Рымская літаратура
Гісторыя Старажытнага Рыма |
---|
Заснаванне Рыма |
Царскі перыяд |
Рэспубліка |
Імперыя |
Паняцці |
Асобы |
Рымская літаратура, г.зн. літаратура старажытнага Рыма, развівалася пад значным уплывам старажытнай Грэцыі і істотна паўплывала ў сваю чаргу на пазнейшыя еўрапейскія літаратуры.
Раннія аўтары
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя вядомай нам рымскай літаратуры пачынаецца ў сярэдзіне 3 ст. да н.э. У гэты час Лівій Андронік, грэк з паходжання, пераклаў Гамераву Адысею сатурнавым вершам, а таксама стварыў шэраг лацінскіх трагедый і камедый на грэцкі ўзор (магчыма, ізноў жа перакладаў з грэцкіх арыгіналаў). Першая пастаноўка адбылася ў 240 да н.э. У канцы таго ж стагоддзя Гней Невій стварыў арыгінальны лацінскі эпічны твор, паэму аб Першай Пунічнай вайне, таксама сатурнавым вершам. У драматычных творах Невій выкарыстоўваў як грэцкія, так і рымскія сюжэты.
У пачатку 2 ст. да н.э. Квінт Эній адаптаваў для сваіх «Аналаў» грэцкі дактылічны гекзаметр, які стаў з гэтага часу асноўным памерам лацінскай эпічнай паэзіі. Плаўт (каля 254–184 да н.э.), Цэцылій Стацый (каля 220–160 да н.э.) і Тэрэнцый (195/185–159 да н.э.) ствараюць класічныя камедыі па Афінскіх узорах. Катон Старэйшы піша трактат аб сельскай гаспадарцы (160 да н.э.)
Закрывае перыяд ранняй рымскай літаратуры паэт Гай Луцылій (160я-103/2 на н.э.), які ўвёў у рымскую паэзію тэмы штодзённасці.
Залаты век
[правіць | правіць зыходнік]Залатым векам рымскай літаратуры называюць перыяд ад 81 да н.э. да 17 н.э. — ад першай прамовы Цыцэрона да смерці Авідзія.
Позняя рэспубліка
[правіць | правіць зыходнік]Сярод прозы гэтага перыяду вылучаюцца працы Цыцэрона і Юлія Цэзара. У паэзіі значнае месца займаюць Лукрэцый, аўтар працы «Аб прыродзе рэчаў», і натхнёныя эліністычнымі ўзорамі паэты-неатэрыкі (сярод іх — Гай Валерый Катул, Гай Гельвій Цына, Гай Ліцыній Кальв).
Часы Актавіяна Аўгуста
[правіць | правіць зыходнік]Імператар Актавіян Аўгуст цікавіўся літаратурай і спрыяў паэтам; яшчэ ў большай ступені апекаваўся літаратарамі яго сябар і паплечнік Гай Цыльній Мецэнат, чыё імя зрабілася назоўным.
У гэты перыяд Вергілій стварае эпас «Энеіда»; эпічную паэзію піша таксама Варый, ад чыіх твораў захаваліся толькі фрагменты. Гарацый давяршае пачаты неатэрыкамі перанос грэцкіх мелічных памераў у рымскую паэзію. Элегічныя паэты (між імі Авідзій, Тыбул і Праперцый) удасканальваюць элегічны двуверш.
Гісторык Ціт Лівій стварае шматтамовую гісторыю Рыма.
Імперскі перыяд
[правіць | правіць зыходнік]У часы Нерона філосаф Сенека склаў шэраг дыялогаў і лістоў аб пытаннях маралі. Каля 60 н.э. з'явіўся адзін з найвядомейшых твораў лацінскай прозы — Сатырыкон Петронія Арбітра. Пры дынастыі Флавіяў і наступных імператарах пісалі эпічныя паэты Гай Валерый Флак і Сілій Італік, аўтар сатыр Ювенал, эпіграматыст Марцыял.
У пачатку 1 ст. н.э. працавалі гісторыкі Тацыт і Светоній, а ў другой палове стагоддзя з'явіліся «Атычныя ночы» (Noctes Atticae) Аўла Гелія і «Метамарфозы» (Metamorphoses) Апулея, вядомыя таксама пад назваю «Залаты асёл».
На зыходзе антычнасці пішуць значныя хрысціянскія аўтары Аўгусцін Гіпонскі, Амвросій Медыяланскі, Іеранім Стрыдонскі, Баэцый, Прудэнцый і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Антычная літаратура ў беларускіх перакладах. Старажытны Рым: Хрэстаматыя. Гродна, 2003.