Перайсьці да зьместу

Міндоўг

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Міндоўг
лац. Mindoŭh
Міндоўг (уяўны партрэт)
1-ы вялікі князь літоўскі
1248 — 1263
Каранацыя 6 ліпеня 1253
Наступнік Транята
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 18 ліпеня 1195[1],
Памёр 12 верасьня 1263
Нашчадкі Войшалк, Рукель (Рукля), Рэпек
Сужэнец
  • NN (дачка Ізяслава Наўгародзкага, кан 1220 - пач. 1230-х)
  • Марта (1251 — каля 1262)
  • NN (сястра Марты, 1262-1263)[3]

Міндо́ўг, Міндаў[4] (1195 або каля 1200[5] — 1263 ці 1264) — заснавальнік[6] і першы гаспадар Вялікага Княства Літоўскага (1248[7]—1253), першы і апошні кароль Літвы (1253—1260). Імаверна, сын Рынгольда (сучасная навука лічыць яго мітычнай асобай[8]). Іншыя гіпотэзы высоўваюць мажлівасьць таго, што Міндоўг быў сынам Даўгерда з княскага роду летапіснае Літвы[9].

Узначаліў абарону жыцьцёвай прасторы балта-славянскага сымбіёзу (палітычнага хаўрусу) на Панямоньні[10], утварэньне якога выклікала ваенная пагроза звонку[11]. Заснаваў новую цэнтралізаваную дзяржаву, якая хутка аб’яднала ўсе этнічна беларускія землі, у тым ліку Полацкае княства — першую вядомую дзяржаву на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Мэндах або Міндах (Mendoch, Mindach[12]) — імя германскага паходжаньня[13]. Іменная аснова -мін- (-мен-) (імёны ліцьвінаў Мінят, Альмін, Асьміна; германскія імёны Miniatus, Almin, Osminna) паходзіць ад гоцкага minan 'менаваць, памятаць, любіць'[14], minthi 'памяць'[15], а аснова -даў(г)- (імёны ліцьвінаў Даўгерд, Даўгер, Даўят; германскія імёны Daugaard, Dauharjis, Dowyatt) — ад гоцкага daug 'годна', бургундзкага daugjis 'здольны, годны'[16][17]. Такім парадкам, імя Міндоўг азначае «здольны мысьленьнем»[18] (тое ж, што і імя Даўмен). Паводле іншага тлумачэньня[19][20], імя Міндоўг азначае «магутны дабрынёй» і складаецца з асноваў магін- (мэйн-) (імёны ліцьвінаў Мэйнар, Мэйнарт; германскія імёны Meinar, Meinart), якая паходзіць ад стараверхненямецкага magan, стараісьляндзкага megin, стараангельскага maegen 'сіла, магутнасьць, улада'[21], і -даг- (-дак-) (імёны ліцьвінаў Дагейка, Дакель, Ядаг; германскія імёны Dagiko, Dacilus, Adago), якая паходзіць ад германскага daga 'палымяны, зіхатлівы, яркі, бліскучы'[22]. У германскіх мовах адзначаецца магчымасьць пераходу Dagh > Daw[23].

У большасьці арыгінальных лацінскіх дакумэнтаў сустракаецца форма Mindowe або Myndowe, дзе літара «y» і літара «i» пазначаюць адзін і той жа гук. Наяўнасьць варыянтаў Mindou і Mindaw сьведчыць пра тое, што канцавое «e», відаць, не вымаўлялася. Кірылічным адпаведнікам да Mindowe (Myndowe) мела быць форма Миндовъ[24]. У дакумэнтах таксама фіксуюцца формы Mindowin, Mindota і Mindo. Усходнеславянскія і польскія наратыўныя крыніцы падаюць таксама формы: Миндогь, Mindog, Мендигь, Мендокь, Mendog, Mendok, Миндовгъ, Мендовгъ, Mindowk[25].

Такім парадкам, форма імя Міндоўг трапіла ў гістарычную літаратуру з усходнеславянскіх летапісаў, якія захаваліся ў пазьнейшых сьпісах. Тым часам у дакумэнтах, што выходзілі ў каралеўскай канцылярыі ўжывалася форма Міндаў, якой карыстаюцца эўрапейскія дасьледнікі і публікатары архіўных крыніцаў[4].

Паходжаньне і сям’я

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне Міндоўга лічыцца неўсталяваным, але большасьць сучасных дасьледнікаў сыходзіцца збольшага на дынастычных вэрсіях: як правіла, сучасная гістарыяграфія намагаецца адшукаць карані Міндоўга сярод тагачасных княскіх дынастыяў дробных аўкштайцкіх і жамойцкіх воласьцяў тэрыторыі сучаснае Летувы. Сярод найбольш пашыраных гіпотэзаў — вэрсія пра паходжаньне Міндоўга як сына Рынгольда (які, зрэшты, лічыцца цяпер мітычнай асобай) або як князя, які пры неўсталяваных акалічнасьцях быў выгнаны зь летапіснай Літвы, у выніку чаго апынуўся на тэрыторыі беларускага Панямоньня. Іншыя меркаваньні дапускаюць паходжаньне Міндоўга з княскай галіны, у якой існаваў прадстаўлены ў пагадненьні з Уладзімера-Валынскім княствам Жывінбуд (мажліва, мог быць сынам заснавальніка дынастыі), прытым Міндоўг быў у ёй сынам аднаго з старэйшых братоў Жывінбуда.

Магчыма, што першапачатковым кіраўніком дынастыі і бацькам Міндоўга быў Даўгерд, па гібелі або сьмерці якога ўлада перайшла да ягонага малодшага брата, Жывінбуда. Пры гэтай схеме наступным уладу мусіў атрымаць пляменьнік Жывінбуда князь Даўят, сам жа Міндоўг меўся быць пераведзеным на нейкае пляменнае княжаньне. Тым ня менш, у выніку ўсьвядомленага палітычнага змаганьня або сьмерці сваякоў у вайсковых выправах Міндоўг атрымаў літоўскае княжаньне[9]. Іншыя вэрсіі прадугледжваюць выгнаньне князя пры нявысьветленых абставінах. У кожным разе, не адкідаецца, што частка літоўскае знаці магла пайсьці на падтрымку Міндоўга, бачачы ў ім добрую супрацьвагу актывізацыі дзейнасьці крыжакоў у Балтыі[26].

Увогуле, надзейныя крыніцы не зьмяшчаюць зьвестак пра паходжаньне Міндоўга. Лівонская старэйшая рыфмаваная хроніка, створаная каля 1290 году, паведамляе толькі, што бацька Міндоўга быў «вялікі кароль» (könig gros). У пазьнейшых легендарных творах агучваюцца розныя вэрсіі пра паходжаньне Міндоўга. Паводле Васкрасенскага летапісу (XVI ст.), Міндоўг паходзіць з роду полацкіх князёў Ізяславічаў (Рагвалодавічаў), а яго бацькам быў гіпатэтычны Маўкольд Расьціславіч. Паводле аднаго з позьніх паданьняў, Міндоўг паходзіў з старажытнарымскага роду Палямонавічаў, які прыбыў на берагі Балтыйскага мора. Хроніка Быхаўца (XVI ст.) называе бацькам Міндоўга мітычнага літоўскага князя з Палямонавічаў.

Міндоўг тройчы браў шлюб. Надзейных зьвестак пра першую жонку не захавалася. Расейскі гісторык XVIII ст. Васіль Тацішчаў, які мог карыстацца крыніцамі, што не дайшлі да нашага часу, азначаў яе як князёўну цьвярскую. Другі раз Міндоўг ажаніўся з Мартай (? — ~1262), якая паводле летапіснага ўпаміну, была ўдавой літоўскага князя Вышымута Булевіча, забітага Міндоўгам. Яе сыны былі найшмат маладзейшымі за іншых дзяцей Міндоўга — Войшалка і дачку. Па сьмерці Марты Міндоўг ажаніўся з Агнай, жонкай князя гальшанскага Даўмонта, якая прыехала на пахаваньне сястры — нібы паводле тэстамэнту Марты, якая не хацела даверыць сваіх дзяцей нікому, апроч Агны.

У першым шлюбе нарадзіліся:

  • Войшалк (~1223—1267) — вялікі князь літоўскі ў 1264—1267 гадох, які не пакінуў нашчадкаў
  • Дачка зь невядомым імём — з 1254 году жонка Шварна Данілавіча (1230-я — 1270), князя холмскага ў 1264—1270 гадох, вялікага князя літоўскага ў 1267—1270 гадох, нашчадкаў ня мела.

Сыны ў другім шлюбе: Рукля (Рукель) (?—1263), Рэпек[a] (?—1263).

Пачатак валадараньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Міндоўга датуецца 1219 годам, калі ў Галіцка-Валынскім летапісе ён называецца чацьвертым зь пяці старэйшых літоўскіх князёў, якія разам зь іншымі 16-цю літоўскімі князямі падпісвалі пагадненьне з Уладзімера-Валынскім княствам[28].

« Бж҃иимъ повелениемь . прислаша кнѧзи Литовьскии . к великои кнѧгини Романовѣ . и Данилови и Василкови . миръ дающе бѧхоу же имена Литовьскихъ кнѧзеи се старѣшеи . Живинъбоудъ . Давъѧтъ . Довъспроункъ . братъ его Мидогъ. »

Галіцка-Валынскі летапісІпацьеўскім сьпісе, 1420-я гады)

Адсюль вынікае, што Міндоўг нарадзіўся дзесьці на мяжы XII—XIII стагодзьдзяў[29]. Да сярэдзіне 1230-х гадоў ён дасягнуў аднаасобнай вярхоўнай улады ў землях Літвы або значнай яе часткі. Увесну 1238 году «Літва Міндоўга» знаходзілася ў хаўрусных або васальных дачыненьнях з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам, які накіроўваў Міндоўга і князя Ізяслава Наваградзкага ваяваць супраць польскага князя Конрада І Мазавецкага[6][30]. У сярэдзіне ліпеня 1245 году на запыт Данілы Раманавіча Міндоўг накіраваў войска супраць вугорцаў, але яно не пасьпела да вызначальнай бітвы пад Яраславам 17 ліпеня 1245 году.

Утварэньне і ўмацаваньне Вялікага Княства Літоўскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неўзабаве Міндоўг далучыў да сваіх уладаньняў Наваградзкую зямлю, што фактычна дало пачатак утварэнню Вялікага Княства Літоўскага. Па гэтым яго дачыненьні з Данілам Раманавічам сталі варожымі.

Імаверна, што знаць Панямоньня магла бачыць выгоды ў моцнай уладзе Міндоўга, які, апроч гэтага, прадстаўляў досыць вядомую мясцовым баярам літоўскую знаць[31]. Тым часам тэорыі пра ўтварэньне дзяржавы ў выніку заваёвы — сумнеўныя[32].

Дзейнасьць Міндоўга ў ролі кіраўніка Вялікага Княства Літоўскага можна падзяліць на чатыры храналягічныя адцінкі[33]:

  • 1248—1254 гады — канфлікт з Галіцка-Валынскай дзяржавай;
  • 1251—1260 гады — хаўрус Вялікага Княства Літоўскага з Інфлянцкім ордэнам;
  • 1254—1258 гады — залежнасьць ад Галіцка-Валынскага княства;
  • 1258—1263 гады — аднаўленьне і ўмацаваньне незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага.
Імаверны партрэт Міндоўга паводле Тэадора Нарбута, 1838 г.[34]

Па аб’яднаньні летапіснай Літвы з Наваградзкім княствам і ўтварэньні новай дзяржавы Міндоўг мусіў прыняць усходняе хрысьціянства. Паводле Густынскага летапісу, ужо ў 1246 годзе ва ўласнай рэзыдэнцыі ў Наваградку ён ахрысьціўся ў праваслаўе, аднак палітычная сытуацыя змусіла Міндоўга праз пэўны час яшчэ раз зьмяніць веравызнаньне і навярнуцца ў каталіцтва. Але не адкідаецца таксама, што зьвесткі пра прыняцьце Міндоўгам праваслаўя супярэчаць інфармацыі Валынскага летапісу (згодна зь якім Міндоўг пазьней прыняў каталіцтва і прыняў хрысьціянства толькі фармальна), а стваральнік Густынскага летапісу мог прыдумаць зьвесткі пра хрышчэньне Міндоўга, жадаючы абгрунтаваць заняцьце ім наваградзкага стальца[35]. За абяцаньне прыняць хрысьціянства рымскага абраду і аддаць у валоданьне інфлянцкім рыцарам частку Жамойці ў 1251 годзе Міндоўг атрымаў падтрымку магістра Інфлянцкага ордэну і перамог кааліцыю. Такім парадкам, Міндоўг першы выкарыстаў Жамойць як разьменную манэту ў палітычнай гульні з крыжакамі, даўшы пачатак і прыклад аналягічным дзеяньням наступных кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага[36]. Апроч таго, некалькі гістарычных крыніцаў паведамляе пра тое, што каталіцкі хрост Міндоўга ім самім успрымаўся толькі як намінальны. Каталіцкі хрост князя можа тлумачыцца як спроба адшуканьня палітычнай апоры ў змаганьні з галіцка-валынскімі і літоўскімі канкурэнтамі; па каталіцкім хросьце Міндоўг адмаўляўся ад прэтэнзіяў на Жамойць[37].

Усьведамляючы небясьпеку з боку крыжакоў, Міндоўг пачаў дапамагаць прускім паўстанцам і адначасна змагацца супраць сваіх пляменьнікаў (сыны Даўспрунга), Гедзівіда і Таўцівіла[38]. Пры канцы 1240-х гадоў Міндоўг няўдала паспрабаваў падначаліць Курляндыю і Зэмгалію, па чым дапамог Данілу Галіцкаму ў змаганьні супраць сына чарнігаўскага князя[39]. Дыпляматычныя дачыненьні з Галіцка-Валынскай дзяржавай былі замацаваныя шлюбам Данілы з пляменьніцай Міндоўга[39]. Разам з тым, у 1249 годзе пад уплывам варожых да Міндоўга ягоных беспасярэдніх сваякоў (у прыватнасьці, полацкага князя Таўцівіла) і перасьцярогаў Данілы наконт узмацненьня Літвы складаецца варожая да дзяржавы кааліцыя Галіцка-Валынскага княства, Інфлянцкага ордэну і шэрагу літоўскіх і жамойцкіх пляменных князёў[40]. Пэўная палёгка ў замежнапалітычнай сытуацыі была атрыманая праз каталіцкіх хрост князя, а таксама атрыманьне нэўтралітэту пляменных князёў Літвы, хоць Даніла ажыцьцявіў дзьве выправы на Панямоньне ў пачатку 1250-х гадоў[37].

Каранацыя Міндоўга. Невядомы мастак, 1824 г.

Наступным крокам Міндоўга да збліжэньня з Заходняй Эўропай было прыняцьце каралеўскага тытулу. Літоўскія паслы прасілі ў Папы Рымскага Інацэнта IV дазвол на каранацыю свайго князя і сустрэлі з боку першасьвятара поўнае разуменьне[41]. 6 ліпеня 1253 году Міндоўг прыняў тытул караля ў рэзыдэнцыі ў Наваградку, які тады быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Наваградак як месца каранацыі Міндоўга падае Густынскі летапіс, а таксама гісторык Альбэрт Каяловіч, які мог абапірацца на страчаныя летапісныя крыніцы. На Наваградку як месцы каранацыі Міндава ўрэшце спыніўся і Мацей Стрыйкоўскі ў сваёй галоўнай працы «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі»[b].

« ...Гайндрыха, які, прыехаўшы да Наваградку Літоўскага з арцыбіскупам Рыскім і з крыжакамі прускімі і інфлянцкімі, Міндоўга альбо Мяндока на каралеўства Літоўскае паводле звыклых цырымоніяў царкоўных памазаў... »

Як адзначае Алесь Жлутка, спробы навукова абгрунтаваць альтэрнатыўнае месца каранацыі нельга прызнаць удалымі[42].

Будучы аслабленым змаганьнем з манголамі, Даніла Раманавіч мусіў пайсьці на мір зь Міндоўгам, які быў складзены ў 1254 годзе і паводле якога князь прызнаваўся кіраўніком Наваградчыны, але кіраўнком на правох васала прызнаваўся сын Данілы Раман. Мір змацоўваўся шлюбам міндоўгавай дачкі зь іншым сынам Данілы, Шварнам[43]. Але неўзабаве мір быў парушаны нападам на Галіцка-Валынскую дзяржаву манголаў: спазьніўшыся на падзел здабычы пераможаных манголаў, ліцьвіны і наваградзкія ваяводы пачалі рабаваць навакольлі Луцку. Зьвесткі пра гэтую падзею прыкметныя тым, што іншыя літоўскія князі Міндоўгам зьведзеныя ўжо да ўзроўню ваяводаў, у войску выступаюць і ўсходнеславянскія ваяводы (напрыклад, разанец Астафі Канстантынавіч)[44]. Па 1256 годзе больш энэргічны даводца манголаў Бурундай прымусіў брата Данілы Васільку, фармальнага васала манголаў, пайсьці на Панямоньне, па чым Раман, які знаходзіўся там, відаць, на правох фактычнага закладніка, быў скрадзены ліцьвінамі[45]. Карыстаючыся вайсковымі падзеямі, уладу ў Наваградку меркавана мог атрымаць сын Міндоўга Войшалк (у якасьці паплечніка маючы Таўцівіла). Сам Міндоўг, схаваўшыся ў лясной мясцовасьці, магчыма, здолеў адбіць напад манголаў. Спрабуючы знайсьці Рамана, Даніла ўварваўся ў Панямоньне і захапіў Ваўкавыск[46].

Сьмерць Міндоўга. Р. Штэйн і Г. Зэйфэр, каля 1900 г.

Міндоўг атрымаў ад Папы Рымскага каралеўскую карону. Афіцыйна княства рабілася каралеўствам, што стварала падставы для стабільнасьці ў зносінах з эўрапейскімі дзяржавамі. У 1255 годзе Папа Рымскі прызнаў міндоўгавага сына ягоным пераемнікам і дазволіў каранацыю, і гэта яшчэ больш умацавала пазыцыі Міндоўга ў каталіцкім сьвеце.

Міндоўг нядоўга трымаўся заходнеэўрапейскай арыентацыі. Ужо на пачатку 1260-х гадоў ён разарваў пагадненьне з Інфлянцкім ордэнам, а потым і з Папам ды пачаў адкрытую вайну супраць сваіх былых хаўрусьнікаў, карыстаючыся пасьпяховым паўстаньнем прусаў і ўдалай для іх бітвай на Дурбэ. У Жамойці ў якасьці намесьніка зьявіўся пляменьнік Міндоўга Транята. У 1261 годзе разам з Транятам, сынамі Аляксандра Неўскага, Таўцівілам і віцебскім князем Канстантынам Міндоўг паспрабаваў напасьці на Інфлянты, праз год разам з Шварнам напаў на Мазовію, помсьцячы ёй за ўдзел у ранейшых выправах крыжакоў на Літву[47].

У канцы жыцьця Міндоўг, паводле ўпамінаў Валынскага летапісу, карыстаўся неабмежаванай уладай у Вялікім Княстве Літоўскім[48], што выклікала супраць яго змову князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла і гальшанскага Даўмонта. У выніку, Міндоўга забілі разам з сынамі Рэпікам і Руклем[49]. Міндоўг быў забіты ў часы выправы на Бранск, якая зьдзяйсьнялася князем як сродак супраць збліжэньня палітычных супраціўнікаў Літоўскае дзяржавы, Валынскага і Чарнігаўскага княстваў. Галоўнымі змоўнікамі, відаць, сталі Транята і Таўцівіл, сярод іншых змоўнікаў упамінаюцца гальшанскія князі Гердзень, Даўмонт (які, меркавана, быў беспасярэднім забойцам і ў якога Міндоўг зьвёў жонку па сьмерці ўласнай), а таксама ваявода Астафі Канстантынавіч. Пагаршэньне дачыненьняў Міндоўга і Траняты вядомае паводле Рыфмаванае хронікі ўжо ў 1261 годзе, уласна ж забойства адбылося ў 1263 або 1264 годзе[50].

Маестатавая пячаць Міндоўга, фота 1907 г. і прарысоўка 1930 г.
Рэканструкцыя маестатавай пячаці (мастак Віталь Катовіч)

Агулам сучасныя дасьледнікі ведаюць дзесяць г. зв. «Дакумэнтаў Міндоўга», час стварэньня якіх датуецца 1253—1261 гадамі (толькі адзін фальсыфікат паходзіць з XIV ст.). Паводле зьместу названыя акты падзяляюцца на тры групы: 1-я — прывілей рыскім купцам (дак. № 1); 2-я — справа зямельных дараваньняў Інфлянцкаму ордэну (дак. № 2, 4—10) ; 3-я — надзяленьне зямлёй літоўскага біскупа Хрысьціяна (дак. № 3)[51]. Згодна з апошняй працай, прысьвечанай праблеме аўтэнтычнасьці дакумэнтаў, шэсьць зь іх вызначаюцца як сапраўдныя (№ 1—5, 8), а астатнія чатыры (№ 6, 7, 9, 10) як фальсыфікаты, выкананыя зацікаўленым бокам — Інфлянцкім ордэнам[52]. Гэтыя граматы, нягледзячы на іх характар, лічацца важнай крыніцай у выяўленьні складу літоўскай княскай дынастыі таго часу[53].

Пячаць з Пагоняй, якая лічыцца падробкай пачатку XX ст.

Сьпіс дакумэнтаў:

  1. Дазвол рыскім купцам на бязмытны гандаль у Літве (1253);
  2. Дараваньне Інфлянцкаму ордэну земляў у Жамойці (ліпень 1253);
  3. Дараваньне земляў літоўскаму біскупу Хрысьціяну (1254);
  4. Дараваньне Інфлянцкаму ордэну зямлі Сэлоніі (кастрычнік 1255);
  5. Ліст да Папы з просьбай зацьвердзіць дараваньне Сэлоніі (кастрычнік 1255);
  6. Паўторнае дараваньне Інфлянцкаму ордэну земляў у Жамойці (1257);
  7. Дараваньне ордэну ўсёй Жамойці (1257);
  8. Дараваньне ордэну Дайноўскай зямлі, Скаловіі і Жамойці (7 жніўня 1259);
  9. Дараваньне Літвы ордэну ў выпадку беспатомнай сьмерці Міндоўга (сярэдзіна чэрвеня 1260);
  10. Паўторнае дараваньне Сэлоніі з апісаньнем яе межаў (7 жніўня, 1261).

Галіцка-Валынскі (Іпацьеўскі) летапіс часта цытуе словы Міндоўга па-руску: «Миндогови же прiславшю слы своя река не чини има млсти» або «и река [Міндоўг] се сестра твоя мртва а поеди карить по своеи сестре… и нача еи молвити сестра твоя оумираючи велела мь тя пояти за ся…»[54]. Гісторык Мікалай Ліхачоў(be) адшукаў у Вялікім Ноўгарадзе пячаць з выявай крыжа і рускім надпісам «МЪNГДОВЬ», якая, з усяго відаць, належала Міндоўгу (у 1262 годзе гаспадар Літвы склаў хаўрус з Ноўгарадам)[55]. У 1262 годзе Папа даручаў кракаўскаму біскупу даслаць да Міндоўга каталіцкіх сьвятароў зь веданьнем славянскай мовы, у гэты ж час адзначаецца ўжываньне старабеларускай мовы дзеля дыпляматычнага ліставаньня: 28 сьнежня 1264 году на ёй склалі ўмову паміж князем Гердзенем (стрыечным братам Міндоўга) і Інфлянцкім ордэнам[56].

Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда зьвяртае ўвагу на тое, што ў шэрагу лістоў да гаспадара Літвы, да інфлянцкіх і прускіх біскупаў і да ўладаў Тэўтонскага ордэну ў 1251 годзе папа Інацэнт IV пісаў, што Міндоўг абвясьціў пра гатоўнасьць прыняць менавіта каталіцтва (а не хрысьціянства ўвогуле), пакінуўшы былыя «аблуды». Былая вера літоўскага гаспадара ў лістох нідзе не называецца, датычна яе папа ужывае розныя цьмяныя азначэньні — «абмылы», «аблуды» (erroris) і «цемра» (tenebris), у якой знаходзяцца «няверныя» (infidelium). А ліст да 26 ліпеня 1251 году удакладняе, што гэта цемра «вераадступніцтва», у якой «знаходзіцца велізарная лічба няверных», то бок падданых Міндоўга (Mindowe, rex Lithowie, olim cum grandiosa infidelium multitudine existens in perfidie tenebris…). У лісьце да 7 сакавіка 1255 году папа Аляксандар IV зноў адзначаў, што Міндоўг прыняў каталіцтва, пакінуўшы «вераадступніцтва» (…ad fidei katholice pervenisti titulum, relicta perfidia). Азначэньне «вераадступніцтва» (perfidia) беспасярэдняе паказвае на хрысьціянскую ерась (напрыклад, пад 1223 годам каталіцкія крыніцы азначаюць гэтым тэрмінам францускіх катараў: «perfidiae … haeretici Albigensis»). Ва ўсіх лістох датычна пераходу Міндоўга на каталіцтва нідзе няма сьцьверджаньняў, што літоўскі гаспадар прыняў «хрысьціянства», — усе яны кажуць, што Міндоўг прыняў «каталіцкую веру». Напрыклад, сам Міндоўг у сваіх лістох ня піша, што з каталіцкім хростам ён прыняў «хрысьціянскую веру», — а піша, што прыняў «каталіцкую веру» (…post suscepcionem fidei katholice). Папа рымскі таксама прызнаваў, што Міндоўг прыняў не «хрысьціянства», а «каталіцкую веру», пакінуўшы былое «вераадступніцтва» (…ad fidei katholice pervenisti titulum, relicta perfidia), — што таксама выяўляе гэтае «вераадступніцтва» як некаталіцкую адмену хрысьціянства. Сваю былую веру Міндоўг не называе «паганствам», а ўмоўна азначае яе як «цемра простанароднай веры» (tenebris gentium) або «аблуды нявер’я» (errores pristinum infidelitatis) — як і папская курыя. Інфлянцкі ляндмайстар Андрых Стырлянд у 1249 годзе дасылаў Міндоўгу ліст з патрабаваньнем прыняць «агульную хрысьціянскую веру». Такія азначэньні літоўскай веры ў каталіцкіх крыніцах, як «аблуды нявер’я» (errores infidelitatis) або «цемра вераадступніцтва» (perfidie tenebris), былі такімі ж тыповымі азначэньнямі хрысьціянскага ерэтычнага вучэньня, як і эпітэты курыі датычна праваслаўя: гэта відаць, напрыклад, зь ліста папы Аляксандра IV да Данілы Галіцкага з 1257 году, у якім папа пісаў, што Даніла раней быў адгорнуты «ад цемры нявер’я (de infidelitatis tenebris) да сьвятла каталіцкай веры і прыслуханьня рымскай царкве». Пазьнейшыя каталіцкія крыніцы кажуць, што Міндоўг «адступіўся ад веры і вярнуўся да былой аблуды» (apostarunt a fide et in huiusmodi errore persistunt (errores pristinos reassumpsit)). Як падсумоўвае Алёхна Дайліда, усе гэтыя зьвесткі кажуць пра тое, што Міндоўг ды іншыя ліцьвіны яшчэ да каталіцкага хросту 1252 году былі хрысьціянамі[57].

Паводле гісторыка Аляксандра Краўцэвіча, трывалым і даволі шкодным стэрэатыпам гістарычнага мысьленьня лічыцца этнічны імпэратыў у матывацыі дзейнасьці Міндоўга, калі ад пачатку прымаецца, што ён (і яго наступнікі) мелі мэтай стварыць дзяржаву абавязкова этнічна балтыйскую або этнічна славянскую[58]. Мноства гістарычных прыкладаў, а таксама лёгіка дзеяньняў Міндоўга (як і яго наступнікаў) паказвае, што ён ня быў адэптам дзяржаўнасьці абавязкова этнічна балтыйскай або ўсходнеславянскай. Міндоўг пашыраў свае ўладаньні і ўмацоўваў сваю ўладу для сябе самога і кроўных нашчадкаў, карыстаючыся зручным выпадкам і падручным матэрыялам[59].

З прычыны браку асабістых зьвестак пра Міндоўга існуе шэраг неразьвязаных пытаньняў датычна ягонай біяграфіі: невядомы дакладны час і месца нараджэньня, імя бацькі, дакладнае месца знаходжаньня ягонага родавага ўладаньня ў Літве, хроснае імя ў каталіцтве і г. д.

Курган Міндоўга ў Пінску

У 1955 годзе савецкія ўлады зьнішчылі Курган Міндоўга ў Пінску[60].

Гара Міндоўга ў Наваградку

На ўезьдзе ў Наваградак знаходзіцца Гара Міндоўга (вуліца Менская, гістарычная Траецкая), якую яшчэ ў XVII ст. апісвалі як месца пахаваньня першага вялікага князя і адзінага караля Літвы. У 1993 годзе з нагоды 740-годзьдзя каранацыі Міндоўга ля падножжа гары паставілі памятны знак (скульптар У. Лятун). У 2014 годзе ля гары паставілі мэталічную скульптуру Міндоўга вышынёй каля 2,5 м.

У 2008 годзе афіцыйныя ўлады Наваградку выказалі намер паставіць у гістарычным цэнтры места конны помнік Міндоўгу. Над праектам коннай статуі працуе менскі скульптар Генадзь Буралкін. Ён прапануе адліць з бронзы Міндоўга зь мячом на кані і паставіць гэтую кампазыцыю на каменны пастамэнт. Ад гэтага часу ідзе збор грошай на ўсталяваньне помніка[61]. На 23 траўня 2019 году было сабрана 14 тысячаў рублёў, зь якіх 10 заплацілі Сяргею Бандарэнку за накід помніка. Сама мадэль помніка каштуе 26 тысячаў рублёў[62].

З 1991 году з нагоды каранацыі Міндоўга 6 ліпеня ў Летуве адзначаецца Дзень дзяржавы. У 2003 годзе ў гэты дзень у Вільні адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка каралю Міндоўгу каля галоўнага будынка Нацыянальнага музэю Летувы і новага моста над Вяльлёй — моста імя караля Міндоўга. Таго ж году ў Летуве выдалі паштовыя маркі з выявай Міндоўга і яго кароны, а таксама юбілейны мэдаль «750-годзьдзе каранацыі караля літоўскага Міндоўга» (мастакі Ю. Калінаўскас, Л. Калінаўскайце). Яшчэ адзін юбілейны мэдаль з выявай Міндоўга выдалі ў гонар 1000-годзьдзя назвы Літва. Банк Летувы мае манэты «Міндоўг — кароль літоўскі» (у сэрыі «Валадары Літвы», 50 літаў, срэбра, дызайн А. Закаўскас, 1996) і «Каранацыя Міндоўга» (200 літаў, золата, срэба, дызайн П. Рэпсіс, 2003).

У Вільні ёсьць вуліца Міндоўга, у Коўне — праспэкт Міндоўга.

Графічныя партрэты

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Папярэднік
Вялікі князь літоўскі
1245—1263
Наступнік
Транята
  1. ^ У Ноўгарадзе бытавала імя Рэпех[27]
  2. ^ У раньніх паэмах «Ганец цноты» і «Аб пачатках, паходжаньні, дзейнасьці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага...» ён называў месцам каранацыі Кернаў на Віленшчыне
  1. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 18 ліпеня 2013. — № 131 (27496). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в Deutsche Nationalbibliothek Record #12143446X // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  3. ^ Шаланда А. Паходжанне і лёс роду Міндоўга = The Origin and the destiny of Mindoŭh gens // Герольд Litherland. № 1—2 (9—10). — Горадня, 2003. — С. 3—9. [1]
  4. ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 34.
  5. ^ Mindoŭh // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 155.
  6. ^ а б Насевіч В. Міндоўг // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 312
  7. ^ Краўцэвіч 1998. С. 184.
  8. ^ Краўцэвіч 1998. С. 40.
  9. ^ а б Насевіч 1993. С. 28.
  10. ^ Краўцэвіч 1998. С. 175.
  11. ^ Краўцэвіч 1998. С. 177.
  12. ^ Dräger K. Deutscher Familiennamenatlas. Bd. 6. — Berlin; Boston, 2017. S. 397.
  13. ^ Kleemann S. Die Familiennamen Quedlinburgs und der Umgegend. — Quedlinburg, 1891. S. 66.
  14. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  15. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 169.
  16. ^ Gamillscheg E. Romania Germanica. Bd. 3: Die Burgunder, Schlußwort. — Berlin und Leipzig, 1936. S. 112.
  17. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  18. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 24.
  19. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 173.
  20. ^ Бразгуноў А. Генезіс імёнаў вялікіх князёў літоўскіх // Беларуская анамастыка. Гісторыя і сучаснасць: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Менск, 20 красавіка 2010 г.) / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы; рэдкал.: І. Капылоў і інш.]. — Менск: Права і эканоміка, 2010. С. 209—213.
  21. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 165.
  22. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 30.
  23. ^ Nielsen O. Olddanske personnavne. — Kjøbenhavn, 1883. S. 17.
  24. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 100.
  25. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 101.
  26. ^ Насевіч 1993. С. 31.
  27. ^ Зализняк А. А. Древненовгородский диалект. 2-е изд. — М., 2004. С. 791.
  28. ^ Насевіч 1993. С. 19.
  29. ^ Краўцэвіч 1998. С. 190.
  30. ^ Насевіч 1993. С. 28-29.
  31. ^ Насевіч 1993. С. 31, 36.
  32. ^ Пичета В. И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии / Нар. комиссариат земледелия БССР. — Мн.: Изд. Наркомзема, 1927. — С. 46. — 179 с.
  33. ^ Краўцэвіч 1998. С. 192.
  34. ^ Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 4. Wilno, 1838.
  35. ^ Насевіч 1993. С. 36.
  36. ^ Краўцэвіч 1998. С. 206.
  37. ^ а б Насевіч 1993. С. 41.
  38. ^ Насевіч 1993. С. 37.
  39. ^ а б Насевіч 1993. С. 38.
  40. ^ Насевіч 1993. С. 40.
  41. ^ Краўцэвіч 1998. С. 201.
  42. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 108.
  43. ^ Насевіч 1993. С. 43.
  44. ^ Насевіч 1993. С. 44.
  45. ^ Насевіч 1993. С. 46.
  46. ^ Насевіч 1993. С. 47.
  47. ^ Насевіч 1993. С. 49.
  48. ^ Насевіч 1993. С. 50.
  49. ^ Насевіч В. Міндоўг // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 313.
  50. ^ Насевіч 1993. С. 51.
  51. ^ Краўцэвіч 1998. С. 26—27.
  52. ^ Maleczyński K. W sprawie autentyczności dokumentów Mendoga z lat 1253—1261 // Ateneum Wileńskie. R. 11. — Wilno, 1936. S. 1—60.
  53. ^ Насевіч 1993. С. 45.
  54. ^ Шаланда А. Паходжанне і лёс роду Міндоўга = The Origin and the destiny of Mindoŭh gens // Герольд Litherland. № 1—2 (9—10). — Горадня, 2003. С. 3—4.
  55. ^ Шаланда А. Паходжанне і лёс роду Міндоўга = The Origin and the destiny of Mindoŭh gens // Герольд Litherland. № 1—2 (9—10). — Горадня, 2003. С. 4.
  56. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 61.
  57. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 38.
  58. ^ Краўцэвіч 1998. С. 163—164.
  59. ^ Краўцэвіч 1998. С. 43.
  60. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 37.
  61. ^ Дзядзюля А. Далучайся да рэстаўрацыі Наваградскага замка!(недаступная спасылка) // Звязда. № 74, 17 красавіка 2010 г.
  62. ^ У Наваградку зьявіцца помнік вялікаму князю Міндоўгу  (бел.) // Беларуская служба Польскага радыё. — 07.06.2019.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]