Перайсьці да зьместу

Тройдзень

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тройдзень
лац. Trojdzień
Тройдзень. З хронікі А. Гваньіні «Апісаньне Эўрапейскай Сарматыі» (1578 г.)
5-ы вялікі князь літоўскі
1270 — 1282
Папярэднік Шварн Данілавіч
Наступнік Даўмонт
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1220-я
Памёр 1282(1282)
Нашчадкі дачка:
Гаўдэмунда
Бацька Від

Тройдзень[1][2], Трайдзе́нь (1220-я — 1282) — вялікі князь літоўскі (1270—1282[3]).

Вёў упартае змаганьне з Тэўтонскім ордэнам, галіцка-валынскімі князямі. Ад ворагаў атрымаў мянушку Хіжы. Значна пашырыў межы Вялікага Княства Літоўскага. Загінуў ад рук падасланых забойцаў.

Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Тройдзень паходзіць ад старагерманскага treud- 'цяжар'[4]. Апроч таго, існуе германская іменная аснова дройт- (тройт-), якая паходзіць ад гоцкага drauhti 'вайсковы аддзел'[5].

Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» зьвяртае ўвагу на ўспадкаваньне імя Тройдзень мазавецкімі князямі (Тройдзень I(pl), Тройдзень II(pl)) — нашчадкамі Гаўдымунды, дачкі вялікага князя літоўскага Тройдзеня[6][7]. Тым часам у Пскове адзначалася імя Трайдзіла[8].

Існаваў шляхецкі род нямецкага паходжаньня Трэйдэн фон Трота, прозьвішча якога выводзяць ад нямецкай назвы замка Турайды ў Курляндыі. Апроч таго, адзначалася бытаваньне ў Вялікім Княстве Літоўскім германскага прозьвішча Трэйдэр[9].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Троидеи… при животе Троиденеве… Троидени… Троидении… Тридъ (Галіцка-Валынскі летапіс)[10]; Konig Theuderin (1278 год)[11]; Traydene (5 лютага 1286 году)[12]; kunic Thoreiden (Старэйшая рыфмаваная хроніка)[13]; Trojden… Troyden (Хроніка Быхаўца); Тройдень… Тройден (Хроніка літоўская і жамойцкая)[14].

Паходжаньне і раньнія гады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакладнае паходжаньне Тройдзеня невядомае, але імаверней за ўсё, ён быў родзічам Міндоўга. Пазьнейшыя крыніцы называюць бацькам Тройдзеня князя Віда, легендарнага нашчадка полацкіх князёў. Тагачасныя крыніцы кажуць пра малодшых братоў Тройдзеня — Борзу, Лесію, Сьвелкенію, Сірпуцію і пра стрыечнага брата Гольшу як пра праваслаўных хрысьціянаў паходжаньнем з «пакаленьня рускага». Таму імаверна, што і Тройдзень паходзіў з «пакаленьня рускага» і вызнаваў праваслаўе.

Пра раньні час жыцьця Тройдзеня вядома вельмі мала. Імаверна, што яшчэ за часамі Міндоўга ён браў удзел у войнах з галіцка-валынскі князямі, бо летапіс паведамляе, што ў гэтых канфліктах загінулі яго малодшыя браты Борза, Лесі, Сьвелкені. Таксама магчыма лічыць, што Тройдзень з 1268 году быў намесьнікам свайго бацькі, бо Від на той час быў састарэлага веку — таму ўсё, што кажуць пра дзейнасьць Віда, відаць, можна меркаваць наконт Тройдзеня.

Сустрэча Тройдзеня з будучай жонкай, мазавецкай князёўнай Ганнай

У 1270 годзе Тройдзень «нача княжити в Литве». Летапісы апавядаюць, што Тройдзень «великие вальки чынил з Ляхи, и з Русю, и з Мазовшаны, и завжды зыскивал и над землями их сильные окрущества чынил». Таму валынскі летапісец характарызаваў яго як «окаяньный и безаконьный, проклятый, немилостивый Тройден, яго же безаконья не могохом псати срама ради» казаў, што ён нават у параўнаньні з Ірадам і Нэронам «многа злейша того безаконья чиняша». І напраўду гэты вялікі князь «весь живот свой до войны и крови розляне простовал».

Тройдзень вёў актыўную ўнутраную і замежную палітыку. Унутры ВКЛ змагаўся з сэпаратыстамі, душачы іхны рух у Нальшанах і Дзяволтве — працягваў палітыку Войшалка, апіраючыся на Новагародзкае, Гарадзенскае княствы і Полацкую зямлю. Вядома, што ад яго ў Ордэн уцяклі нальшанскія мясцовыя князькі Полюш і Суксэ. У замежнай палітыцы імкнуўся да пашырэньня граніцаў дзяржавы за кошт найперш балтыйскіх зямель Аўкштоты, Дайновы і Судавіі, а таксама абараніць ВКЛ ад уціску з боку Тэўтонскага ордэну і Галіцка-Валынскага княства. Гэта яму атрымалася — да ВКЛ былі далучаны Аўкштота, Дайнова і значная частка Судавіі. У 1273 годзе дапамог войскам яцьвяскага князя з Судавіі Скаламенду ў выправе на Кульмскую зямлю, ў якой бралі ўдзел русіны, відаць, з Наваградзкага і Гарадзенскага княстваў. Шмат яцьвягаў і прусаў уцякала ад тэўтонскага ўціску на землі ВКЛ. Вядома, што Тройдзень пасяліў частку прусаў у ваколіцах Слоніму і Горадні[15].

Тройдзень. М. Барвіцкі, 1908 г.

У 1274 годзе Тройдзень паслаў гарадзенскую дружыну на Дарагічын, які належаў галіцкаму князю Льву, горад быў захоплены і «избиша вся и мала и до велика». Да гэтага Тройдзень зь Львом «живаше во величе любови, шлюче многа дары межи собою». Невядома ці праўда гэта і чым растлумачыць такі ўчынак вялікага князя. У наступным 1275 годзе Леў Данілавіч, помсьцячы за рабаваньне Дарагічына, «посла в татары ко великому царю Меньгаут-Мереви, прося себе помочи у него на Литвоу». Хан дасылае да Льва войска на чале з вайскаводцам Ягурчынам, і прымушае ісьці на ВКЛ падручных князёў — Рамана Бранскага, Глеба Смаленскага, тураўскіх і пінскіх князёў. Але ў выніку сварак яны, ўзяўшы толькі вакольны горад Новагародку, пайшлі за межы ВКЛ.

У 1277 годзе Тройдзень ваюе Дынабург, выкарыстоўвае чатыры вялікія рухомыя абложныя вежы для штурму, балісты, што кідаюць каменьне. У войску ВКЛ было шмат лучнікаў-русінаў, верагодна палачанаў, бо ў адной з наўгародзкіх берасьцяных грамат гэтага часу паведамляецца пра канцэнтрацыю войскаў у Полацку. Аблога доўжылася чатыры тыдні, але была спыненая таму, што ў гэты час пачалося чарговае ўварваньне галіцка-татарскіх кантынгентаў на чале з вайскаводам Мамшынам у межы ВКЛ. Але і гэтая галіцка-татарская выправа скончылася няўдала з прычыны сварак паміж удзельнікамі кампаніі.

У канцы 1278 году Тройдзень пасылае брата Сірпуція (свайго гарадзенскага намесьніка) з войскам на дапамогу яцьвягам, якія ваявалі Мазовію і Ўсходнюю Польшчу — войска ВКЛ дайшло да Любліна. Больш за ўсё пацярпела Мазовія, у выніку мазавецкія князі разарвалі адносіны з Тэўтонскім ордэнам і запрасілі ў Тройдзеня замірэньня.

Рэшткі старажытных умацаваньняў у Кернаве, які некаторыя гісторыкі лічаць «горадам Тройдзеня».

Але ў той жа час, у канцы 1278 году лівонскія войскі ўварваліся ў Аўкштайцію, парабавалі яе і пайшлі далей углыб ВКЛ. У студзені 1279 году яны аблажылі Кернаў. Ордэнскія крыніцы кажуць пра яго, як пра «горад у зямлі Традзеня» або «горад Тройдзеня». На гэтай падставе некаторыя дасьледнікі лічаць Кернаў нават тагачаснай сталіцай ВКЛ або горадам, якім валодаў Тройдзень да таго, як стаў вялікім князям. Але наўрад ці гэтыя меркаваньні слушныя, бо засноўваюцца на вельмі цьмяным адзінкавым паведамленьні. Цікава, што ў час сучасных археалягічных раскопак у Кернаве ў пластах XIII стагодзьдзя пакуль знаходзяць выняткова славянскія ці хрысьціянскія рэчы.

Аблога Кернава была беспасьпяховай, у лютым крыжакі, парабаваўшы яго ваколіцы, пайшлі зь вялікімі лупамі ў Лівонію. Тройдзень, сабраўшы войска, наладзіў за імі пагоню і дагнаў іх ля Ашэрадэна 5 сакавіка 1279 году. Спачатку бітва была роўнай, лівонцы моцна бараніліся, але ў нейкі момант частка войска ВКЛ кінулася ва ўяўныя ўцёкі. Частка ордэнскага войска, а менавіта датчане, пачалі перасьлед «уцекачоў», але, гнаўшыся значны час, ня здолелі дагнаць і вырашылі вяртацца да свайго войска. Калі датчане вярнуліся да месца бітвы, дык астатнія войскі ўжо былі разьбітыя, самыя ж датчане трапілі ў пастку і ў большасьці былі зьнішчаныя. У бітве пад Ашэрадэнам загінуў лівонскі магістар і 71 ордэнскі брат, ня лічачы астатніх рыцараў і простых вояў.

Посьпех пры Ашэрадэне быў замацаваны складаньнем у тым жа 1279 годзе міру і хаўрусу паміж Мазовіяй і ВКЛ. Мазавецкі князь Баляслаў II ажаніўся з Тройдзеневай дачкой Гедзіміндай. Новы хаўрус скіроўваўся як супраць Тэўтонскага ордэна, так і супраць Польшчы. Да гэтага ж году Мацей Стрыйкоўскі адносіць другі шлюб Тройдзеня — з мазавецкай князёўнай Ганнай.

У 1280 годзе Тройдзень выслаў войска на дапамогу Скаламенду ў выправу на Самбію. На ягоны загад Найміс ваяваў Памезанію. У тым жа годзе Тройдзень канчаткова далучыў да ВКЛ Аўкштоту, паводле паданьні, менавіта тады заснавалі памежнае ўмацаваньне Коўна.

У 1281 годзе Тройдзень захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі і прымусіў крыжакоў аддаць яму гэты замак узамен захопленага Герцыке.

Абставіны сьмерці Тройдзеня шчыльна зьнітаваныя зь яго ўнутранай палітыкай. У 1282 годзе яго забілі два нальшанцы — Стуманд і Гірдзела, якія потым здолелі ўцячы ў валоданьне Тэўтонскага ордэна. Паводле паданьня, іх падаслаў адзін з нальшанскіх князёў — Полюш, былы сэпаратыст, які зьбег з ВКЛ, прыняў каталіцтва, браў удзел у выправах тэўтонскіх рыцараў на ВКЛ, помсьцячы за страту сваіх уладаньняў.

Паводле літоўскіх (беларускіх) летапісаў, каля 1270 году збудаваў на рацэ Бебры (на мяжы Літвы з Прусіяй) горад, якому даў славянскую назву — Райгорад: «І князь вялікі Тройдзень найдзець гару красную над ракою Бебраю, і спадабалася яму там вельмі, і зарубіў горад, і назавець яго Райгорад»[16].

Імаверны радавод і нашчадкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
 Даўспрунг князь Дзяволтвы
 ├──>NN 
 │    ├─>Від Воўк
 │    │     ├─>Тройдзень 
 │    │     │     ├─>Будзікід  
 │    │     │     ├─>Будзівід
 │    │     │     │     ├─>Віцень
 │    │     │     │     └─>Гедзімін-Пракоп
 │    │     │     │           └─>ГЕДЗІМІНАВІЧЫ
 │    │     │     └─>Гедзімінда-Сафія
 │    │     ├─>Борза       
 │    │     ├─>Лесі        
 │    │     ├─>Свелкені    
 │    │     ├─>Сірпуці     
 │    │     └─>NN дачка    
 │    └─>Гердзень
 │          ├─>Андрэй 
 │          └─>?
 └──>Жывібунд
      ├─>Даўспрунг
      │     ├─>Таўцівіл 
      │     │     └─>Іван       
      │     ├─>Эрдзівіл
      │     └─>NN дачка
      ├─>Міндоўг
      │     ├─>Войшалк 
      │     ├─>Даўмонт 
      │     ├─>NN дачка              
      │     ├─>Рукля
      │     └─>Рупэк
      └─>NN дачка
            └─>Транята
Папярэднік
Шварн
Вялікі князь літоўскі
12701282
Наступнік
Даўмонт
  1. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 202—203.
  2. ^ Вітаўт Чаропка, Тройдзень (? — 1282), Звязда, 11 красавіка 2017 г.
  3. ^ Насевіч В. Трайдзень // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 666.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 26.
  5. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 74.
  6. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 49—50, 54.
  7. ^ Урбан П. Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва» // Запісы. № 3 (9), 1964. С. 35—90.
  8. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 15.
  9. ^ Sẽnosios Pasvalio bažnyčios knygos. X. 1776—1793 metų jungtuvių metrikų knyga. — Savilaida, 2016. P. 62.
  10. ^ ПСРЛ. Т. 2. — СПб., 1845. С. 204—207.
  11. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 202.
  12. ^ Послание рижского архиепископа Иоганна по поводу мира с в. к. л. Тройденем (1286), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  13. ^ Livländische Reimchronik. — Paderborn, 1876. S. 188, 189, 215.
  14. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 32.
  15. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 39.
  16. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 61.