Спадчыннасць
Спадчыннасць — уласцівасць арганізмаў забяспечваць матэрыяльную і функцыянальную пераемнасць паміж пакаленнямі, адзін з галоўных фактараў эвалюцыі. Праяўляецца ў бесперапыннасці жывой матэрыі пры змене пакаленняў. Фактары спадчыннасці лакалізаваны ў храмасомах і цытаплазме (цытаплазматычная спадчыннасць).
Генетычная інфармацыя захоўваецца, узнаўляецца і перадаецца пры размнажэнні арганізмаў у выглядзе малекул нуклеінавых кіслот (ДНК, РНК), якія з'яўляюцца матэрыяльнамі носьбітамі ўсіх відаў спадчыннасці.
Асобная роля ў спадчыннасці належыць дакладнасці ўзнаўлення малекул нуклеінавых кіслот у працэсах рэплікацыі і транскрыпцыі, а таксама высокай ступені дакладнасці сінтэзу бялкоў у працэсе трансляцыі.
Рэалізацыя спадчыннасці залежыць ад асаблівасцей генатыпу, знешніх умоў і адбываецца ў розных варыянтах. Напрыклад, асобіны з розным генатыпам маюць аднолькавы фенатып (дамінантнасць), арганізмы з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі).
Функцыянальная пераемнасць пакаленняў забяспечваецца таксама перадачай інфармацыі ад аднаго пакалення да другога ў ходзе навучання, т. зв. сігнальная спадчыннасць. Аснова гэтага працэсу — умоўнарэфлекторная дзейнасць вышэйшых арганізмаў (асабліва ў чалавека).
У ходзе ўзнікнення і развіцця жыцця на Зямлі спадчыннасць адыгрывала вырашальную ролю шляхам спалучэння кансерватыўнасці са зменлівасцю ў замацаванні дасягнутых эвалюцыйных пераўтварэнняў. Вывучэнне заканамернасцей спадчыннасці мае важнае значэнне для медыцыны, сельскай гаспадаркі і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Заяц Р. І. Спадчыннасць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 94. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).