранне адбылося ў выніку змянення клімату ці камбінацыі гэтых фактараў.

У наш час у Расіі і ЗША вядуцца працы па аднаўленні плейстацэнавай мегафаўны.

Жыццё ў плейстацэне

[правіць | правіць зыходнік]
Рэканструкцыя маманта ў поўны памер

На пачатку плейстацэну на Зямлі наступіў працяглы ледавіковы перыяд. На працягу 2 млн гадоў на планеце шматкроць чаргаваліся вельмі халодныя і адносна цёплыя адрэзкі часу. У халодныя прамежкі, якія працягваліся прыкладна 40 тысяч гадоў, кантыненты падвяргаліся нашэсцю ледавікоў. У прамежках з цяплейшым кліматам (міжледнікоўях) ільды адыходзілі, і ўзровень вады ў морах падымаўся.

У шматлікіх жывёл халодных рэгіёнаў планеты (напрыклад, у маманта і шарсцістага насарога) з’явілася густое шэрснае покрыва і тоўсты слой падскурнага тлушчу[2][3]. На раўнінах пасвіліся статкі аленяў і коней, на якіх палявалі пячорныя львы і іншыя драпежнікі. А прыблізна 180 тысяч гадоў таму на іх пачалі паляваць і людзі — спачатку неандэрталец, а затым і чалавек разумны[4].

Аднак многія буйныя жывёлы не змаглі прыстасавацца да рэзкіх ваганняў клімату і вымерлі. Каля 10 тысяч гадоў таму ледавіковы перыяд скончыўся, і клімат на Зямлі стаў цяплейшым і больш вільготным. Гэта спрыяла хуткаму павелічэнню колькасці чалавечай папуляцыі і рассяленню людзей па ўсім зямным шары. Яны навучыліся разворваць зямлю і вырошчваць культурныя расліны. Маленькія, спачатку сельскагаспадарчыя, абшчыны разрасліся, з’явіліся гарады, а ўсяго праз некалькі тысячагоддзяў чалавецтва ператварылася ў сусветнае грамадства, якое выкарыстоўвае ўсе дасягненні высокіх тэхналогій. Затое шматлікія віды жывёл, з якімі людзі спакон веку дзялілі планету, апынуліся на грані знікнення. Вось чаму навукоўцы ўсё часцей гавораць пра тое, што чалавек стаў прычынай новага масавага вымірання відаў на Зямлі.

Палеагеаграфічныя рэканструкцыі
Позні плейстацэн,
50 тыс. гадоў таму
  1. International Chronostratigraphic Chart (англ.). International Commission on Stratigraphy (1 студзеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 1 верасня 2013. Праверана 23 верасня 2013.
  2. Мамонт // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907. (гл. фіг. 1).
  3. Мамонты и мамонтовая фауна (руск.) // Заалагічны музей Заалагічнага інстытута РАН
  4. Зуб неандертальца помог сделать открытия о распространении этого вида
  • Иорданский Н. Н. Развитие жизни на земле. — М.: Просвещение, 1981.
  • Короновский Н.В., Хаин В.Е., Ясаманов Н.А. Историческая геология : Учебник. — М.: Академия, 2006.
  • Ушаков С.А., Ясаманов Н.А. Дрейф материков и климаты Земли. — М.: Мысль, 1984.
  • Ясаманов Н.А. Древние климаты Земли. — Л.: Гидрометеоиздат, 1985.
  • Ясаманов Н.А. Популярная палеогеография. — М.: Мысль, 1985.
  • Плейстоцен — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі